Cельхозпредприятия Дубровенского района улучшили условия труда ремонтников на машинных дворах
Нядаўна раённы выканаўчы камітэт падвёў вынікі традыцыйнага агляду добраўпарадкавання машынных двароў і гатоўнасці рамонтна-абслуговых баз сельгаспрадпрыемстваў раёна да работы ў зімовых умовах.
Другі год запар пераможцам раённага агляду на лепшы машынны двор прызнана ААТ “Праўда-С”, два другія месцы прысуджаны КУСГП “Зарубы” і імя Чарняхоўскага, два трэція — ААТ “Рэдзькі” і “Прыдубровенскае”.
Згодна з рашэннем райвыканкама, кіраўнікам і галоўным інжынерам гаспадарак, якія выйшлі прызёрамі агляду на лепшы машынны двор прадугледжана грашовая прэмія: за першае месца — 60 базавых велічынь, другое — 50 базавых велічынь, трэцяе — 40 базавых велічынь.
Член раённай камісіі па падвядзенню вынікаў агляду добраўпарадкавання машынных двароў, начальнік раённай інспекцыі “Дзяржсельтэхнагляду” Анатоль Пятровіч Камароў расказаў, што ў вышэйназваных гаспадарках у апошнія гады шмат зроблена ў плане добраўпарадкавання машынных двароў і стварэння нармальных умоў працы механізатараў і вадзіцеляў.
Тэрыторыі машынных двароў заасфальтаваны і агароджаны па ўсяму перыметру дэкаратыўнымі бетоннымі плітамі ці металічнай сеткай. Сельгасмашыны акуратна, згодна з патрабаваннямі дзяржстандарта, пастаўлены на зімовае захоўванне, наведзены парадак у складскіх памяшканнях абменных пунктаў, абсталяваны пункты тэхнічнага абслугоўвання тэхнікі.
Паклапаціліся ў гаспадарках і пра паляпшэнне ўмоў працы механізатараў у зімовы перыяд. У рамонтных майстэрнях устаноўлены цеплагенератары для падачы цяпла ў рамонтныя цэхі, дзе вядзецца аднаўленне тэхнікі.
Створаны і належныя бытавыя ўмовы для работы рамонтнікаў.
У ААТ “Прыдубровенскае”, напрыклад, у мінулым годзе пабудаваны Дом механізатара. На першым паверсе яго абсталяваны два бытавых пакоі, у адным з іх устаноўлены дзве душавыя кабіны. На другім паверсе яго размясціліся кабінет інжынерных работнікаў і дыспетчарская гаспадаркі.
Мінулым летам устаноўлена душавая кабіна ў бытавым пакоі рамонтнай майстэрні ААТ “Праўда-С”, а ў КУСГП імя Чарняхоўскага побач з рамонтнай майстэрняй абсталявана лазня.
І так у шматлікіх гаспадарках. Толькі ў КУСГП “Арловічы” і СГФ імя Ю.Смірнова ў рамонтных майстэрнях пакуль не зманціраваны крыніцы падачы цяпла, тут нават няма гарачай вады, каб памыць механізатарам рукі пасля работы. А ў яшчэ двух гаспадарках — СГФ імя Ю.Смірнова і ААТ “Якубава-Агра” — пры ўездзе на машынны двор не абсталяваны кантрольна-прапускныя пункты. Тамму ад кіраўнікоў названых гаспадарак запатрабавана ў вызначаны тэрмін ухіліць выяўленыя раённай камісіяй недахопы.
Андрэй КВІР