Дубровенских механизаторов ожидают вкусные горячие обеды
Аспекты “тылавога” забеспячэння пасяўной кампаніі былі ў цэнтры ўвагі членаў рэйдавай брыгады — старшыні райкама прафсаюза работнікаў АПК Міхаіла Іванавіча Рубанцава, галоўнага спецыяліста ўпраўлення па працы, занятасці і сацыяльнай абароне насельніцтва Людмілы Аляксандраўны Стрыгінай і аўтара гэтых радкоў у час наведвання ААТ “Баброва-Агра” і “Прыдубровенскае”.
Безумоўна, адным з галоўных фактараў добрага настрою і высокай прадукцыйнасці працы механізатараў на веснавым полі з’яўляецца свое-часовае забеспячэнне іх якаснымі гарачымі абедамі ў полі. У некаторых гаспадарках раёна гэтае пытанне вырашаецца шляхам завозу абедаў са сталовых гарадскіх прадпрыемстваў, у іншых — рыхтуюць ежу для механізатараў і іншых удзельнікаў палявых работ ва ўласных сталовых.
У ААТ “Баброва-Агра”, як і ў папярэднія гады, будуць рыхтаваць гарачыя абеды ва ўласнай сталовай. У той дзень, як мы наведалі гэтую гаспадарку, сталовая была закрыта на замок. Спецыяліст па кадрах Лілія Мікалаеўна Мілюткіна паведаміла, што работы па падрыхтоўцы сталовай да сезону ўжо завершаны. Повар, які будзе рыхтаваць ежу, прайшоў медагляд у раённай паліклініцы. Засталося толькі раённай райэпідэмстанцыі праверыць, як захоўваюцца тут санітарна-гігіенічныя нормы.
Абеды ў полі плануюць дастаўляць на аўтамабілі, які выдзеляць шэфы — раённая бальніца.
Ва ўласнай сталоўцы будуць рыхтаваць абеды для ўдзельнікаў веснавых палявых работ і ў ААТ “Прыдубровенскае”. У дзень, калі мы наведалі гаспадарку, рабочыя завяршалі малярныя работы на кухні сталовай. Неабходнае кухоннае абсталяванне было ў спраўным стане. Як запэўніла загадчыца сталовай Ніна Пятроўна Правалоцкая, у бліжэйшыя дні ўсе работы будуць завершаны, застанецца толькі атрымаць допуск санэпідэмстанцыі да работы сталовай.
Старшыня райкама прафсаюза работнікаў АПК Міхаіл Іванавіч Рубанцаў зазначыў, што гэтай вясной у пераважнай большасці гаспадарак гатаваць абеды для ўдзельнікаў веснавых палявых работ будуць ва ўласных сталовых. І толькі ААТ “Якубава-Агра”, “Рэдзькі” і філіял імя Ю.Смірнова будуць завозіць гарачую ежу са сталовай вытворчага ўчастка ААТ “Аршанскі КХП”.
Членаў рэйдавай брыгады цікавіла таксама пытанне забеспячэння механізатараў спецаддзеннем, медаптэчкамі, сродкамі аховы працы пры рабоце ў шкодных умовах.
У ААТ “Баброва-Агра” і “Прыдубровенскае” механізатары і іншыя катэгорыі работнікаў ужо атрымалі ўсё неабходнае для плённай работы ў полі. Кожны з удзельнікаў веснавой сяўбы ведае, колькі грошай ён заробіць пры выкананні таго ці іншага віду работ, якое матэрыяльнае заахвочванне яго чакае пры перавыкананні нормы. Сістэма аплаты працы і меры заахвочвання вывешаны на машынных дварах на спецыяльных стэндах. Пры перавыкананні нормы выпрацоўкі прадугледжана адчувальная даплата.
Цікавіліся члены рэйдавай брыгады і тым, як захоўваюцца ў гаспадарках правілы тэхнікі бяспекі працы.
У кожнай з правераных намі гаспадарак праведзены інструктаж па тэхніцы бяспекі працы па ўсіх відах палявых работ, аб чым сведчаць подпісы кожнага механізатара і вадзіцеля ў журнале аб правядзенні інструктажу. Галоўны інжынер ААТ “Прыдубровенскае” Аляксандр Аляксандравіч Шаўчук паказаў усе пасадавыя інструкцыі па тэхніцы бяспекі. Нам не ўдалося выявіць сур’ёзных парушэнняў правілаў тэхнікі бяспекі працы.
У ААТ “Прыдубровенскае” створаны ўмовы для таго, каб удзельнікі палявых работ маглі памыцца пасля работы. Тут у доме механізатара, які размешчаны на машынным двары, на першым паверсе ўстаноўлены дзве душавыя кабіны.
Андрэй КВІР