В Дубровенском районе планируют перейти от проводных радио и телефона к глобальной сети интернета
7 мая — Дзень работнікаў радыё, тэлебачання і сувязі. У нашым раёне гэта прафесійнае свята адзначаюць работнікі раённага вузла электрасувязі. Пра штодзённыя клопаты і справы гэтага калектыву нашаму карэспандэнту расказвае яго кіраўнік Сяргей Аляксеевіч АРБУЗАЎ.
СА—Наш калектыў невялікі — толькі 45 чалавек, — гаворыць Сяргей Арбузаў. — Асноўная дзейнасць накіравана на аказанне паслуг па электрасувязі. Прычым, з кожным годам гэты спектр значна пашыраецца. Яшчэ не так даўно мы займаліся забеспячэннем бесперабойнай работы ў раёне правадных тэлефоннай сувязі і радыёвяшчання, а з 2008 года наш калектыў пачаў аказваць новыя паслугі: цяпер многія абаненты маюць доступ да шырокапалоснага інтэрнэта гандлёвай маркі BYFLY і тэлебачання ZALA.
На сённяшні дзень паслугамі інтэрнэта ў нашым раёне карыстаюцца 948 абанентаў і 1779 абанентаў маюць магчымасць глядзець перадачы шматпраграмнага тэлевяшчання ZALA. Новымі паслугамі электрасувязі сёння могуць карыстацца жыхары многіх сельскіх населеных пунктаў.
Асабліва актыўную работу па прадстаўленню на сяле паслуг інтэрнэта і шматпраграмнага тэлебачання наш калектыў праводзіў у мінулым годзе. На сённяшні дзень 42 працэнты абанентаў тэлефоннай сеткі карыстаюцца паслугамі інтэрнэта і тэлебачання. Цяпер тэлефон можна ўстанавіць у любым населеным пункце раёна практычна ў дзень падачы заявы. Як правіла, у аддаленых населеных пунктах, дзе няма кабельных ліній, мы ўстанаўліваем бесправадныя тэлефоны па тэхналогіях GSM ці CДMA. На сённяшні дзень у нашым раёне такіх СДМА абанентаў каля 400. Бесправадныя тэлефоны можна ўстанаўліваць дома, браць іх з сабой у машыну. Тэлефон і спецыяльную прыстаўку да яго можна набыць у нашым вузле электрасувязі. Праваднымі тэлефонамі сёння карыстаюцца 6563 абаненты. Кожны з іх пры жаданні можа падключыцца да інтэрнэта і шматпраграмнага тэлебачання.
АК—Ці вялікая чарга сёння для ўстаноўкі праваднога тэлефона?
СА—Такой чаргі амаль не існуе. Сучасныя тэхналогіі дазваля- юць без абмежавання падключаць любую колькасць абанентаў. Гэта стала магчымым дзякуючы таму, што ў апошнія гады ў нашым раёне праводзіцца вялікая работа па рэканструкцыі існуючай тэлефоннай сеткі: старыя тэлефонныя лініі мяняем на валаконна-аптычныя, якія і дазваляюць аказваць самы шырокі спектр паслуг у любым населеным пункце, дзе яны пракладзены. Акрамя таго, яны забяспечваюць надзейную сувязь, не «баяцца» маланкавых разрадаў.
У плане на гэты год прадугледжана пракласці валаконна-аптычныя лініі ад горада Дуброўна да аграгарадкоў Станіславова, Сіпішчава, Дабрынь. Пасля заканчэння гэтых работ у жыхароў вышэйназваных аграгарадкоў з’явіцца магчымасць падключыцца да інтэрнэта па тэхналогii убунту і шматпраграмнага тэлебачання.
АК—Які далейшы лёс праваднога радыё?
СА—З кожным годам гэты від паслуг сувязі скарачаецца. На сённяшні дзень у раёне маецца 3900 радыёкропак. Жыхары толькі 47 сельскіх населеных пунктаў маюць магчымасць слухаць правадное радыё. Згодна з праграмай развіцця электрасувязі на 2011-2015 гады, прадугледжана поўнае спыненне праваднога радыёвяшчання. На змену правадному радыё прыходзіць радыё УКВ. Пры жаданні любы жыхар раёна, маючы УКВ-радыёпрыёмнік, можа слухаць любыя радыёперадачы, у тым ліку і раённае радыё.
АК—Напярэдадні прафесійнага свята ў кожным калектыве падводзяць вынікі работы, адзначаюць лепшых працаўнікоў. Каго вы можаце далучыць да гэтага спісу?
СА—Перш за ўсё хачу адзначыць бездакорныя адносіны да выканання сваіх прафесійных абавязкаў электраманцёра Міхаіла Ільіча Бразгунова, яго партрэт мы прадставілі для занясення на абласную Дошку Пашаны, а так сама аператара сувязі Людмілы Віктараўны Міронавай — яе партрэт занесены на раённую Дошку Пашаны.
На ўрачыстым пасяджэнні калектыву, прысвечаным прафесійнаму святу, будуць адзначаны за добрасумленную працу электрамеханік Сяргей Іванавіч Новікаў, электраманцёр Аляксандр Барысавіч Мажылоўскі, кабельшчык-спайшчык Уладзімір Міхайлавіч Сарокін, дыспетчар Людміла Мікалаеўна Гудына, вадзіцель Мікалай Сяргеевіч Альхоўскі, вядучы бухгалтар Алена Віктараўна Ладысева, вартаўнік Валянціна Сяргееўна Лабачова.
Віншую ўсіх членаў нашага невялікага калектыву і ветэранаў з прафесійным святам! Жадаю ўсім моцнага здароўя, шчасця, сямейнага дабрабыту, далейшых працоўных поспехаў.
Андрэй КВІР