На полях Дубровенщины формируется богатый урожай
Сёлета такі аб’ез адбыўся 30 мая. У гэты дзень кіраўнікі наведалі дзевяць гаспадарак, пабывалі на палетках, дзе набіраюць сілу азімыя і яравыя культуры, на пашах, дзе кругласутачна ўтрымліваюцца дойныя статкі, на сенажацях, дзе пачалася нарыхтоўка кармоў, а таксама на чыжоўскай ферме ААТ “Якубава-Агра”.
У аб’ездзе прымаў удзел і наш карэспандэнт.
Галоўны вывад, які можна зрабіць пасля аб’езду палеткаў сельгаскультур такі: дзе строга прытрымліваліся інтэнсіўнай тэхналогіі вырошчвання сельгаскультур, там фарміруецца багаты ўраджай. Гэта, у першую чаргу, датычыцца ААТ “Праўда-С”. Найлепшае ўражанне засталося пасля наведвання вялікага поля побач з вёскай Цілівічы, дзе расце азімая пшаніца “капылянка”. Па агульным меркаванні гэта сёння лепшы палетак азімай пшаніцы ў раёне. Гэта вынік таго, што тут самым строгім чынам захавалі тэхналогію вырошчвання, расказаў дырэктар ААТ “Праўда-С” Сяргей Дранеўскі.
Добры ўраджай збожжавых, як і ў мінулыя гады, фарміруецца на палетках ААТ “Якубава-Агра. Тое ж можна сказаць і аб льняных палетках льнозавода і ААТ “Якубава-Агра”: пасевы даўгунцу роўныя, чыстыя, бачна, што механізатары папрацавалі на сяўбе і доглядзе пасеваў належным чынам.
Заслугоўвае ўвагі і работа кіраўніцтва і агранамічнай службы КУСГП “Прыдняпроўскі” па вырошчванні рапсу.
У гаспадарках пачалася ўборка шматгадовых траў першым укосам. Менавіта, якасць кармоў, а не колькасць, будзе сёлета вызначальным фактарам пры ацэнцы работы сельгаспрадпрыемстваў у кормавытворчасці. Аб гэтым гаварылі кіраўнікам гаспадарак начальнік райсельгасупраўлення Алег Лындзін і начальнік райветстанцыі Дзмітрый Праскураў у час наведвання КУСГП “Зарубы”.
Але самае галоўнае пры нарыхтоўцы сенажу і сіласу — не дапусціць, каб у кармах утрымлівалася ўксусная і масляная кіслоты, якія вельмі шкодныя для арганізму жывёлы. Гэтага можна пазбегнуць, калі строга захоўваць тэхналогію закладкі кармоў у траншэі. Такая прыстальная ўвага да строгага захавання тэхналогіі нарыхтоўкі кармоў выклікана тым, што сёлетняй зімой з-за нізкай якасці сенажу і сіласу адбылося значнае зніжэнне прадуктыўнасці жывёлы.
Падобнага ні ў якім разе нельга дапусціць сёлета: якасць кармоў мае першаступеннае значэнне. Аб гэтым гаварылі ў час аб’езду старшыня райвыканкама Анатоль Лукашоў і начальнік райсельгасупраўлення Алег Лындзін.
Аб тым, як выйсці з “мінусаў” па надою малака, ішла гаворка ў час наведвання ўчастка шматкампанентнай пашы, дзе кругласутачна ўтрымліваецца дойны статак пасуддзеўскай фермы. Сёлета ААТ “Праўда-С”, як і пераважная большасць гаспадарак найдовае малака значна менш, чым у мінулым годзе: сутачны надой на карову ніжэй, чым у гэты час у мінулым годзе на 2,3 кілаграмы, а пастаўкі малака на маслазавод ніжэй прыкладна на 1 тону. Практычна ні ў адной гаспадарцы не наладжаны належным чынам догляд пашаў і, у першую чаргу, падкошванне няз’ездзеных рэшткаў. А калі вядзецца падкошванне пашаў, то з вялікім спазненнем, што мы назіралі ў ААТ “Праўда-С” і “Якубава-Агра”.
—Выйсце адно: дойныя статкі, якія пасвяцца на пераросшых травах неабходна неадкладна перавесці на ўчасткі, дзе пачыналі пашавы перыяд. Там травы ўжо адраслі. А травастой на пашах, які агрубеў, трэба немарудзячы скасіць на сена. У гэтым манеўры двайная выгада: павысім надоі і нарыхтуем пэўную колькасць сена, — адзначыў А.Карнееў.
У большасці гаспадарак у апошнія гады назіраюцца круглагадавыя ацёлы. Як стварыць нармальныя ўмовы ўтрымання цялят ва ўзросце да аднаго месяца? Аб гэтым ішла размова на чыжоўскай ферме ААТ “Якубава-Агра”. Тут пабудавалі цялятнік-прафілакторый з дошак, накрылі шыферам, а вакол яго стварылі выгульны дворык, у які завезлі рулоны саломы. У сухое, цёплае надвор’е цяляты нежацца на сонцы, а ў холад і дождж самі заходзяць у цялятнік-прафілакторый. Такі метад утрымання цялят неабходна выкарыстаюць і ў іншых гаспадарках раёна.
У ходзе аб’езда гаспадарак звярталася ўвага на культуру земляробства, на распрацоўкі і выкарыстанне для вырошчвання кармавых культур бросавых участкаў зямлі вакол ферм і непасрэдна ў населеных пунктах. У гэтым плане шмат зроблена ў ААТ “Якубава-Агра”, дзе прыфермаўскія ўчасткі, а таксама бросавыя зямельныя ўчасткі ў вёсках ужо не першы год выкарыстоўваюцца для вырошчвання сельгаскультур.
Работа па ўвядзенні ў севазварот невыкарыстоўваемай зямлі праводзіцца і ў іншых гаспадарках раёна. Гэта дадатковы рэзерв для павелічэння вытворчасці кармоў.
Андрэй КВІР.