“Дарога да святыняў” пройдзе праз Дуброўна
Юбілейны XXX Дзень беларускага пісьменства адбудзецца на Віцебшчыне ў г.Гарадок. За гады праграма гэтай культурнай падзеі набыла свае традыцыі і багаты змест. Дзень беларускага пісьменства нельга ўявіць без аднаго з галоўных яго складальнікаў — Міжнароднай навукова-асветніцкай экспедыцыі «Дарога да святыняў» з Жыватворным Агнём ад Гроба Гасподняга. Яна пачынаецца напярэдадні святкавання Дня беларускага пісьменства и крочыць па вялікіх і малых гарадах нашай краіны.
У 2023 годзе экспедыцыя з трыццацю ўдзельнікамі адправіцца 30 жніўня па маршруце: Мінск — Святое Поле каля в. Загор’е (Баранавіцкі раён) — в. Тарасава (Мінскі раён) — г.п. Плешчаніцы, в. – Новалукомль (Чашніцкі раён) – Чашнікі – Дуброўна – г.п.Расоны – г.п.Шуміліна – Гарадок, сталіца святкавання 30-га Дня беларускага пісьменства.
Гэтымі днямі ініцыятыўная група ўдзельнікаў пабывала ў Дубровенскім раёне. На сустрэчы з кіраўніцтвам раёна, прадстаўнікамі праваслаўнай царквы, мясцовымі краязнаўцамі былі ўдакладнены месцы і час правядзення ўрачыстых мерапрыемстваў, сумесных богаслужэнняў, навукова-творчых сустрэч, гутарак, выставак матэрыялаў папярэдніх экспедыцый.
Вельмі сімвалічна, што на Дубровеншчыну ўдзельнікі экспедыціі завітаюць менавіта 1 верасня, у Дзень ведаў . Таму гэты дзень ў 2023 годзе абяцае быць вельмі насычаным і незвычайным.
Удзельнікаў экспедыцыі дубровенцы будуць урачыста сустракаць на мяжы раёна. Каля Парка воінскай славы ўсе жадаючыя змогуць далучыцца да ўдзельнікаў экспедыціі і прайсці хрэсным ходам да Свята-Нікольскага храма, дзе пройдзе ўрачыстае набажэнства, пасля якога можна будзе запаліць свечкі ад прывезенага Святога Агню. Па існуючай традыцыі каля храма будзе пасаджаны Сад Малітвы. Пад карані пасаджаных дрэў ляжа зямля, узятая рабочай групай падчас папярэдняй прапрацоўкі маршруту ў Гарадку, цяперашняй сталіцы Дня беларускага пісьменства, зямля з усіх месцаў, пройдзеных экспедыцыяй за 29 гадоў, а таксама зямля Святога Поля, традыцыйна асвячанага ўдзельнікамі “Дарогі да Святыняў” з’явы цудатворнай Іконы Покрыва Прасвятой Багародзіцы, Даведніцы Экспедыцыі. У сваю чаргу прыгаршчы дубровенскай зямліцы ўдзельнікі экспедыціі забяруць з сабой, каб пасыпаць яе пад дрэвы, якія будуць пасаджаны ў Гарадку.
Удзельнікі экспедыцыі, а гэта паэты, пісьменнікі, вучоныя, музыканты , выступяць перад школьнікамі, у працоўных калектывах, наведаюць АКП, заняткі творчых аб’яднанняў. Яны шчыра і яскрава распавядуць пра ўласны жыццёвы, творчы і духоўны вопыт, будзе магчымасць прадэманстраваць свае творчыя здольнасць і ў пачынаючых літератараў Дубровеншчыны. Паздея абяцаке быць вельмі цікавай, таму сачыце за публікацыямі ў нашай газеце, каб скарыстаць цудоўную магчымасць далучыцца да яе.
Алена КАРСАКОВА.
Фота аўтара.