История Федора Кулакова: «В годы перестройки мы научились выживать»

Дубровно, перестройка, Федор Кулаков, история. мемуары, СССР, 1980-1990

На пераломе

Хутка праляталі гады. Пераехаў працаваць у Віцебск Леанід Саратокін, я заняў пасля яго месца намесніка рэдактара. У рэдакцыю прыйшлі выпускніца журфака БДУ Лідзія Баран (Чапялова), пазней — з пасады галоўнага заатэхніка райсельгасупраўлення — Андрэй КВІР. Яны і зараз працуюць з высокай аддачай.

Потым нечакана для ўсіх нас быў адпраўлены на заслужаны адпачынак па ўзросту наш рэдактар, франтавік Аляксандр Фядотавіч Агурцоў. Ён яшчэ працаваў адказным сакратаром камісіі па справах непаўналетніх пры райвыканкаме і зрэдку даваў у газету цікавыя матэрыялы.. У рэдакцыі яго месца заняў выпускнік Мінскай вышэйшай партыйнай школы Юрый Васільевіч Касцюк. Газета нібы памаладзела, ажывілася, тыраж узрос да пяці тысяч экземпляраў, хоць тады і насельніцтва ў раёне было значна больш, чым цяпер.

Ю.Касцюк перанёс інфаркт, вельмі доўга не працаваў, рэдактарам прыслалі, здаецца, з Талачынскага раёна, Уладзіміра Уладзіміравіча Шаўчэнку. У палітычным і грамадскім жыцці краіны наспявалі відавочныя перамены, толькі не да лепшага, а да горшага.

У кастрычніку 1987 года мяне абралі сакратаром пярвічнай партыйнай арганізацыі раённай газеты “Дняпроўская праўда”. На сваім узроўні, а гэта работа ў рэдакцыі ў аддзеле палітычнага жыцця, мне давялося быць у эпіцэнтры падзей 1980-1990 гадоў. Перажыць афіцыйную забарону КПСС і КПБ, па ідэйных перакананнях уступаць у кастрычніку 1993 года ўжо ў Партыю камуністаў Беларусі. Парадкавы нумар майго новага, другога па ліку, партбілета 200737, значыць, у ПКБ нас заставалася нямала. Хоць былі і такія, што ў час палітычнай і партыйнай вольніцы дэманстратыўна “рвалі” з яшчэ існуючай КПСС і яе рэспубліканскім атрадам КПБ, гэта я ведаю “не понаслышке”, страсці бушавалі і ў нашым рэдакцыйным калектыве.

А ў жніўні 1991 года, пасля забароны КПСС мне пазванілі з РК КПБ і прапанавалі: “Ці забірайце “асабовыя справы” сваіх членаў партыі, ці яны проста будуць знішчаны”.

Я пайшоў у райкам партыі, дзе панавала ўжо нейкае запусценне, была расцягнута некалі добрая бібліятэка, якая так і не аднавіла сваё існаванне. Забраў “асабовыя справы” з уліковымі карткамі членаў КПСС і іншымі дакументамі, раздаў па прыналежнасці, а хто збярог іх ці не — не ведаю. Я дык берагу да гэтага часу. Бо хто б мне што ні гаварыў, а з мінулым я цесна звязаў жыццё назаўсёды. Думаю, як і вельмі многія людзі старэйшых і нават больш маладых пакаленняў…

…Між тым, жыццё заціскала, і вельмі крута. У Рэспубліцы Беларусь, ужо самастойнай, суверэннай пасля Віскулёў, вышэйшым кіруючым органам быў Вярхоўны Савет РБ, выбары ў які праводзіліся не так, як раней: адзін кандыдат на адно месца. Цяпер кандыдатаў магло быць колькі заўгодна, па Дубровенскай выбарчай акрузе, у якую ўваходзіла і прылягаючая частка Аршанскага раёна, іх было чатыры.

Калі можна так сказаць, “свабодаўладдзе” ні да свабоды, ні да лепшага становішча ў эканоміцы і сацыяльнай сферы не прывяло. Якраз наадварот.
Ужо ў 2000 годзе сярэдні надой малака на карову склаў 1861 кілаграм, сярэднесутачныя прывагі буйной рагатай жывёлы — 312 грамаў. Хто разбіраецца, скажа, што гэта вельмі мала. Тым больш, калі ўспомніць, што яшчэ ў канцы 1980-х гадоў размова ішла аб сярэднім надоі на карову ў асобных гаспадарках, на фермах у 4000 кілаграмаў. Цяпер гэта нікога не здзіўляе, надойваюць і значна больш.

Дубровно, перестройка, Федор Кулаков, история. мемуары, СССР, 1980-1990

У гэтым плане паказальна і тое, што № 1 “ДП” за 1994 год (навагодні) пачынаецца не пафасным запевам, а сумным артыкулам “Крызіс закрануў і перадавікоў”. Тут жа матэрыял Андрэя Квіра пра калгас “Усход”, у якім не стала ні высокіх надояў, ні добрых заробкаў.

У “ДП” № 12 за 9 лютага таго ж года — афіцыйны артыкул “Цэны імкнуцца ўверх, а ўзровень жыцця падае. Стачка — панацэя ад гэтай “хваробы”?”

У “ДП” за 20 красавіка 1994 года змешчана маё інтэрв’ю з дырэктарам ільнозавода А.Басянковым, які займае гэту пасаду з 1978 года, “Выбар шляху”. Вось адно з маіх “закавырыстых” пытанняў члену ПКБ Анатолю Дзмітрыевічу Басянкову і адказ на яго:

“У абяцаны рай камуністы, здаецца, народ так і не прывялі? —Але і да такога жыцця, да такога развалу, як цяпер, не давялі — гэтага не бачыць толькі той, хто не хоча бачыць”.

Мы добра знаёмы з Анатолем Дзмітрыевічам яшчэ з 1978 года, тады ён быў інструктарам Дубровенскага РК КПБ. У трыццаць гадоў узначаліў ільнозавод (цяпер ААТ “Дубровенскі льнозавод”), які ў сваёй галіне вядомы на ўсю краіну, стаў школай перадавога вопыту вырошчвання лёну і вытворчасці льнопрадукцыі ў Рэспубліцы Беларусь. У 2004 годзе Анатоль Дзмітрыевіч Басянкоў узнагароджаны медалём “За працоўныя заслугі”. Па ранейшаму застаецца энергічным, ініцыятыўным кіраўніком і добрым, чулым чалавекам.

…У тым жа 1994 годзе са старонак “ДП” гучала поўнае заклапочанасці слова Івана Піліпавіча Кірэева — намесніка старшыні райсавета народных дэпутатаў, дэпутата Вярхоўнага Савета Рэспублікі Беларусь, які перамог у альтэрнатыўных выбарах, прадстаўляў у ВС Рэспублікі Беларусь фракцыю Партыю камуністаў Беларусі і быў членам камісіі па нацыянальнай бяспецы, абароне, барацьбе са злачыннасцю. Інтэрв’ю “Жыць інтарэсамі народа” (“ДП” № 46), яго артыкул “Нялёгкі пошук шляхоў выхаду з крызісу” (“ДП” № 62) — тут ужо загалоўкі гавораць самі за сябе. А І.П.Кірэеў, эканаміст па адукацыі, былы старшыня перадавога калгаса “Праўда” (роднага яго калгаса, бо родам ён з вёскі Пасуддзева) бачыў стан эканомікі, жыцця народа не з кабінетаў,а знутры, з глыбінкі.

У краіне наспявала сітуацыя, якая патрабавала рашучых перамен. У эканоміцы, у палітыцы, у метадах і спосабах кіравання і гаспадарання. Год 1994 — год першых прэзідэнцкіх выбараў у Рэспубліцы Беларусь, першага Прэзідэнта.

Напачатку выбарнай кампаніі свае кандыдатуры на пост прэзідэнта Рэспублікі Беларусь выставілі ажно 19 чалавек, непасрэдна да выбараў іх заставалася пяць. У другі тур галасавання выйшлі старшыня Савета Міністраў Беларусі Вячаслаў Кебіч і народны дэпутат Вярхоўнага Савета Рэспублікі Беларусь Аляксандр Лукашэнка, які і перамог, не маючы тады, на першы погляд, ніякіх пераваг над сапернікам. Але толькі на першы погляд.

У Вярхоўным Савеце Аляксандр Рыгоравіч Лукашэнка быў старшынёй камісіі па барацьбе з карупцыяй. Камісія правяла вялікую работу, выкрыла дзесяткі высокапастаўленых чыноўнікаў — ад міністраў і генералаў, ад старшыні Вярхоўнага Савета да кіраўнікоў буйнейшых прадпрыемстваў — замешаных у карупцыі, прысваенні і раскраданні дзяржаўных сродкаў, матэрыяльных каштоўнасцяў і г.д.

30 сакавіка 1994 года ён выступаў на сесіі Вярхоўнага Савета з разгорнутай інфармацыяй па матэрыялах расследаванняў і праверак, праведзеных камісіяй.

Дубровно, перестройка, Федор Кулаков, история. мемуары, СССР, 1980-1990

14 чэрвеня, ужо ў ходзе выбарчай кампаніі, гэта выступленне пад загалоўкам «Их должен знать народ в лицо» (неопубликованные факты) перадаў у рэдакцыю “Дняпроўскай праўды” для апублікавання Лявонцій Харужык — член ініцыятыўнай групы ў падтрымку А.Р.Лукашэнка. Але як яго было публікаваць, ды яшчэ ў дзяржаўнай раённай газеце, калі там было столькі прамых выпадкаў супраць Вярхоўнага Савета і яго ўжо былога старшыні Станіслава Шушкевіча, урада і яго кіраўніка Вячаслава Кебіча, іншых высокіх асоб? І столькі фактаў, якія ну ніяк нельга было выносіць на абмеркаванне і суд грамадскасці? Гэта выступленне на 11 машынапісных старонках уборыстага шрыфта (36 радкоў на кожнай старонцы) у мяне захавалася. І калі б яго сёння надрукаваць у газеце, яго б чыталі, не прапускаючы ніводнага слова.

Я двойчы — у Оршы і Дуброўне — прысутнічаў на сустрэчах А.Р.Лукашэнкі з выбаршчыкамі. Бачыў і чуў, як падтрымлівалі і віталі яго простыя людзі, якім ужо абрыдла цярпець безуладдзе, жабрацкія зарплаты, пайкі па картках, бяссілле і бязвольнасць улады і таму падобнае.

Вось і выбралі кандыдата ў прэзідэнты, выбралі першага Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь, якому паверылі, з якім звязалі надзеі на добрыя перамены, надзеі на лепшае жыццё, па крайняй меры такое, якое было ў больш спрыяльныя часы савецкай улады.

Змяніць усё адразу было нерэальна і немагчыма, вельмі шмат накапілася цяжка вырашаемых праблем.

Але, да прыкладу, ужо ў кастрычніку 1994 года ў друку з’явілася пастанова ўрада рэспублікі аб павышэнні мінімальнай зарплаты. У студзені 1996 года аналагічная пастанова з’явілася зноў.

Пачалі намячацца станоўчыя зрухі ў эканоміцы, у сельскай гаспадарцы, якая прыйшла ў заняпад, у іншых галінах народнай гаспадаркі, дзе становішча было не лепшае.

У гэтым жа годзе па ініцыятыве А.Р.Лукашэнкі была ўсенародна абмеркавана і прынята Канстытуцыя Рэспублікі Беларусь (са змяненнямі і дапаўненнямі), гарантам якой станавіўся Прэзідэнт.

Таксама па яго ініцыятыве быў праведзены рэспубліканскі рэферэндум па важнейшых пытаннях грамадска-палітычнага жыцця, іншымі словамі, па вызначэнні далейшага развіцця краіны.

Энергія, правільная палітычная і гаспадарчая дальнабачнасць, настойлівасць і воля кіраўніка дзяржавы давалі добры плён.

А між тым, мой жыццёвы і творчы аповед падыходзіць да завяршэння. Але яго вы пачуеце ў наступны раз.

Шаноўныя сябры!

Працяг багатых успамінаў Фёдара Сяргеевіча абавязкова будзе…
А пакуль гісторыю газеты “Дняпроўская праўда” вы можаце прачытаць на нашым сайце (глядзім наверх ) на старонцы “О газете” альбо ў яе раздзеле “История «Днепровки»”. Ці ізноў вам патрэбна прайсці па наступных спасылках…

О ГАЗЕТЕ

ИСТОРИЯ «ДНЕПРОВКИ»

Поспехаў, даражэнькія!

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *