Труд работников столовой Дубровенского льнозавода отмечен Благодарностью профсоюзов АПК

Заўжды, а асабліва ў Год якасці, ў тэхналагічным ланцугу сельскагаспадарчых работ дробязей не бывае. Таму пад пільнай увагай райкама прафсаюза работнікаў АПК не толькі бяспечныя ўмовы працы, добрасумленнасць і якасць працы трактарыстаў-машыністаў, якія зараз удзельнічаюць у корманарыхтоўчай кампаніі і жніве: прафсаюзы асэнсоўваюць і працу тых, хто дапамагае працаўнікам палёў мець дастаткова сіл, каб выконваць пачэсны абавязак хлебароба.

Працаўнікі сталовай Дубровенскага льнозавода лічаць, што ад якасці іх работы  залежыць якасць работы тых, хто працуе на льняных палетках.

Повар Таццяна Камарова і памочнік повара Тамара Крукоўская проацуюць разам ужо чацвёрты сезон. За гэты час яны ужо добра вывучылі густ і патрабаванні працаўнікоў прадпрыемства.

— Нашы хлопцы шмат працуюць, таму мы імкнемся гатаваць добрую смачную ежу. Кожны дзень прапаноўваем катлеты, або гуляш ці адбіўныя. Улічваем і надвор’е, калі спякотна, гатуем халаднік, напоі, — паведаміла Таццяна Камарова.

 Каб паспець прыгатаваць ежу на паўтары сотні чалавек, жанчыны пачынаюць працаваць а сёмай гадзіне раніцы. І ўжо ў 10.30 машына адпраўляецца з гарачымі абедамі па раёне. Другое снеданне — ў 14.30. А калі працоўны дзень на палях зацягваецца, то і падвячоркі выдаюцца.

— У гэтым годзе мы набылі індывідуальныя тэрмасы, якія дазваляюць ў самыя аддаленыя куткі давезці ежу ў добрым стане. Увогуле, дзякуючы хлопатам кіраўніцтва льнозавода, абсталяванне кухні аднавілі: набылі добры кацёл, прафесійную скавараду, халадзільнік. Мы маем дастаткова кантэйнераў і тэрмасаў для  забеспячэння гарачымі абедамі нашых працаўнікоў. За якасць нашай працы мы адказваем ў поўнай меры, — падкрэсліла Таццяна Камарова.

 Такое стаўленне да работы не магло застацца без увагі праф­актыву. І вось днямі старшыня райкама прафсаюза работнікаў АПК Аляксандр Малянкоў уручыў работнікам сталовай ААТ «Дубровенскі льнозавод» Падзяку за добрасумленнае і якаснае выкананне службовых абавязкаў.

Алена КАРСАКОВА.