25 лет прошло с первого весеннего сева дубровенского механизатора Николая Круглова

Дубровно, районная Доска Почета, механизатор, Николай Круглов, сев, комбайн, трактор, Беларусь, 25 лет

Слова калег

Больш як чвэрць стагоддзя ў ААТ “Прыдубровенскае” працуе механізатарам Мікалай Цімафеевіч КРУГЛОЎ. Сёння ён па праву лічыцца адным з лепшых сейбітаў раёна. Сёлета, напрыклад, ён на трактары МТЗ-3022 засеяў збожжавымі і кукурузай амаль 2000 гектараў.

І зусім невыпадкова, што ў маі гэтага года па прадстаўленню калектыва гаспадаркі партрэт Мікалая Цімафеевіча Круглова быў занесены на раённую Дошку Гонару.

—Такой пашаны Мікалай Цімафеевіч заслужыў самаадданай працай, — гаворыць галоўны інжынер гаспадаркі Аляксандр Аляксандравіч Шаўчук. — Любую работу выконвае добрасумленна і якасна. Атрымаўшы нарады ад спецыялістаў, гэты хлебароб без лішніх слоў і раскачкі садзіцца ў трактар і накіроўваецца ў поле. У апошнія гады Мікалаю Цімафеевічу давяраюць выконваць самы адказны аграпрыём — сяўбу сельгаскультур. І там, дзе праходзіць яго агрэгат, праз пэўны час з’яўляюцца раўнамерныя, дружныя ўсходы.

Галоўны інжынер гаспадаркі расказаў, што высокія працоўныя дасягненні Мікалая Круглова — гэта таксама вынік беражлівых адносін да даверанай яму тэхнікі.

—Хачу асабліва падкрэсліць і такую рысу характара гэтага механізатара, як таварыскасць. Калі Мікалай Цімафеевіч бачыць, што камусьці з механізатараў тэрмінова патрэбна дапамога ў рамонце трактара ці сельгасмашын, ён без асаблівага запрашэння прыходзіць на выручку таварышам. Словам, Мікалай Цімафеевіч Круглоў заслужана прадстаўляе наш калектыў на раённай Дошцы Гонару, — сказаў у заключэнні размовы А.А.Шаўчук.

Упэўненым крокам па жыцці…

Мікалай Цімафеевіч Круглоў нарадзіўся і вырас у Ерамееўшчыне. Яго бацька працаваў вадзіцелем у калгасе. Таму ў Мікалая яшчэ ў школьныя гады з’явілася цяга да тэхнікі. Скончыўшы школу, ён без асаблівага роздуму паступіў у Дубровенскае прафтэхвучылішча, набыў прафесію трактарыста-машыніста шырокага профілю і вярнуўся ў родны калгас “Шлях да камунізму”.

Маладому хлопцу даверылі працаваць на старым трактары Т-150, а ў жніво — памочнікам камбайнёра на камбайне СК-5 “Ніва”. Ужо ў першы сезон сваёй працоўнай біяграфіі малады механізатар зарэкамендаваў сябе з самага лепшага боку.

Адслужыўшы ў арміі, Мікалай Круглоў вярнуўся зноў на працу ў калгас. Пра маладога, але стараннага механізатара, які да таго ж нядрэнна ведаў тэхніку, тут памяталі і чакалі яго вяртання.

У тую першую ў сваім жыцці веснавую сяўбу, а было гэта ў 1986 годзе, Мікалай Круглоў так старанна папрацаваў, што заняў другое месца ў вобласці сярод маладых механізатараў.

У жніво таго года Мікалай Круглоў добра папрацаваў і на збожжаўборачным камбайне “Ніва”, заняўшы па намалоту збожжа другое месца сярод камбайнераў гаспадаркі.

Малады механізатар вызначаўся не толькі стараннай працай, але і прымаў актыўны ўдзел у грамадскім жыцці гаспадаркі.

Мікалай Круглоў быў адным з самых актыўных камсамольцаў калгаса “Шлях да камунізму”. Заўсёды з ахвотай прымаў удзел ва ўсіх маладзёжных мерапрыемствах, — гаворыць старшыня раённага Савета дэпутатаў Алена Віктараўна Ціханава, якая шмат гадоў адпрацавала галоўным бухгалтарам гэтай гаспадаркі і ў той час была сакратаром камсамольскай арганізацыі.

Але вернемся да працоўных подзвігаў. Шэсць гадоў Мікалай Цімафеевіч адпрацаваў на трактары Т-150 і столькі ж сезонаў у жніво на збожжаўборачным камбайне “Ніва”.

У 1992 годзе гаспадарцы па лізінгу быў выдзелены новы магутны трактар К-701, на якім даручылі працаваць нашаму герою. 16 гадоў ён вясной і восенню на “кіраўцы” апрацоўваў глебу, дастаўляў кармы, а ў жніво садзіўся за руль збожжаўборачнага камбайна: 10 сезонаў адпрацаваў на “ДОНе-1500А”, а 5 — на КЗС-7.

У 2007 годзе гаспадарка атрымала новы энерганасычаны трактар МТЗ-3022. Яго гаспадаром па сёння з’яўляецца, канешне ж, Мікалай Цімафеевіч Круглоў.

Праўда, у апошнія гады ў яго няма магчымасці ў жніво працаваць на збожжаўборачным камбайне, бо ў час уборкі збожжавых наступаюць аптымальныя тэрміны сяўбы азімага рапсу. Адсеяўшы рапс, Мікалай Круглоў прыступае да сяўбы азімых збожжавых, а потым — ворыва зябліва.

І так з дня ў дзень амаль без выхадных. Мікалай Цімафеевіч Круглоў з раніцы да позняга вечара працуе ў полі. Вельмі нялёгкая праца хлебароба, але Мікалай Цімафеевіч не скардзіцца на гэта. Добра працуе — добра зарабляе.

У гэтыя дні наш герой у чарговым адпачынку. Па яго словах, дома накапілася шмат неадкладных спраў, якія да пачатку завей і маразоў трэба вырашыць. А пасля Новага года ён прыступіць да падрыхтоўкі замацаванай за ім тэхнікі да чарговага хлебаробскага сезону.

Спраў у сапраўднага хлебароба круглы год хапае!

Андрэй КВІР

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *