Людзі асобага гатунку

Нашай суразмоўцы ў пачатку гэтага года споўнілася 95 год.  Анастасія Паўлаўна Рамановіч (на здымку) усхвалявана ўзгадвала моманты свайго жыцця. А паўставалі карціны біяграфіі пакалення, якое, на вялікі жаль, ужо адыходзіць у гісторыю. Але менавіта гэта пакаленне перажыло ваенныя нягоды, на іх плечы лягло адраджэнне роднага краю пасля вызвалення.

— Мы рана страцілі бацьку, — пачала свой аповед Анастасія Паўлаўна. — Маці засталася адна с трыма дзеткамі. Я — старэйшая. Паміж мной і малодшай сястрой — 10 гадоў, а між намі яшчэ брат. Зараз нікога не засталося, а я жыву, — адзначае жанчына.

Сям’я жыла ў Пнявічах. Маці многа працавала, каб забяспечыць дзяцей ўсім неабходным, і ўвогуле па тым часе  нельга было не працаваць ад святла да святла: так жыцце было пабудавана.

— Памятаю, маці прыйдзе дамоў стомленая, ў непагадзь — прамоклая да касцей ці замерзлая, а ёй неабходна яшчэ з хатнімі  справамі разбірацца: у лес па дровы ехаць, ваду насіць. Мяне такі жаль да яе ахопліваў, што, не скончыўшы 2 класаў, я кінула школу і пачала хатнюю гаспадарку весці сама, дапамагаць маці даглядаць малодшых, — расказвае наша субяседніца.

Як не пераконвалі  здольную да навук дзяўчынку настаўнікі, як не малявалі ёй карціны  адукаванага жыцця, яна вырашыла праходзіць школу сялянскай працы: навучылася плесці лапці, даглядаць жывёлу, касіць, нават рамантаваць нешта ў двары. Нібы ведала дзяўчынка, што шмат з гэтага ёй патрэбіцца і ў дарослым жыцці. А тады і без таго горкі сірочы хлеб яшчэ больш цяжкім зрабіла вайна. Мы адразу спыталі: будзем пра вайну ўспамінаць, ці не варушыць  памяць пра страшныя падзеі?

— Чаму не, раскажу, што памятаю. Зараз шмат чаго пра вайну па тэлевізары паказваюць, але не ўсё так, як мы сапраўды перажывалі, адчувалі, — разважае Анастасія Паўлаўна.

Але ж было бачна, што ўспаміны вельмі цяжка даюцца жанчыне, хвалююць, пераскокваюць ад адной падзеі да другой.

— Немцы выгналі нас у бежанцы.  Памятаю,  да самай Дуброўны я несла на руках авечку, думала, што вернемся. Людзей было шмат. Былі доўгія прыпынкі, калі тыднямі стаялі ў полі, чагосці чакалі. Вось ў адзін з такіх прыпынкаў недзе ўжо пад Оршай нейкі мужчына звярнуў увагу на тое, што маці вельмі пакутвае разам з трыма дзяцьмі, і прапанаваў уцячы. Ен узяў нас на калёсы, яшчэ дзяўчат з вёскі Сукіна і мы звярнулі са шляху, паехалі нейкімі ляснымі дарогамі. Апынуліся недзе ў Круглянскім раёне. Так здарылася, што маці і малодшыя вельмі захварэлі. Мне трэба было іх неяк выхадзіць. Цяжка было, каб выжыць, хадзіла па кусках…

Праз колькі часу немцы нас і жыхароў той вёскі сагналі пад  Круглае. Памятаю: вакол зялёнае-зялёнае поле. На ім шмат людзей, побач коні, каровы. Вакол паліцаі з аўтаматамі. Недзе на ўскрайку поля — склады, а з другога боку — рэчка і за ёй гучаць выбухі. Потым выбухі сталі мацнейшымі,  полымем узняліся склады, а паліцаі некуды збеглі. Пабеглі ратавацца і мы. Доўга сядзелі ў вялікім рове, а калі  стала ціха, пачалі выходзіць і ўбачылі нашых салдат. Колькі было радасці — нельга апісаць, — прыціскаючы сціснутыя рукі да грудзей расказвала Анастасія Паўлаўна.

 Ім вельмі пашанцавала:  іх дом у Пнявічах захаваўся, толькі немцы ўтрымлівалі ў ім коней.  Пачалося мірнае жыццё.

— Кім я толькі не працавала: і ў лесе ямачкі пад пасадку дрэў капала, і шышкі збірала, і на торфанарыхтоўках была два гады. Але ж больш адпрацавала ў калгасе паляводам. Касілі, стагавалі, лён вырошчвалі. Працавалі шмат, але ж і зараблялі добра.

Анастасія Паўлаўна адзначыла, што ёй не вельмі пашанцавала з мужам.

— І крыўдзіцца няма на каго: сама выбірала. Якія хлопцы да мяне  сваталіся: і адукаваныя, і працавітыя. А мне ніхто не патрэбен быў, хоць і тады было бачна, што п’е залішне. Меркавала, што зменіцца… Не, не адбылося. Ніякай дапамогі ад яго не было. Усё сама: і хату строіла, і сына гадавала… Так жыццё і прайшло, — шчыра пры­зналася жанчына.

 Яна яшчэ доўга расказвала, як працавалі ў полі да дзвух гадзін ночы. Як спаборнічалі на ўборцы лёну, каб першымі страшыні калгаса павесіць вянок, як знак заканчэння цераблення. Як гулялі абзіркі і «ноябрьские». Як, практычна не атрымаўшы граматы, вяла ўлік хатняй гаспадаркі, разлічвала грошы, як зараз карыстаецца тэлефонам.

— Усяго ў жыцці хапіла: і гора, і стомы, і гонару. І людзі розныя на шляху сустракаліся. Але ж, я мяркую, калі сам — чалавек, то і вакол цябе людзі добрыя. Зараз моладзь, яшчэ нічога не напрацаваўшы, для сябе нечага чакаюць, а не бывае так. Ты павучыся, папрацуй, зрабі нешта для ўсіх, а потым ужо патрабуй. Так правільна, я лічу, — падвяла вынік свайго аповеду Анастасія Паўлаўна.

Лес падараваў гэтай жанчыне  доўгае жыццё, хлопат адзінага сына, у сям’і якога яна зараз жыве ў Дабрыні, любоў унукаў. А нам — магчымасць даведацца ад сведкі, якога гатунку былі людзі таго пакалення, якое выстаяла ў няпростыя часы, захавала лепшыя чалавечыя рысы і імкнулася, каб нашчадкі не перажывалі таго, што давялося ім.

 Алена КАРСАКОВА