История Федора Кулакова: «Книгу о Дубровенщине писали всем районом»
Как создавалась великая книга…
…Няўрымслівая Іна Паўлаўна Холадава выступіла з новай прапановай: выдаць наш нарыс асобнай кнігай. Яна брала на сябе арганізацыйна-тэхнічны бок справы (перадрукоўка на пішучай машынцы тэкста, дамова з выдавецтвам і г.д.), на мне ляжала літаратурная “даводка” зместу, тэкста. Па Оршы я меў падобны вопыт, таму даў згоду.
Але з выданнем кнігі было складаней, чым з публікацыяй нарыса ў сваёй газеце. Тэкст прайшоў прыдзірлівую і дасканалую праверку ў Інстытуце марксізму-ленінізму пры ЦК КПБ (будынкі размяшчаліся побач), нам, аўтарам, давялося ўносіць нейкія не вельмі значныя праўкі і дапаўненні (ці скарачэнні), што непазбежна ў такой сур’ёзнай справе, бо гэта — не мастацкая літаратура, хоць там, калі аўтар не класік, пры-дзірак непараўнальна больш.
…Невялікая кніжка “Дуброўна” выйшла, паступіла ў продаж, у бібліятэкі, нас, аўтараў, віншавалі, мяне дык нават мае сябры з Мінска, хто заўважыў гэтую падзею.
Хачу адзначыць, што яшчэ да гэтага, у 1979 годзе, у выдавецтве “Беларусь” выйшаў на дзвюх мовах — беларускай і рускай — буклет “Мемарыяльны комплекс Рыленкі”. Тыраж буклета быў 25000 экземпляраў, ён разыйшоўся па ўсёй рэспубліцы, напрыклад, калі ў час нейкага нашага семінара ў Мінску нас павезлі ў Хатынь, дзе я ўжо бываў і да гэтага, то цяпер там у кніжным кіёску на ўваходзе я ўбачыў і свой буклет “Рыленкі”. Кажу “свой”, бо калі фота, каляровыя і чорна-белыя, там былі А.Ф.Дзмітрыева, А.А.Церлюкевіча і інш., то тэкст быў Ф.С.Кулакова.
Такім чынам, Дубровеншчына набывала пэўную вядомасць у рэспубліцы ў гістарычным і ваенна-патрыятычным плане.
І, калі паводле рашэння ўрада Рэспублікі Беларусь было пачата падрыхтоўка шматтомнага выдання гісторыка-дакументальнай хронікі гарадоў і раёнаў Беларусі, у Дуброўне гэтая вялікая праца пачалася не на пустым месцы.
Праца была сапраўды вялікая. Гісторыка-дакументальная хроніка Дубровенскага раёна адразу задумвалася ў дзвюх кнігах, вельмі працяглы час і вельмі жорсткія баі вяліся на тэрыторыі раёна з канца верасня 1943 па 26 чэрвеня 1944 года. Вельмі шмат было загінуўшых воінаў, імёны якіх трэба было назваць.
У 1997 годзе у выдавецтве “Паліграфафармленне” тыражом у 7500 экземпляраў выйшла 1-я кніга хронікі “Памяць. Дубровенскі раён”, 598 старонак з ілюстрацыямі. Дарэчы, адна з першых у рэспубліцы з гэтай серыі.
У анонсе да 1-й кнігі сказана:
“У кнізе падаецца гісторыя Дубровеншчыны з археалагічных часоў да нашых дзён з шырокім выкарыстаннем дакументаў, літаратурных крыніц і ўспамінаў удзельнікаў найбольш важных падзей на тэрыторыі раёна. Даюцца звесткі аб ураджэнцах Дубровеншчыны, якія ўнеслі значны ўклад у развіццё эканомікі, навукі і культуры. Увекавечваюцца ахвяры Вялікай Айчыннай вайны і безпадстаўных рэпрэсій — ураджэнцы Дубровеншчыны.
Воіны Чырвонай Арміі, што загінулі пры абароне і вызваленні раёна ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў, падаюцца ў 2-й кнізе хронікі”.
У пачатку 1-й кнігі называюцца рэдакцыйная калегія: А.Я.Гаўруцікаў, Р.П.Кахноўская, Ф.С.Кулакоў, М.А.Ляшчынскі, Н.Л.Петрашкевіч і раённая камісія па стварэнню хронікі: М.А.Ляшчынскі (старшыня камісіі), Л.М.Акунявец, А.Я.Гаўруцікааў, Р.П.Кахноўская, Ф.С.Кулакоў, М.І.Міхальчанка, І.П.Холадава, М.А.Шкадаў.
У канцы гэтай кнігі даецца спіс тых, хто прымаў удзел у пошуку, зборы і падрыхтоўцы матэрыялаў для хронікі Памяць і аказваў кансультацыйную і арганізацыйную дапамогу, даваў фота. Тут больш за 80 прозвішчаў і 15 самых розных устаноў.
Я мог бы паўдня расказваць пра стварэнне кнігі “Памяць”, пра свае паездкі ў Мінск, а іншых — у розныя архіўныя ўстановы, назваць найбольш актыўных удзельнікаў яе стварэння. Але выдзеліць перш за ўсё неабходна старшыню райвыканкама Міхаіла Аляксандравіча Ляшчынскага і адказнага сакратара раённага савета ветэранаў Аляксея Якаўлевіча Гаўруцікава. Мая роля зводзілася да падрыхтоўкі ўласных і адбору матэрыялаў ужо надрукаваных у “ДП”, друкавала ўсё гэта рэдакцыйная машыністка Валянціна Цішкова.
Кніга-хроніка — годная падзяка свяшчэннаму мінуламу.
Але ў маім жыцці журналіста «ДП» было яшчэ шмат цікавых гісторый. Пра гэта — у наступны раз…
Шаноўныя сябры!
Працяг багатых успамінаў Фёдара Сяргеевіча абавязкова будзе…
А пакуль гісторыю газеты “Дняпроўская праўда” вы можаце прачытаць на нашым сайце (глядзім наверх ) на старонцы “О газете” альбо ў яе раздзеле “История «Днепровки»”. Ці ізноў вам патрэбна прайсці па наступных спасылках…
Поспехаў, даражэнькія!