Железнодорожная станция Осиновка отправляет поезда в Европу
Кожны год у першую нядзелю жніўня ў розных кутках нашай краіны адзначаюць сваё прафесійнае свята работнікі Беларускай чыгункі. Менавіта дзякуючы добрасумленнасці і адказнасці гэтых людзей, кожны дзень насельніцтва рэспублікі забяспечваецца неабходнымі перавозкамі ў розных накірунках.
Свае традыцыі святкавання Дня чыгуначніка склаліся і ў калектыве работнікаў аддзялення станцыі Асінаўка Дубровенскага раёна, праз якую праходзіць адна з галоўных магістралей Брэст – Масква. Тут праходзяць маршруты руху цягнікоў у розныя краіны Еўропы.
Начальнік станцыі Шурпач Алена Якаўлеўна, якая працуе тут з 1974 года, адзначае, што за апошнія некалькі гадоў культурны ўзровень абслугоўвання пасажыраў значна павысіўся.
Акрамя таго, у лепшы бок змяніліся і планавыя паказчыкі разгрузкі цягнікоў. Так, за ліпень 2011 года са станцыі было адпраўлена 2095 пасажыраў, выгружана 167 вагонаў з рознымі грузамі.
Скараціўся ў параўнанні з мінулым годам і час прастою цягнікоў пад разгрузкай.
І гэта невыпадкова. Нягледзячы на тое, што калектыў аддзялення Асінаўкі невялікі (11 чалавек), праца на станцыі не спыняецца ні на хвіліну. За змену работнікамі чыгункі прымаецца па 3-4 пары пасажырскіх цягнікоў і па 8-10 пар — грузавых. А таму і вынікі працы адпаведныя.
Трэба адзначыць, што па традыцыі кожны год да Дня чыгуначніка лепшыя работнікі атрымліваюць падзякі і прэміі. У гэтым годзе была адзначана выдатная праца дзяжурных па станцыі Міхаіла Уладзіміравіча Скапцова і Алены Віктараўны Аляксеенка, работніка таварнай канторы Людмілы Уладзіміраўны Курленак, старшага білетнага касіра Алены Аляксандраўны Раманоўскай.
Дзякуючы добрасумленнасці, адказнасці і прафесіяналізму гэтых людзей па выніках веснавога агляду станцый Асінаўка атрымала па ўсіх паказчыках адзнаку “выдатна”. Гэта адчуваюць і пасажыры. Таму у кнізе скаргаў і прапаноў станцыі Асінаўка – толькі падзякі.
Вікторыя АЛЯКСАНДРАВА