В дубровенской семье Федoрцовых тяга к технике и изобретениям передается по наследству

Дубровно, семья Федорцовых, механизатор, техника, водитель, шофер, Еремеевщина, ветврач

Вось дык героі!

Напісаць у раённай газеце пра вялікую і дружную сям’ю ФЕДАРЦОВЫХ з аграгарадка Ерамееўшчына рэдакцыі параіла старшыня раённага Савета дэпутатаў Алена Віктараўна Ціханава, якая даўно жыве ў Ерамееўшчыне і добра ведае Федарцовых.

Іван Мікітавіч і Вера Нікіфараўна Федарцовы ўжо на пенсіі. У свой час яны былі добрымі працаўнікамі. Неаднойчы за старанную працу адзначаліся на раённым, абласным і, нават, рэспубліканскім узроўні. Вера Нікіфараўна мае ўрадавую ўзнагароду, двойчы яе выбіралі дэпутатам у раённы Савет дэпутатаў. Не менш важна і тое, што яны выхавалі трох сыноў такімі ж працавітымі, як самі, якія жывуць і працуюць на Дубровеншчыне і паспяхова працягваюць справу бацькоў. Падрастае і, відавочна, будзе такім жа працавітым, трэцяе пакаленне Федарцовых — унукі Івана Мікітавіча і Веры Нікіфараўны. Два старэйшых з іх ужо студэнты Белдзяржсельгасакадэміі, будучыя інжынеры сельгасвытворчасці. Сыны і ўнукі надзейныя памочнікі Івана Мікітавіча і Веры Нікіфараўны, — такую кароткую характарыстыку Федарцовым дала Алена Віктараўна Ціханава.

Наша гутарка з Іванам Мікітавічам і Верай Нікіфараўнай працягвалася больш за тры гадзіны. За гэты час яны расказалі аб сваім жыцці, якое часам было нялёгкім, аб дзецях і ўнуках, якіх бязмежна любяць і якімі ганарацца, аб тым, як прывівалі ім любоў да працы, паказалі свае ўзнагароды, заслужаныя шчырай нястомнай працай, сямейныя альбомы.

Дзяцінства, апаленае вайной

На маё пытанне аб месцы нараджэння Іван Мікітавіч з горкай усмешкай адказаў:

—Нарадзіўся я 18 студзеня 1944 года ў халодным вагоне поезда, у якім немцы вязлі беларусаў на катаргу ў фашысцкую Германію. Сярод нявольнікаў была і наша сям’я: бацька, маці, сястра і два браты. Спачатку нас размясцілі ў канцлагеры, а потым адправілі ў рабства да бауэра.

—Можаце ўявіць, у якіх цяжкіх умовах з’явіўся на свет і пражыў першыя паўтара года жыцця мой Іван, пакуль іх сям’я вярнулася з няволі на радзіму ў вёску Ерамееўшчына, — гаворыць Вера Нікіфараўна. — Яго маці Дар’я Ягораўна расказвала: каб спавіць нованароджанага, бацька вымушаны быў парваць на пялёнкі ўласную кашулю. А ў халодным бараку канцлагера Іванавы пялёнкі бацька і маці сушылі абгарнуўшы іх вакол свайго цела…

—Аднойчы, калі мы ўжо былі ў няволі ў бауэра, за курыцу, якую ўкралі палякі, нас немцы ледзь не расстралялі, — гаворыць Іван Мікітавіч. — Ад растрэлу сям’ю, можна сказаць, уратаваў я. Маці са мной на руках падбегла да немца з аўтаматам і са слязамі на вачах пачала маліць яго аб літасці, паказваючы на мяне, яна гаварыла: “Kinder, kinder”…. І гэта, відавочна, разрадзіла крытычную сітуацыю. Немец вылаяўся, моцна ўдарыў бацьку ботам і пайшоў…

Дома…

Вярнуўшыся на радзіму ў Ерамееўшчыну пасля заканчэння вайны, сям’я Федарцовых, як і большасць іншых іх аднавяскоўцаў, тры гады, пакуль будавалі хату, вымушана была жыць у зямлянцы. Словам, дзяцінства Івана Федарцова было нялёгкім.

Тым не менш, нягледзячы на экстрэмальныя ўмовы жыцця ў фашысцкай няволі, а потым у зямлянцы пасля вяртання на радзіму, Іван Федарцоў вырас здаровым хлопцам.

У 1962 годзе Іван Федарцоў паспяхова скончыў сярэднюю школу № 1 г.Дуброўна і паступіў у Туманаўскае прафтэхвучылішча Смаленскай вобласці, дзе праз год атрымаў пасведчанне ветэрынара. На працягу года працаваў ветфельчарам калгаса імя Свярдлова Аршанскага раёна.

