Дубровенскія земляробы лічаць: што поле ўродзіць, жнівень знаходзіць

Дубровно, урожай, боброво-агро

Ужо неаднаразова адзначалася, што для гэтага года характэрна адначасовае выспяванне розных культур. Гэта ў сваю чаргу ўплывае на інтэнсіфікацыю працы ўсіх звёнаў уборачнага ланцуга.
Вось і аграном ААТ «Баброва-Агра» Міхаіл Кураедаў адзначае, што на палях гаспадаркі гатовыя да ўборцы пшаніца яравая і азімая, авёс, але ўсе сілы зараз накіраваны на ўборку пасеваў гароху.
—Гэта пасевы гароху з аўсом для корму жывёлы. Каб не дапусціць страт, вырашана было перакінуць зараз тэхніку на ўборку ўчастка ў 40 га. Усяго пад гэтымі культурамі ў нас 200 га. Спадзяемся на добры ўраджай, каб і жывёлам сельгас-прадпрыемствы хапіла, і на продаж.
У цэлым да ўраджаю 2021 года вопытны аграном ставіцца крытычна: і надвор’е падвяло, і па ўнясенні ўгнаенняў не дапрацавалі ў мінулым годзе, канстатуе ён. Затое да ўраджаю 2022 года пачалі рыхтавацца ўжо зараз: закуплена 60 тон калію, КАСу, закладзена ўласнае насенне.
У гэтыя гарачыя дні працоўны дзень у аграрыяў пачынаецца а сёмай гадзіне і заканчваецца пасля 22. Міхаіл Кураедаў адзначае, што працуюць усе добра: і камбайнёры, і кіроўцы.
А нядаўна на прадпрыемстве адбылося ўрачыстае ўзнагароджанне маладога камбайнёра Юрыя Кураедава, які першым у гаспадарцы намалаціў 1000 тон збожжа.
З працоўным дасягненнем маладога ўдзельніка жніва павіншаваў намеснік генеральнага дырэктара ААТ «Аршанскі мясакансервавы камбінат» (па кіраванні ААТ «Баброва-Агра») Ігар Цімошчанка, спецыяліст па ідэалагічнай працы, старшыня прафсаюзнай арганізацыі Ірына Хлус (на здымку).
Алена КАРСАКОВА.