«Открытый диалог» прошел в Дубровенском лицее

Гэты тыдзень праходзіць па ўсёй краіне пад сцягам юнацтва і маладосці. Самая буйная маладзёжная арганізацыя Беларусі  — БРСМ — святкуе сваё дваццацігоддзе. З нагоды гэтай падзеі праходзяць разнастайныя мерапрыемствы: асветніцкія, мастацкія, дабрачынныя, спартыўныя, але ж стрыжнем усіх іх з’яўляецца магчымасць кожнаму маладому чалавеку праявіць свае здольнасці,  асэнсаваць змест, якім напоўнены паняцці патрыёт і грамадзянін,  узгадаць гісторыю народа Беларусі і вызначыць сваё месца ў будучыні.

Адным са знакавых мерапрыемстваў тыдня на дуб­ровенскай зямлі стала правядзенне «Адкрытага дыялога», на які запрасілі навучэнцаў Дубровенскага прафесійнана-тэхнічнага ліцэя, выкладчыкаў, актывістаў раённай арганізацыі БРСМ, прадстаўнікоў адміністрацыі раёна і раённай арганізацыі рэспубліканскага грамадскага аб’яднання «Белая Русь».

Святлана Рыжанская, намеснік старшыні Дубровенскага райвыканкама, старшыня РА РГА «Белая Русь» шчыра павіншавала юнакоў і дзяўчат з 20-годдзем БРСМ.

—Спадзяюся, што саюз моладзі будзе развівацца, мацнець. А мы, старэйшае пакаленне, будзем прыкладаць усе намаганні для таго, каб падтрымліваць усе вашыя добрыя пачынанні. Аб гэтым таксама кіраўнік дзяржавы  гаварыў на адкрытым уроку 1 верасня. Калі ласка, агучвайте свае прапановы, ініцыятывы, мы гатовы іх падтрымліваць і рэалізоўваць разам з вамі, каб была сапраўды сумесная праца, сумесныя праекты, — заклікала старшыня РА РГА «Белая Русь».

Затым удзельнікі сустрэчы ўзгадалі маладзёжныя праекты, у якіх яны прымалі асабісты ўдзел. Сярод іх былі і тыя, хто працаваў у студэнцкіх атрадах, і валанцёры.

—Арганізацыя дапамагае грамадскаму сталенню асобы. Яна галоўны інструмент захавання пераемнасці пакаленняў. У нашай краіне саюз моладзі стаў той важнай пляцоўкай, дзе моладзь сацыялізуецца, набывае важны грамадска-палітычны вопыт, без якога сёння цяжка выйсці ў самастойнае жыццё і дасягнуць вызначаных прафесійных і асобасных поспехаў. І, вядома, вельмі важна разумець, якая гістарычная місія ўскладзена на сённяшняе пакаленне маладых людзей, не разгубіць той патэнцыял, захаваць дынаміку, умацаваць нашу краіну. Каб дзяржава ганарылася новым пакаленнем маладых беларусаў, — падкрэсліла Святлана Рыжанская.

Першы сакратар Дубровенскага райкама БРСМ Алена Шлупакова больш падрабязна расказала слухачам пра дзеючыя маладзёжныя праекты ў раёне.

—Сёння ў раённай арганізацыі ёсць дакладна сфарміраваныя напрамкі дзейнасці, пастаўлены канкрэтныя задачы. Яны накіраваны на грамадзянска-патрыятычнае выхаванне, прапаганду здаровага ладу жыцця, арганізацыю вольнага часу і працоўнай занятасці моладзі. Актывістамі арганізацыі вядзецца мэтанакіраваная работа па папярэджанні негатыўных з’яў у маладзёжным асяроддзі, — адзначыла сакратар райкама БРСМ.

Алена Шлупакова засяродзіла ўвагу слухачоў на тым, што БРСМ захаваў усе лепшыя напрацоўкі УЛКСМ, а кіраўніцтва краіны ўсебакова падтрымлівае стваральную дзейнасць моладзі. Алена Шлупакова нагадала, што сучаснае жыццё немагчыма разглядаць без уліку многіх гістарычных фактараў, таму БРСМ надае вялікую ўвагу вывучэнню гісторыі краіны і яе дзяржаўнасці. Удзельнікі мерапрыемства яшчэ раз нагадалі каляндар дзяржаўных свят Беларусі, асаблівую ўвагу надаўшы гісторыі новага дзяржаўнага свята — Дня народнага адзінства — якое будзе святкавацца 17 верасня.

 Алена КАРСАКОВА