Дубровно готовится отпраздновать своё 620-летие
Адкрылі сустрэчу ўдзельніцы народнага фальклорнага калектыву “Кудзеліца”, у выкананні якіх прагучала песня пра Дуброўна, напісаная ў 1967 годзе. Пасля гэтага работнікі ЦРБ г.Дуброўна пачалі аповяд пра асноўныя этапы развіцця гэтых зямель. Цікавым стаў і расказ захавальніцы фондаў працоўнай групы па стварэнні музея аддзела культуры Дубровенскага райвыканкама Наталлі Сяргееўны Аўчаровай. Яна пазнаёміла прысутных з усімі экспанатамі выставы рэчаў хатняга ўжытку і расказала, як і для чаго яны выкарыстоўваліся. Тут быў і керамічны посуд, які ў мінулым стваралі дубровенскія майстры Мікалай Сіманькоў, Ганна Марачова і Міхаіл Шэкін, і цудоўныя ручнікі, сапраўдная гордасць нашага краю, гледзячы на якія, можна здагадвацца, пра што думала тая ці іншая майстрыха.
– У нашым фондзе налічваецца больш за 30 ручнікоў, – расказвае Наталля Сяргееўна. – Раней ручнікі мелі пэўнае прызначэнне, а таму і называліся яны па-рознаму:“набожнікі” (якімі пакрывалі іконы), вясельныя (вышывалі для правядзення вясельнага абраду), а вось “абыдзеннікамі” карысталіся кожны дзень. Аднак асаблівае месца сярод усіх палоцен, якія мы сёння маем, займае ручнік-“напамін”, на якім вышыты не толькі ўзор (кветкі, вянкі і коннік), але і наказ маці сваёй дачцэ, каб тая паводзіла сябе годна.
Затым перад вучнямі выступіў сакратар раёнага савета ветэранаў, аўтар-складальнік выдання кнігі “Памяць” Аляксей Якаўлевіч Гаўруцікаў. Яго аповяд быў пра цяжкія баі за вызваленне Оршы падчас Вялікай Айчыннай вайны, ў якіх загінула болей за 30 тысяч чалавек.
Прыгадалі на мерапрыемстве і пра знакамітых людзей, якіх дала свету Дубровеншчына. Сярод іх разьбяр Герасім Акулаў, які ўпрыгожваў ў сярэдзіне 17 стагоддзя Каломенскі палац і Збройную палату; дзекабрыст Пётр Фаленберг, прысуджаны на 8 гадоў катаргі ў Сібіры, які займаўся літаратурнымі запісамі, тапаграфіяй і маляваў (дарэчы, некаторыя з яго карцін дайшлі да нашага часу). Сусветную вядомасць атрымаў подзвіг героя руска-турэцкай вайны, капітана першага ранга Аляксандра Казарскага. Сваёй Радзімай называе Дубровеншчыну і класік беларускай драматургіі, акцёр і мастацкі кіраўнік Драматычнага тэатра Беларускай Арміі Аляксей Дудараў. І гэта толькі некаторыя таленавітыя асобы, якія нарадзіліся на нашых землях.
Гэта першае мерапрыемства, прысвечанае 620-годдзю г.Дуброўна, якое прайшло ў цэнтральнай раёнай бібліятэцы. Чакаем новых цікавых сустрэч.
В.АЛЯКСАНДРАВА. Фота аўтара.