А ў верасні 1964 года, паспя паспяховай здачы ўступных экзаменаў, Іван Федарцоў быў залічаны студэнтам ветэрынарнага факультэта Віцебскага ветінстытута. Але пасля 2 месяцаў вучобы яго прызвалі ў армію.

Працягваць вучобу ў ветінстытуце змог толькі праз чатыры гады.

Але затое ў 1968 годзе Іван ажаніўся. Спадарожніцай яго далейшага жыццёвага шляху стала дзяўчына Вера з суседняй вёскі Карабанавічы, з якой ён пазнаёміўся яшчэ да службы ў арміі. Тры гады, пакуль Іван спасцігаў ваенную навуку, Вера пісала яму пяшчотныя пісьмы, з нецярпеннем чакала вяртання свайго любага са службы.

Самааданая праца

У 1974 годзе Іван Федарцоў паспяхова скончыў ветінстытут, атрымаў дыплом вучонага заатэхніка. У час завочнай вучобы ў інстытуце працаваў на ерамееўскім ветучастку, а таксама на малочнатаварным комплексе калгаса “Шлях да камунізму” (цяпер ААТ “Прыдубровенскае”).

У пачатку 1975 года Івана Мікітавіча Федарцова загадам начальніка ўпраўлення сельскай гаспадаркі райвыканкама прызначылі на пасаду ветурача-гінеколага раённага міжгаспадарчага аб’яднання па штучнаму асемяненню сельгасжывёлы, якое ў той год было створана на базе калгаса “Звязда”. Высокую ацэнку яго работы дала дырэктар райплемстанцыі Марыя Вацлаваўна Івашкевіч, якая працавала побач з Іванам Мікітавічам Федарцовым больш за чвэрць стагоддзя.

—Іван Мікітавіч Федарцоў на працягу многіх гадоў па праву лічыўся адным з лепшых спецыялістаў па штучнаму асемяненню жывёлы ў раёне, — расказвае Марыя Івашкевіч. —Яго адносіны да работы служылі прыкладам для іншых работнікаў нашай арганізацыі. Шмат разоў Іван Мікітавіч станавіўся пераможцам раённага конкурсу ветурачоў-гінеколагаў, некалькі разоў — прызёрам абласнога конкурса, а ў 1998 годзе стаў пераможцам рэспубліканскага конкурса.

На пенсію Іван Мікітавіч Федарцоў па ўзросту і стану здароўя пайшоў у 2007 годзе, адпрацаваўшы ветурачом-гінеколагам 32 гады. Адзначым, што ніхто са спеціялістаў па штучнаму асемяненню жывёлы раёна не адпрацаваў па гэтай спецыяльнасці столькі часу і не мае такіх заахвочванняў за сваю працу.

Спакой сям’і – заслуга жонкі

Добры след у вытворчым і грамадскім жыцці калгаса “Шлях да камунізму” (цяпер ААТ “Прыдубровенскае”) пакінула жонка Івана Мікітавіча Вера Нікіфараўна. З 1975 па 2002 год, або больш як чвэрць стагоддзя, яна плённа працавала аператарам машыннага даення на цэнтральнай ферме гаспадаркі ў вёсцы Ерамееўшчына. І практычна ўвесь гэты час была ў ліку лепшых жывёлаводаў гаспадаркі і раёна.

Варта адзначыць, што Вера Нікіфараўна не толькі плённа працавала на ферме, была добрай гаспадыняй дома і клапатлівай маці трох сыноў, але і прымала актыўны ўдзел у грамадскім жыцці калгаса і раёна. Адзінаццаць гадоў яна была членам праўлення калгаса. Два тэрміны (а гэта дзесяць гадоў) яна з’яўлялася дэпутатам раённага Савета дэпутатаў. Была ўдастоена высокай дзяржаўнай узнагароды — ордэна “Знак пашаны”. Ёй прысвоена ганаровае званне “Заслужаны калгаснік”.

—Я з малых гадоў прывучала сыноў да пасільнай ім работы, — гаворыць Вера Нікіфараўна. — У кожнага з іх былі свае канкрэтныя абавязкі па догляду хатняй гаспадаркі, па навядзенню парадку ў доме і на агародзе. Мае дзеці ў школьным узросце без праблем маглі падаіць кароў, а іх на нашым падвор’і было тры, накарміць свіней, курэй, хадзіць за плугам, касіць, выконваць іншую сялянскую работу. Менавіта актыўная дапамога дзяцей дазваляла нам, бацькам, з поўнай аддачай працаваць на вытворчасці, прымаць удзел у грамадскім жыцці.

З другога боку, дзеці з маленства пазналі кошт хлеба і выраслі працавітымі людзьмі, за якіх нам, бацькам, сёння не сорамна.

Шчасце і гонар – дзеці

Усе трое сыноў Івана Мікітавіча і Веры Нікіфараўны працуюць на прадпрыемствах Дубровеншчыны, старэйшы Алег і малодшы Аляксандр жывуць, як і бацькі, у аграгарадку Ерамееўшчына, прычым дом Аляксандра размешчаны насупраць іх радавога гнязда.

Алег скончыў Дубровенскае прафтэхвучылішча, набыў прафесію трактарыста-машыніста шырокага профілю, шмат гадоў плённа адпрацаваў у родным калгасе, як і бацькі, быў перадавіком вытворчасці, членам праўлення калгаса. У апошнія гады працуе ў ДРБУ-108 на трактарным пагрузчыку і з’яўляецца адным з лепшых працаўнікоў арганізацыі дарожнікаў.

—Алега з дзяцінства вельмі цягнула да тэхнікі, — апавядае Вера Нікіфараўна. —І калі Алег пачаў працаваць механізатарам, яго цяга да тэхнікі не зменшылася. Ён з дэталяў і агрэгатаў розных сельгасмашын сам сабраў міні-трактар, на якім не адзін год мы апрацоўвалі агароды…

Такія ж, вобразна кажучы, па вушы ўлюблёныя ў тэхніку і сыны Алега — Аляксандр, які вучыцца на другім курсе мехфака Беларускай сельгасакадэміі і Аляксей — студэнт першага курса гэтага ж факультэта. Яны — надзейныя памочнікі бацьку. Сёлета і ў мінулыя гады, калі ў жніво Алег Іванавіч садзіўся за руль збожжаўборачнага камбайна, каб дапамагчы ўбраць ураджай у ААТ “Прыдубровенскае”, яго памочнікамі на камбайне былі сыны Аляксандр і Аляксей.

Такая незвычайная цяга да тэхнікі, відавочна, перадалася з генамі ад дзеда — бацькі Івана Мікітавіча — Мікіты Анісімавіча, які працаваў кавалём у калгасе.

—Усю тэхніку, якую пасля вайны меў калгас, абслугоўваў, рэгуляваў і пры неабходнасці рамантаваў мой бацька, — гаворыць Іван Мікітавіч. — Ён быў майстрам на ўсе рукі. Напрыклад, пасля вайны з падручных матэрыялаў ён зрабіў для мяне веласіпед.

Таки талент перадащся ад дзеда Мікіты і сярэдняму сыну Федарцовых Сяргею. Ён скончыў Аршанскае прафтэхвучылішча, набыў спецыяльнасць слесара па рамонту халадзільнага абсталявання і шмат гадоў плённа працуе слесарам па абслугоўванню тэхналагічнага абсталявання на Дубровенскім участку ААТ “Аршанскі малочны камбінат” і жыве ў аграгарадку Станіславова.

Малодшы сын Аляксандр пайшоў па слядах бацькі. Спачатку скончыў Лужаснянскі сельгастэхнікум, атрымаў дыплом ветфельчара, а цяпер вучыцца на чацвёртым курсе ветфака Віцебскай дзяржаўнай акадэміі ветэрынарнай медыцыны. З 2000 года працуе галоўным ветурачом ААТ “Прыдубровенскае”.

Старасць у радасць

Сыны, нявесткі і ўнукі з’яўляюцца надзейнымі памочнікамі Івана Мікітавіча і Веры Нікіфараўны. У апошнія гады здароўе бацькоў пахіснулася. Іван Мікітавіч і Вера Нікіфараўна перанеслі па дзве аперацыі. Іх сёння радуе тое, што ў цяжкія для іх дні дзеці былі побач і ўсім, чым маглі, дапамагалі і цяпер дапамагаюць бацькам.

Нельга не сказаць і пра тое, што калі цяжка захварэў Іван Мікітавіч, не засталося ў баку і аказвала ўсялякую дапамогу кіраўніцтва арганізацыі, дзе ён адпрацаваў звыш трох дзесяткаў гадоў.

Нездарма Іван Мікітавіч і Вера Нікіфараўна з аптымізмам глядзяць у будучае, іх не хвалюе, што, калі састарацца і стануць нямоглымі, ім не будзе каму дапамагчы. Яны ўпэўнены, што іх дзеці будуць заўсёды побач.

— Словам, на жыццё не скардзімся. А галоўнае, наша шчасце — гэта дзеці і ўнукі, за якіх нам не сорамна перад людзьмі, — гаворыць Вера Нікіфараўна.

Да сказанага Верай Нікіфараўнай трэба дадаць, што кавалямі іх сямейнага шчасця яны з’яўляюцца самі. І ў аснове яго хоць і нялёгкая, але чэсная, добрасумленная праца.

Андрэй КВІР

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *