У Дубровенскім раёне есць першыя ўзнагароджаныя на перавозцы збожжа
Ёсць першыя ўзнагароджаныя і на перавозцы збожжа. У гэтай катэгорыі ўдзельнікаў жніва першынство трымаюць вадзіцелі ААТ «Якубава-Агра». Па ўмовах спаборніцтваў для вадзіцеляў на перавозцы збожжа, пачатковым паказчыкам з’яўляецца 2 тысячы тон. Аднак любы ўклад у агульную справу кожнага вельмі значны. Так, старшыня Дубровенскага райвыканкама Анатоль Лукашоў павіншаваў маладога вадзіцеля ААТ «Якубава-Агра» Андрэя Бугаева, які першым у раёне сярод маладых перавёз тысячу тон збожжа.
Хлопец заўжды ведаў, што будзе працаваць, як бацька, шаферам. Але пасля аўтамабільнага коледжа спрабаваў шукаць працоўнае шчасце на далёкіх шляхах. Але так здарылася, што ўсе яны прыводзілі да роднага парога. Тады хлопец і вырашыў уладкавацца на працу ў ААТ “Якубава-Агра”.
— Атрымаў МАЗ 2007 года. Сам яго перабраў, наладзіў і зараз ведаю, што не падвядзе мой конь, — усміхаючыся расказаў хлопец. А яшчэ ён адзначыў, што падабаецца ўдзельнічаць у такой адказнай справе, як жніво. — Нездарма жніво , жыта і жыццё сугучныя словы. Тут, на полі, пульс жыцця адчуваешь неяк па-асобаму. Бачыш, як шчыруюць камбайнеры, як хвалююцца аграномы і кіраўнікі, разумееш, наколькі адказную справу мы зараз робім, таму імкнешся старанна выконваць свае абавязкі, каб нікога не падвесці, — разважае Андрэй Бугаёў.
А на наступны дзень пасля поўдня віншаванні прымаў вопытны вадзіцель ААТ «Якубава-Агра», шматразовы пераможца спаборніцтваў на перавозцы збожжа Аляксандр Бацян. Ён першы ў раёне перавёз дзве тысячы тон і прымаў віншаванні ад начальніка ўпраўлення па сельскай гаспадарцы і харчаванні Дубровенскага райвыканкама Аляксандра Карнеева і старшыні Дубровенскага райкама работнікаў АПК Аляксандра Малянкова.
Алена КАРСАКОВА.