Дні, якія нельга забыць

Каляндар адлічвае апошнія дні 2019 года, завяршаецца юбілейны для Дубровеншчыны год. Найбольш знакавымі былі дзве даты: 75-годдзе вызвалення ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў і 95-годдзе ўтварэння Дубровенскага раёна. Шмат часу мінула з той пары, але па-ранейшаму галоўным для ўсіх дубровенцаў з’яўляецца захаванне памяці, любоў да роднай зямлі і павага да чалавека працы.

У 2019 годзе быў завершаны капітальны рамонт воінскага пахавання Пятрыкі, праведзены работы на воінскіх могілках у вёсцы Шухаўцы, усталяваны дадатковыя пліты на воінскіх пахаваннях у вёсцы Ляды, Міхалінава, Пацэнькі, Залатавічы, усталяваны памятныя знакі Героям Савецкага Саюза-ўраджэнцам Дубровенскага раёна. У бягучым годзе завершаны першы этап рэканструкцыі мемарыяльнага комплекса «Рыленкі». Тут усталявана 228 мемарыяльных пліт, на якіх увекавечаны імёны 9402 савецкіх воінаў.

Работы па добраўпарадкаванні і рэканструкцыі мемарыяльнага комплекса плануецца завяршыць да 75-годдзя Вялікай Перамогі. Прыгадаем векапомныя падзеі мінулага і тое, чым багата дубровенская зямля сёння.

1130 дзён, змрочных дзён і начэй, доўжылася нямецка-фашысцкая акупацыя Дубровеншчыны. Вызвалена савецкімі войскамі яна была ў два этапы: восенню 1943 — зімой 1944 гадоў — усходняя частка, летам 1944 года — заходняя частка раёна. Рэкі крыві і ручаі слёз праліліся на спакутаванай зямлі за гэты час.

Сярэдзіна ліпеня 1941-га. У раёне Дуброўна гераічна змагаецца 18-я стралковая дывізія 20-й арміі. Камандаваў дывізіяй К.В.Свірыдаў. 14 ліпеня вораг захапіў Оршу, абаронцы Дуброўна трымаліся з апошніх сіл. I ўсё ж                                16 ліпеня фашысты ўвайшлі ў гарадок на Дняпры, хоць баі на тэрыторыі раёна працягваліся ажно да 21 ліпеня. 18-я стралковая дывізія змагалася ў поўным акружэнні, з баямі вырвалася з акружэння, далучыўшыся да сваіх і захаваўшы баяздольнасць, хоць страты панесла вялікія.

***

3 самага пачатку Вялікая Айчынная набывае характар усенароднай свяшчэннай вайны. Праяўляецца гэта ў самых розных формах. 3 немабілізаваных у дзеючую армію мужчын ствараюцца знішчальныя атрады. Для арганізацыі падпольнай работы ў горадзе і раёне пакінуты камуністы І.М.Леўчанка і А.І.Палітаў, А.Ф.Мартыноўскі, І.Т.Кляўзо і іншыя. У раёне Асінторфа закладваецца база для развіцця партызанскага руху. У канцы ліпеня сюды ж ужо праз лінію фронта прыбывае з групай таварышаў прадстаўнік ЦК КП(б)Б і Віцебскага абкома партыі І.С.Шурман. Ужо ў жніўні да актыўных дзеянняў пераходзіць баявая група С.С.Максіменкі і А.П.Кудрашова. Нова-тухінскую падпольную арганізацыю стварае камуніст В.Р.Свойнікаў. 10 жніўня на камсамольскім сходзе ствараецца Асінторфская падпольная арганізацыя… У кароценькіх нататках многа не скажаш, але можна сцвярджаць, што на Дубровеншчыне акупацыйны «новы парадак» паўсюдна натыкаўся на ўпартае супраціўленне і яўныя дыверсіі, шкодніцтва ворагу, дзе толькі было можна.

***

Размяшчэнне Дубровеншчыны на важнейшым ваенным стратэгічным напрамку Мінск-Масква прыцягвала да яе павышаную ўвагу камандавання абодвух ваюючых бакоў. У пачатку вайны тут дзейнічаў невялікі партызан­скі атрад з воінаў-пагранічнікаў «Мсціўца», вясной 1942 года тут з’явіліся перакінутыя з-за лініі фронта дыверсійна-разведвальныя атрады «Грозны» і «Сокал». Раён знаходзіўся ў зоне ўплыву партызанскіх брыгад К.С.Заслонава, А.Ф.Данукалава, І.Р.Шлапакова, М.І.КІтаёва, партызанскага палка І.Ф.Садчыкава. Многія дубровенцы станавіліся народнымі мсціўцамі, былі партызанскімі сувязнымі.

***

Адчуваючы патаемнае і яўнае супраціўленне, акупацыйны рэжым лютаваў, хоць і без гэтага не быў лаяльны да насельніцтва. Людзей зганялі ў «выхаваўчыя» працоўныя лагеры, якія былі створаны ў вёсках Вячэрына, Галяшы, Карабанавічы, Станіславова і інш. Нечалавечыя пакуты цярпелі ці гінулі, не вытрымаўшы іх, вязні канцлагера ў населеным пункце Востраў Юр’еў (тэрыторыя Асінторфа). Перад прыходам нашых войск восенню 1943 года і рашаючым наступлением 1944 года фашысты пачалі выганяць мірнае насельніцтва ў свой тыл, а вёскі паліць. Тысячы людзей былі вывезены на катаржныя работы ў Германію. Вынішчалася яўрэйскае насельніцтва, асабліва жудасная трагедыя разыгралася пад мястэчкам Ляды, дзе расстралянымі быў запоўнены супрацьтанкавы роў (усяго каля 1200 чалавек). Такі ж лёс спасціг яўрэяў вёсак Баева, Расасна, г.Дуброўна.

Нямецкім карным органам удалося напасці на след падпольшчыкаў-дубровенцаў (шэсць схопленых камуністаў, у тым ліку і С С.Максіменка былі расстраляны 18 мая 1942 года ва ўрочышчы Лугаўцы) і новатухінскіх падпольшчыкаў (было схоплена і пасля катаванняў у Оршы расстраляна 12 чалавек).

(Асінторфская і Новатухінская падпольныя арганізацыі пазначаны на адпаведнай карце энцыклапедычнага выдання «Беларусь у Вялікай Айчыннай вайне. 1941-1945»).

Але супраціўленне ворагу не змяншалася, а нарастала. Ніякімі карнымі мерамі нельга было патушыць полымя народнага гневу.

А з усходу ўжо набліжалася родная і такая доўгачаканая Чырвоная Армія.

Адной з першых уступіла на тэрыторыю раёна 10-я гвардзейская армія пад камандаваннем А.В.Сухамліна — вечарам 28 верасня 1943 года дзве яе дывізіі падышлі да р.Мярэя.

У кастрычніку-лістападзе на дубровенскай зямлі жорсткія баі вялі, акрамя 10-й гвардзейскай, воіны 68-й, 31-й, 21-й і 33-й армій. Па задуме камандавання Заходняга фронта намячалася ў першай палавіне ка­стрычніка фарсіраваць раку Днепр і развіваць наступленне далей. Але вораг умацаваўся тут так магутна, што для ажыццяўлення задуманага спатрэбілася дзевяць месяцаў. За гэты час наступленне прадпрымалася не раз, уносячы тысячы і  тысячы ахвяр савецкіх салдат і афіцэраў. Лінія фронта разрэзала раён на дзве часткі. Па адзін яе бок аднаўлялася мірнае жыццё — ажывалі калгасы, установы, школы і г.д., па другі — зямлю яшчэ таптаў фашысцкі бот. Ды да поўнага вызвалення заставалася нядоўга…

***

Абарончыя пазіцыі ворага, што праходзілі праз Дубровенскі раён, былі арганічнай часткай магутнага абарончага рубяжа глыбінёй 20-45 кіламетраў пад умоўнай назвай «Пантэра» (частка Усходняга вала). Савецкім войскам прадстаяла зламаць, пераадолець, узяць гэты, здавалася б, непрыступны рубеж. У ноч на 23 чэрвеня 1944 года, перад наступленнем галоўных сіл, была праведзена разведка боем.

Раніцай 23 чэрвеня пасля магутнай артпадрыхтоўкі пачалося наступленне — разгарнулася Беларуская наступальная аперацыя «Баграціён». У ходзе яе войскі левага крыла 3-га Беларускага фронта (каманду­ючы генерал арміі І.Д.Чарняхоўскі) — 11-я гвардзейская (камандуючы генерал-лейтэнант К.М.Галіцкі) і 31-я (камандуючы генерал-лейтэнант В.В.Глаголеў), зламаўшы супраціўленне ворага на аршанскім напрамку, 26 чэрвеня вызвали Дуброўна. Непасрэдна ў горад з баямі ўвайшлі воіны 220-й стралковай дывізіі палкоўніка В.А.Палявіка і 331-й стралковай дывізіі генерал-маёра П.Ф.Берастава.

