Галоўны скарб мнагадзетнай сям’і

Дубровно,Дубровенский,семья,школа,труд,дом,дети,счастье

Аляксандр Кабуш адным з першых навасёлаў перавёз свой галоўны скарб — жонку Алену Аляксандраўну з дочкамі Вікторыяй і Алесяй у адзін з “прэзідэнцкіх“ дамоў. Сынок Андрэйка ў Кабушаў нарадзіўся, калі сям’я ўжо жыла тут. Добраўпарадкаванае жыллё, уласная гаспадарка, здаровы мікраклімат у сям’і — што яшчэ патрэбна для поўнага шчасця?
Жывуць Кабушы хораша. У сям’і пануюць згода і лад паміж дарослымі і сярод дзяцей. Бацькі працуюць, старэйшыя дзеці вучацца ў школе, самы малодшы, будучы прадаўжальнік рода Кабушаў — Андрэйка наведвае дзіцячы садок.
Алена і Аляксандр Кабушы стварылі сваю сям’ю 19 гадоў назад. Абодва ўраджэнцы Дабрынскага сельсавета. Алена Аляксандраўна родам са Сваташыц, Аляксандр Васільевіч — з Пішчыкаў. Ведалі адзін аднога з дзяцінства, разам вучыліся ў Сваташыцкай сярэдняй школе.
—Аляксандр памятае, што ў пачатковых класах я была вельмі смешная: маленькая і вясёлая. А ён ужо ў старэйшых класах вучыўся. Потым і я вырасла, замуж за яго пайшла. Хто б мог падумаць? — смяецца Алена Аляксандраўна.
Пасля заканчэння школы Алена Бондарава (яе дзявочае прозвішча) стала працаваць у жывёлагадоўлі. Доўгі час даіла кароў на Сваташыцкай ферме. Завочна закончыла Лужаснянскі сельгастэхнікум, стала заатэхнікам. Аляксандр Кабуш вывучыўся на агранома.
Маючы баявіты характар і звонкі голас, Алена актыўна ўдзель¬нічала ў мастацкай самадзейнасці пры Сваташыцкім СДК. А не так даўно яе запрасілі сюды на работу ў якасці мастацкага кіраўніка. Выйшаўшы з дэкрэтнага водпуску, прыняла прапанову з задавальненнем.
Аляксандр Кабуш з цягам часу пакінуў агранамічную работу, пайшоў працаваць на ферму даглядчыкам жывёлы.
— Дзеці падраслі, расходы сямейныя таксама пабольшалі. На ферме заробак лепшы, наш тата для ўсёй сям’і грошы зарабляе, — з гордасцю тлумачыць рашэнне мужа памяняць прафесію Алена Аляксандраўна.
Старэйшая дачка Кабушаў Вікторыя вучыцца ў адзінаццатым класе, неўзабаве закончыць школу. Бацькі раяць ёй паступаць у каледж, і яна з увагай прыслухоўваецца да іх парад, вечарамі падоўгу сядзіць за падручнікамі, каб назапасіць багаж ведаў да прадстаячых іспытаў.
З малым Андрэйкам пасля школы, пакуль мама з татам спраўляюцца з хатняй гаспадаркай, а старэйшая сястрычка рыхтуе вячэру, няньчыцца чатырнаццацігадовая Алеся.
Мець зносіны з членамі гэтай мнагадзетнай сям’і было настолькі прыемна, што ўзнікла жаданне прыйсці да іх яшчэ калі-небудзь, калі падрастуць дзеці і збудуцца ўсе іх планы і надзеі. А пачуццё лёгкасці і ўзнёсласці ад сустрэчы з імі доўгі час не пакідала мяне, сагравала душу стылым асеннім днём.
Лідзія ЧАПЯЛОВА.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *