У Дубровенскім раёне адбыўся абласны семінар па зімовым рамонце і захоўванні тэхнікі сельгаспрадпрыемстваў
З заканчэннем восеньскіх палявых работ адразу стартавала падрыхтоўка да веснавога сезона 2020 года. Спраўную тэхніку неабходна арганізавана і правільна ставіць на зімовае захоўванне, няспраўную — рамантаваць.
На мінулым тыдні на базе Дубровенскага раёна адбыўся абласны семінар-нарада па пытаннях пастаноўкі на захоўванне, арганізацыі рамонту сельскагаспадарчай тэхнікі, навядзення парадку на машынных дварах.
У мерапрыемстве прынялі ўдзел старшыня камітэта па сельскай гаспадарцы і харчаванні Віцебскага аблвыканкама Міхаіл Прыдыбайла і начальнік упраўлення механізацыі і эксплуатацыі машынна-трактарнага парку Мінсельгасхарча Пётр Плаўскі, а таксама прадстаўнікі зацікаўленых службаў і арганізацый раёнаў Віцебскай вобласці.
Сустрэча ўдзельнікаў і пленарная нарада прайшлі на базе ААТ «Дубровенскі льнозавод». А практычная частка семінара праходзіла на машынных дварах СГФ імя Ю.Смірнова і КУСГП «Зарубы».
На пачатку семінара былі падведзены вынікі рамонтнага сезону 2018-2019 года, пастаўлены задачы па захаванасці і падрыхтоўцы тэхнікі на 2019-2020 год, разгледжаны пытанні забеспячэння неабходнымі матэрыяламі і запаснымі часткамі.
Своечасовасць правядзення вясенне-палявых работ, корманарыхтоўкі, уборкі новага ўраджаю — галоўныя складнікі цыклу сельскагаспадарчых работ, залежаць у тым ліку і ад стану тэхнікі. Распараджэннем Урада Рэспублікі Беларусь вызначаны тэрміны завяршэння рамонту сельгастэхнікі да веснавых палявых работ 2020 года. Таму сёння перад аграрыямі ставіцца задача да 1 сакавіка 2020 года скончыць рамонт глебаапрацоўчай і пасяўной тэхнікі, да 1 красавіка — корманарыхтоўчай і да 1 мая збожжаўборачнай тэхнікі. Акрамя таго, неабходна да 20 снежня здаць вузлы і агрэгаты, якія немагчыма адрамантаваць у майстэрнях гаспадарак, на спецыялізаваныя прадпрыемствы.
Алена КАРСАКОВА.