Дубровенцы работают талакой!
Шмат адметных традыцый ёсць на Беларусі. Але, бадай, адной з самых шчырых з’яўляецца звычай працаваць талакою. Гэта значыць сумесна, адным гуртам. Калісьці цэлымі мястэчкамі нашы продкі дапамагалі свайму аднавяскоўцу будавацца, жаць, касіць альбо выконваць іншыя работы па гаспадарцы. Дарэчы, талака блізкая па свайму значэнню да слова “ўзаемадапамога”.
Нездарма, сёння, як і стагоддзі таму, беларусы працуюць разам. Вось і ў гэтыя восеньскія дні імчаць на вясковыя палі Дубровеншчыны аўтобусы з дарослымі і школьнікамі, каб дапамагчы сельскім гаспадаркам сабраць ураджай.
Асабліва радыя такому працоўнаму падарожжу школьнікі. Для вучняў старэйшых класаў – гэта цудоўная магчымасць прадоўжыць канікулы, правесці больш часу з сябрамі ды яшчэ зарабіць хоць невялікія, але свае грошы.
І няхай восеньскае надвор’е часам нам прыносіць не зусім прыемныя сюрпрызы. Затое такая гаманлівая і вялікая восеньская талака збліжае нас. І ад гэтага становіцца цёпла і светла на душы.
Дарэчы, паважанае спадарства, у гэтую суботу, 15 кастрычніка, у першай палове дня адбудзецца продаж сельскагаспадарчай прадукцыі на гарадскім рынку. Сардэчна запрашаем!
Марына КАЗЛОВІЧ
«Фотаталака»
Валерыі ПАПОВАЙ, Марыі МАКАРЭВІЧ і Юліі ДЗЕРВАЕД