В Дубровно обсудили вопросы развития АПК Витебской области
Як мы паведамлялі, 11 лістапада ў нашым раёне адбыўся абласны семінар-нарада, на якім былі падведзены вынікі работы АПК за 10 месяцаў 2011 года. На нараду былі запрошаны старшыні райвыканкамаў і райсаветаў дэпутатаў з усіх раёнаў вобласці, начальнікі райсельгасупраўленняў і іх намеснікі па жывёлагадоўлі і раслінаводству.
У рабоце нарады прыняў удзел і выступіў старшыня абласнога выканаўчага камітэта Аляксандр Мікалаевіч Косінец. Ён даў кароткі аналіз развіцця АПК за апошнія тры гады. У прыватнасці, старшыня аблвыканкама адзначыў, што за апошнія тры гады вытворчасць збожжа ў Віцебскай вобласці павялічылася ў 1,5 раза, бульбы — у 2 разы. На 200 тысяч тон узрос валавы надой малака і на 70 тысяч тон — валавыя прывагі жывёлы.
Усё гэта сведчыць аб дынамічным развіцці АПК Прыдзвінскага краю. Гэтаму спрыялі і ўмацаванне матэрыяльна-тэхнічнай базы сельгаспрадпрыемстваў, і карэннае павышэнне культуры земляробства, і мадэрнізацыя ферм.
Зыходзячы з дасягнутых вынікаў, Аляксандр Мікалаевіч Косінец паставіў канкрэтныя задачы па развіцці АПК на 2012 год.
Як і сёлета, ў 2012 годзе прыярытэт будзе надавацца вырошчванню збожжа. У цэлым па вобласці пад гэтыя культуры, як і сёлета, будзе адведзена 500 тысяч гектараў. На 250 тысячах гектараў пасеяны азімыя збожжавыя і такая ж плошча будзе адведзена пад яравыя.
Аляксандр Мікалаевіч Косінец паставіў задачу вясной заправіць глебу пад яравыя культуры з разліку 400 кілаграмаў у дзеючым рэчыве мінеральных угнаенняў і 11 тон арганікі. Без павелічэння вытворчасці збожжа нельга вырашыць пастаўленыя задачы перад жывёлагадоўляй — давесці гадавыя надоі малака на карову да 5 тысяч кілаграмаў, а сярэднясутачныя прывагі буйной рагатай жывёлы да 800 грамаў. Такое магчыма, калі ў структуры рацыёну канцэнтраты будуць дасягаць 40 працэнтаў.
Адным з рэзерваў павелічэння вытворчасці раслінаводчай прадукцыі, па словах старшыні аблвыканкама, з’яўляецца максімальнае задзейнічанне ў севазвароце ўрадлівай зямлі. Для гэтага неабходна працягваць работу па праграме “Чыстыя палі”, навесці парадак на прысядзібных участках. Кожная сотка ўрадлівай зямлі павінна служыць для вытворчасці сельгаспрадукцыі, а не зарастаць бур’яном.
Своечасовае правядзенне сяўбы яравых культур таксама адзін з галоўных фактараў атрымання высокага ўраджаю. Яравыя збожжавыя ў 2012 годзе павінны быць пасеяны да 1 мая.
Аляксандр Мікалаевіч Косінец паставіў задачу ў запланаваныя тэрміны закончыць будаўніцтва новых жывёлагадоўчых комплексаў з сучаснымі тэхналогіямі вытворчасці малака і мяса і працягваць мадэрнізацыю старых ферм. У бліжэйшыя гады ў вобласці не павінна застацца ні адной фермы, дзе даенне кароў ажыццяўляецца ў вёдры, а раздача грубых і сакавітых кармоў — уручную.
Аляксандр Мікалаевіч Косінец звярнуў увагу ўдзельнікаў нарады на неабходнасць падтрымкі падсобных гаспадарак грамадзян. “Прадукцыя, вырашчаная на прысядзібных участках вяскоўцаў, — гэта рэальныя даходы насельніцтва. Гэта павышэнне якасці жыцця”, — падкрэсліў старшыня аблвыканкама.
У сваім выступленні Аляксандр Мікалаевіч таксама звярнуў увагу на вострую неабходнасць эканамічнага і беражлівага выкарыстання матэрыяльных і энергетычных рэсурсаў, надзейнага захавання мінеральных угнаенняў, збожжа, бульбы, гародніны, іншай прадукцыі. Неабходна належным чынам паставіць на зімовае захаванне тэхніку, неадкладна прыступіць да яе рамонту. Старшыня аблвыканкама засяродзіў увагу на тым, што ў будучым годзе новая тэхніка па лізінгу ў гаспадаркі паступаць не будзе.
Не менш важнае значэнне мае эфектыўнае выкарыстанне дзяржаўнай маёмасці.
Намеснікі старшыні абласнога камітэта сельскай гаспадаркі і харчавання Уладзімір Аляксандравіч Машэда і Іван Іванавіч Фёдараў падвялі вынікі работы АПК за 10 месяцаў у галінах жывёлагадоўлі і раслінаводстве.
Потым удзельнікі нарады наведалі пагодзінскую малочнатаварную ферму КУСГП “Зарубы” і волеўскую ААТ “Герой”. На пагодзінскай ферме яны пазнаёміліся з тэхналогіяй раздою першацёлак, а на волеўскай — з арганізацыяй вырошчвання цялушак для ўзнаўлення статка.
Старшыня раённага Савета дэпутатаў Алена Віктараўна Ціханава на прыкладзе вёскі Барсукі пазнаёміла ўдзельнікаў нарады, як праводзіцца ў нашым раёне работа па ўзворванню і задзейнічанню ў севазваротах гаспадарак пустуючых агародаў грамадзян.
Андрэй КВІР