Каляда ходит по Дубровенщине

У гэтыя студзеньскія дні ў Беларусі святкуюцца Каляды — старадаўняе свята, якое азначае канец доўгага піліпаўскага паста, калі людзі могуць весяліцца і частавацца, а самае галоўнае — гэта быць добрымі і шчодрымі. Свята па традыцыі адзначалася на пачатку года. Слова «каляда», напэўна, стварылася ад назвы новага года ў старажытным Рыме і Візантыі. Яно ўвайшло ў мовы большасці славянскіх народаў.

Святкаванні працягваліся два тыдні (у католікаў — з 25 снежня, у праваслаўных — з 7 студзеня) і суправаджаліся калядаваннем, абрадавымі, гульнёвымі дзеяннямі, музыкай, жартамі. Усё гэта надавала святу асаблівы настрой, выклікала эмацыянальны ўздым у яго ўдзельнікаў, садзейнічала збліжэнню і сяброўству людзей.

Усё, чым жыў селянін-земляроб у зімовую пару, што было яго асноўным клопатам, займала яго думкі, знайшло адбітак у калядных і шчадроўскіх песнях, якія і складаюць ядро зімовага цыкла каляндарнай паэзіі.

З прыходам да нас хрысціянства пачатак Каляд сталі звязваць з Ражаством Хрыстовым. Рыхтаваліся да свята зараней: калолі свіней, рэзалі авечак, гатавалі смачную аўсяную ці ячную кашу, якая стаяла на покуце ў гаршку да самага канца Каляд, пакуль зноў не пачыналіся посныя дні.

Напярэдадні Ражаства сям’я збіралася на перадкалядную вячэру — куццю. Добра звараная куцця прадказвала багаты ўраджай. Калі гаспадыня несла куццю на стол, дзеці мукалі, рохкалі, кудахталі, каб у гаспадарцы вяліся скаціна і птушкі.

Акрамя куцці, на стол падаваліся кісель, піражкі з грыбамі, фасоллю, гарохам. Калі сям’я садзілася за стол, гаспадар стукаў у акно і клікаў мароз куццю есці. Гэтак задобрывалі мароз, каб ніколі не марозіў  пасаджанага на агародзе і ў полі.

А за сталом варажылі, гучалі пажаданні адзін другому, смяяліся. Існавалі і прыкметы, на якія абавязкова звярталі ўвагу: густыя зоркі на небе — будзе вялікі ўраджай збожжа, грыбоў, добры прыплод хатняй жывёлы; завіруха — будуць добра раіцца пчолы. Калі чарнела з-за адлігі дарога — лета будзе багатым на грэчку.

Старадаўнія беларускія традыцыі і абрады калядавання і зараз шануюць і паважаюць на Дубровеншчыне.

— У кожным рэгіёне Беларусі свае звычаі і абрады, — адзначыла загадчык Станіславоўскім сельскім Домам культуры Галіна Сіманькова. — У нас, па сутнасці, увесь паказ трымаецца на Козачцы. Неад’емны атрыбут святкавання — саламяная калядная зорка. У калядным абрадзе гэты рытуальны знак, сімвал Віфлеемскай зоркі, якая абвясціла аб нараджэнні Ісуса Хрыста, а таксама сімвал сонца.

Паводле яе слоў, песні-каляд­кі — самабытная ўнікальная культурная спадчына. Невялікія, часта жартоўныя радкі з песень нясуць у сабе вялікі сэнс. Людзі перадаюць гэтыя творы ад пакалення да пакалення. Народная творчасць і іх шчырасць зачароўвае.

Як расказала кіраўнік народнага фальклорнага калектыву «Кудзеліца» Таццяна Чабатаронак, гаспадары хат Дубровеншчыны заўсёды хлебасольна сустракаюць калядоўшчыкаў.

Напрыклад, 9 студзеня ў прыватным сектары па вуліцы Чырвонаармейскай «Кудзеліцу» было чуваць здалёк. Мінакі добразычліва махалі рукамі: «Прывітанне Калядзе!» Машыны прыпыняліся, ветліва сігналячы. У доме сям’і Краўцовых за песні і танцы гасцей шчодра адорвалі пачастункам. Бо дубровенцы ведаюць: цёпла сустрэць Каляду — да багацця і дабра на ўвесь год.

 Таццяна БАЗЫЛЕВА.