Настаўніца, камсамолка, аптымістка

 

У 2019 годзе аднымі з галоўных падзей стануць 75-годдзе вызвалення Беларусі і падрыхтоўка да святкавання 100-годдзя ўтварэння камсамола Беларусі. Мы даведаліся, што сярод нашых землякоў ёсць чалавек, у лёсе якога звязаны гэтыя дзве значныя падзеі — Валянціна Міхайлаўна АФАНАСЕНКА (на здымку).
— Так пралягла дарога майго жыцця, што мяне вылучылі сярод іншых актывістаў-камсамольцаў на адказную пасаду. Канешне, па характары я заўсёды была баявая і энергічная, часта выступала на сходах маладых актывістаў, але не толькі гэта. Амаль што галоўным па тых часах было: знаходзіўся ці не чалавек на акупіраванай тэрыторыі. Я — не знаходзілася.
Сям’я Афанасенка — маці, бацька і дзве дачушкі — жыла ў Асінторфе. У 1941 Валянціна (малодшая) скончыла 6 класаў. Летам 1941 года бацькі запланавалі пераезд ў Смаленск да родных. Там і напаткала сям’ю вайна.
Да гэтага часу Валянціна Міхайлаўна памятае тыя дні. Навокал мітусня, шмат людзей, ваенных. Фашысты наступалі. Тэрмінова праводзілася мабілізацыя і эвакуацыя прадпрыемстваў. Міхаіла Афанасенку выклікалі ў ваенкамат і загадалі суправаджаць у тыл нейкі прамысловы абоз. Сястра Лізавета добраахвотна запісалася на санітарны цягнік і адразу з’ехала. Валя і маці разам з іншымі бежанцамі пакінулі Смаленск. Пачаўся цяжкі шлях невядома куды: ніхто не ведаў дакладнага становішча рэчаў. Нехта з адыходзячых вайскоўцаў параіў узяць кірунак у бок Тамбова. Ім пашанцавала, таму што на адной са станцый выпадкова пачулі, што рыхтуецца для адпраўкі цягнік менавіта ў Тамбоў. Употайку ім удалося схавацца пад брызентам на адной з платформ цягніка, а потым вартавыя не сталі выганяць жанчын з дзяцьмі, якія жадалі з’ехаць далей ад вайны і жаху, які яна несла з сабой.
Так яны дабраліся да аднаго з эвакуацыйных пунктаў Тамбова, а там іх прызначылі на жыццё і працу ў сельскую мясцовасць, вёску Малыя Пупкі. Валянціна Міхайлаўна ўзгадвае, што юнакоў і дзяўчат вывозілі на аддаленыя палі тыдні на два, дзе яны зносілі снапы і складвалі іх у вялікія стагі. Але працы хапала не толькі летам — круглы год падлеткі працавалі нароўні з дарослымі.Праз два гады іх адшукаў бацька, якога з-за хваробы камісавалі з арміі. Ён перавёз жонку і дачку ў адзін з леспрамгасаў Калінінскай вобласці. Тут дзяўчынка разам з маці ды іншымі жанчынамі грузілі на баржы вялікія бярвёны. А для гэтага трэба было хадзіць уверх і ўніз па слізкіх ад вады драўляных мастках.
Калі стала вядома, што Беларусь вызвалена ад фашыстаў, баць¬ка адразу ж зазбіраўся да ад’езду на радзіму, у Асінторф. Але перад ад’ездам адвёз дачку ў горад Угліч Яраслаўскай вобласці, дзе было педвучылішча.
—Бацькава слова было для мяне беспярэчным законам. Тры гады я жыла адна і старанна вучылася, імкнучыся пры гэтым яшчэ дзе-небудзь падпрацаваць. Увесь наш выпуск атрымаў размеркаванне на Далёкі Усход, — расказвала субяседніца.
Але Валя Афанасенка вырашыла рушыць па іншым напрамку, рызыкуючы зарабіць вялікія непрыемнасці за невыкананне існуючых у той час умоў для маладых спецыялістаў. У родных месцах яна знайшла працу ў школе Арэхаўска.
Кемлівы, апантаны малады педагог, які мог павесці за сабой не толькі вучняў, але і калег, амаль адразу прыцягнуў да сябе ўвагу.
—Мая актыўнасць была заўважаная, і з часам мяне перавялі на працу ў Віцебскі абкам камсамола ў якасці інструктара школьнага аддзела. Давялося наладжваць і курыраваць працу камсамольскіх школьных пярвічак па ўсёй вобласці. Бадай што пешшу не раз абышла ўсе раёны пасляваеннай Віцебшчыны. Потым папрасіла перавесці мяне на камсамольскую працу ў Дубровенскі раён. Некалькі гадоў працавала другім сакратаром Дубровенскага РК ЛКСМБ, — лаканічна распавядала Валянціна Міхайлаўна.
Але, па яне прызнанні, школа не адпускала.
—Па дыплому я настаўнік малодшых класаў, мне заўсёды падабалася займацца навучаннем маленькіх дзяцей, вучыць іх пазнаваць свет. Пры першай магчымасці я вярнулася да педагагічнай працы. Спачатку працавала ў бліжэйшых да Асінторфа пачатковых школах, у сямігодцы в.Пятрыкі з часам перайшла ў Асінторфскую сярэднюю школу і доўгі час працавала ў ёй. Па камсамольскай загартоўцы мы амаль што жылі ў школе: вечарыны, дыспуты, вырошчванне зелак і шмат чаго яшчэ. Жылі дружна, весела, шмат чаго паспявалі.
Па жыцці Валянціна Афананасенка застаецца аптымістам.
—Я ўпэўнена, што ў маіх дзяцей і ўнукаў, у вас і ў мяне ў тым ліку ўсе будзе добра. Зараз у моладзі шмат магчымасцей, і я шчыра жадаю, каб усе іх мары здзейсніліся, — пажадала В.М.Афанасенка, настаўніца і камсамолка.