***

Тысячы савецкіх воінаў паказалі сапраўдныя ўзоры адвагі, мужнасці і гераізму ў баях за вызваленне дубровенскай зямлі. За подзвігі на Дубровеншчыне прысвоена пасмяротна званне Героя Савецкага Саюза І.А.Буканаву, Г.А.Нікандравай і Ю.В.Смірнову, пры жыцці — Р.П.ВІтчынкіну, П.Ф.Клепачу, А.Р.Махнёву, У.П.Падзігуну, У.А.Сапрыкіну (яму спачатку памылкова таксама было прысвоена званне Героя пасмяротна).

***

Густа стаяць на нашай зямлі абеліскі і помнікі загінуўшым воінам-вызваліцелям. Іх некалькі дзясяткаў. Самы велічны сярод іх — мемарыяльны комплекс «Рыленкі». Ён пабудаваны ў 1973 годзе па праекту  лаурэата Дзяржаўнай прэміі СССР Мікалая Рыжанкова на 467-м кіламетры аўтамагістралі Масква-Мінск.

Тут у брацкай магіле пахаваны і перапахаваны астанкі больш за дзесяць тысяч савецкіх воінаў. А вечны спакой у дубровенскай зямлі знайшлі больш за 42 тысячы салдат і афіцэраў Чырвонай Арміі. «Больш», бо дакладная ці хоць бы больш-менш прыблізная колькасць загінуўшых не ўстаноўлена да гэтага часу, хоць не спыняецца пошук невядомых ахвяр вайны.

Такой была цана вызвалення. А трэба ж дадаць тысячы ахвяр мірнага насельніцтва, не кажучы пра матэрыяльны ўрон.

Вось такая суровая праўда і горкая памяць пра тыя 1130 векапомных дзён. Але наступствы вайны адчуваюцца і сёння.

 

Рэха вайны

У пачатку лета 1993 г. Дубровенскі раён наведалі старшыня Савета Міністраў Рэспублікі Беларусь В.Ф.Кебіч і міністр абароны Рэспублікі Беларусь генерал-палкоўнік П.П.Казлоўскі. Іх візіт быў звязаны з пачаткам буйнамаштабных работ па размініраванні тэрыторыі Дубровенщины, што затаіла ў сабе смерць з часоў Вялікай Айчыннай вайны. У сувязі з завяршэннем першага этапу размініравання тэрыторыі адбылося своеасаблівае падвядзенне вынікаў зробленага. …Гарэў вечны агонь перад брацкай магілай мемарыяла «Рыленки». Непадалёк у спецыяльна абсталяваным месцы ляжалі ўзоры трафеяў сапёраў. Стаялі ў страі людзі — кадравыя вайскоўцы і воіны запасу, якія з дня ў дзень займаліся смяротна небяспечнай працай. Міністр абароны высока ацаніў іх ратную працу, адзначыў тых, хто праявіў мужнасць і высокі воінскі прафесіяналізм. Два малодшых лейтэнанта былі датэрмінова павышаны ў званні.

Са словамі падзякі ад усяго насельні­цтва раёна да воінаў звярнуўся старшыня выканкама райсавета народных дэпутатаў М. А. Ляшчынскі. Ён сказаў, што на працягу трох месяцаў у размініраванні тэрыторыі раёна ў чатырох зменах удзельнічала больш за 900 чалавек.

Па хадайніцтве выканкама раённага Савета народных дэпутатаў Віцебскі аблвыканкам узнагародзіў Ганаровай граматай вайсковую частку № 39827. У сваю чаргу, выканкам райсавета народных дэпутатаў падарыў гэтай частцы каляровы тэлевізар.

…Размініраванне 1993 г. увойдзе яркай старонкай у летапіс вайсковай часткі. Яно праведзена на плошчы 1708 гектараў. Пры гэтым выяўлена і знішчана: процітанкавых мін — 316, проціпяхотных мін — 840, авіябомбаў — 2, артылерыйскіх снарадаў — 2726, мінамётных мін — 3460, гранат — 3159, а ўсяго 10 503 адзінкі.

М.А.Ляшчынскі адзначыў, што размініраванне стала магчымым дзякуючы разуменню неабходнасці гэтай працы ў Савеце Міністраў і Міністэрстве абароны рэспублікі.

Было адзначана, што размініравана 1708 гектараў, а ўсяго на тэрыторыі раёна трэба размініраваць 4,5 тыс. гектараў. І гэта работа працягвалася шмат гадоў, а знаходкі і зараз нагадваюць пра вайну.

 

Па старонках кнігі «Памяць. Дубровенскі раён»

падрыхтавала Святлана ШУРПАКОВА.