Дубровенский район посетила белорусско-российская экспедиция

На гэтым тыдні ўдзельнікі сумеснай міжнароднай беларуска-расійскай экспедыцыі працавалі ў Дубровенскім раёне. Для арганізатараў — Інстытута мовазнаўства імя Якуба Коласа Цэнтра даследавання беларускай культуры, мовы і літаратуры НАН і Інстытута лінгвістычных даследаванняў РАН  — гэта шанц захаваць, прымножыць і папулярызаваць традыцыі нашых продкаў.

— Усё вельмі хутка мяняецца, у тым ліку і наша мова, — адзначыў дырэктар Інстытута мовазнаўства ім.Я.Ко­ласа Ігар Капылоў. — Але менавіта ў нашай беларускай гаворцы захоўваецца ўвесь дух, менталітэт, псіхалогія і культура народа. Таму людзі, якія жывуць ужо не адзін дзясятак гадоў на нашай зямлі, з’яўляюцца непамернай скарбонкай памяці і інфармацыі.

У ходзе палявых даследаванняў вучоныя сабралі ўнікальны беларускамоўны матэрыял, а таксама іншую каштоўную лінгвістычную, сацыялінгвістычную і этнакультурную інфармацыю.

— Літаратурная беларуская мова — гэта толькі «вяршкі», неабходны элемент для народа на пісьмовым узроўне, — лічыць загадчык аддзела дыялекталогіі і лінгвагеаграфіі Інстытута мовазнаўства ім.Я.Коласа кандыдат філалагічных навук Вераніка Курцова. — Гаворка жа сведчыць аб тым, як перадаваліся традыцыі з пакалення ў пакаленне. Нягледзячы на тое, што мы жывём у новым стагоддзі, яны захаваліся. Таму чым больш мы запішам зараз, тым лепей для нашай гістарычнай памяці, у тым ліку для захавання нас як асаблівага беларускага этнасу.

Мы заспелі ўдзельнікаў экспедыцыі за працай у аг.Ляды. Яны размаўлялі са старажылам вескі Вольгай Свірыдаўнай Фраловай. Апытанне даследчыкі вялі скрупулёзна, задавалі пытанні па розных напрамках: ад вясельных абрадаў да пахавання, ад застолляў да варожб:

— Боты, нататнік з ручкай як галоўныя прылады збіральнікаў мясцовых узораў мовы — у мінулым, — кажа Вераніка Мікалаеўна. — Цяпер неабходныя веданне фальклору і дыялекту рэгіёну, дыктафон, навыкі вопытнага суразмоўцы і ўменне аператыўна аналізаваць інфармацыю. Хаця і боты не перашкодзяць.

Зробленыя падчас экспедыцыі аўдыёзапісы, якія з’яўляюцца не толькі каштоўным лінгвістычным матэрыялам для даследчыкаў, але і жывымі гукавымі «сведкамі» цяперашняга стану беларускіх гаворак, будуць уключаны ў склад хрэстаматыі і гукавога дыялект­нага фонду беларускай мовы.

Навукоўцы адзначылі, што 1970-я гады, калі сабралі матэрыял, які стаў падмуркам для дыякталагічнага і лексічнага атласаў беларускай мовы, ужо даўно мінулі. А ім хацелася каб зараз, на пачатку ХХI стагоддзя, былі новыя запісы, новыя матэрыялы, каб кожны мог прасачыць дынаміку, і змены, што рэальна адбыліся ў звычайным маўленні.

— Выказваю вялікую падзяку дэпутату Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь Уладзіміру Бабічаву і загадчыку сектара культуры Дубровенскага райвыканкама Алене Якавенка, — падкрэсліў Ігар Капылоў. — Дубровеншчына адразу адгукнулася на наш запыт аб дапамозе. А значыць, тут шануюць, захоўваюць і памнажаюць традыцыі нашых продкаў.

Таццяна БАЗЫЛЕВА