В 2012-м году на Дубровенщине построят только 5 сельских жилых домов
У апошнія два гады рэзка скараціліся дзяржаўныя інвестыцыі ў будаўніцтва жылля на сяле. Сёлета плануецца здаць у эксплуатацыю на сельскіх вуліцах толькі пяць аднакватэрных жылых дамоў.
Практычна завершана будаўніцтва дома на адной з вуліц вёскі Валяўкі, узвядзенне якога будаўнікі ПМК-53 пачалі ў мінулым годзе. У гэтыя дні работнікі гэтай арганізацыі праводзяць добраўпарадкаванне тэрыторыі ля дома. Так што недалёка той час, калі сям’я аднаго з лепшых механізатараў КУСГП “Арловічы” Юрыя Мікалаевіча Філіпенкі справіць наваселле ў новым доме з усімі зручнасцямі.
У бліжэйшыя месяцы адбудуцца наваселлі і на адной з вуліц аграгарадка Чырына. Тут работнікі прыватнага ўнітарнага прадпрыемства “Белбудлік” завяршаюць будаўніцтва двух аднакватэрных дамоў з усімі зручнасцямі.
Днямі мне давялося быць на гэтай новабудоўлі. Адзін з дамоў практычна гатоў да засялення. У другім засталося выканаць унутраныя аддзелачныя работы. Па словах маляра-тынкоўшчыка Аляксандра Каўрова, ужо ў гэтым месяцы ўсе работы будуць завершаны і дзяржаўная камісія дасць ацэнку гатоўнасці дамоў да эксплуатацыі.
Яшчэ два аднакватэрныя дамы плануецца пабудаваць у аграгарадку Дабрынь. У мінулым годзе будаўнікі ПМК-53 тут заклалі падмуркі, цяпер вырашаецца пытанне аб адкрыцці фінансавання гэтай новабудоўлі. Завяршэнне будаўніцтва дамоў у гэтым годзе зале- жыць толькі ад узроўню фінансавання будаўнічых работ, бо ў ПМК-53 дастаткова сіл, каб узвесці дамы ў вызначаныя тэрміны.
Андрэй КВІР
Фота аўтара