Сможет ли в 2012 году возродиться Дубровенская ПМК-53?
Што здарылася?
Вынікі дзейнасці адзінай у раёне будаўнічай арганізацыі ПМК-53 за мінулы год не радуюць: аб’ём работ у параўнанні з 2010 годам скараціўся на 16 працэнтаў. Не менш трывожны і той факт, што тут зноў пачаўся адток кадраў. Толькі за мінулы год колькасць работнікаў скарацілася на 35 чалавек.
Па стану на 1 студзеня гэтага года ў ПМК-53 было ў штаце 82 работнікі. Для параўнання: летам 2010 года тут працавалі 135 чалавек. Словам, працэс рэанімацыі былой магутнай ПМК-53, які пачаўся ў 2007 годзе, даў трэшчыну.
Галоўная прычына ў тым, што з-за фінансавага крызісу, якому падверглася наша краіна ў мінулым годзе, рэзка скараціліся дзяржаўныя інвестыцыі ў будаўніцтва жылля на сяле, на ўзвядзенні якога спецыялізуецца ПМК-53 у апошнія гады. Характэрна, што ўсе работы па будаўніцтву аднакватэрных дамоў у сельскай мясцовасці — ад падмурка да добраўпарадкавання тэрыторыі — арганізацыя выконвала ўласнымі сіламі. І спраўляліся будаўнікі з даручанай справай нядрэнна.
У 2010 годзе ПМК-53 стала зноў, як і ў 60-90 гады мінулага стагоддзя, галоўнай падраднай арганізацыяй у раёне па ўзвядзенню жылля на сяле. За той год будаўнікі здалі пад ключ 19 дамоў з гаспадарчымі пабудовамі і выканалі пэўны аб’ём работ на будаўніцтве яшчэ 6 дамоў, здача якіх у эксплуатацыю планавалася ў наступным годзе.
А вось у 2011 годзе работнікі ПМК-53 займаліся сваёй прывычнай справай — узвядзеннем жылля — толькі ў першай палавіне года. Потым фінансаванне будаўніцтва дамоў рэзка скарацілася. Сродкі ў асноўным выдзяляліся толькі на завяршэнне будаўніцтва жылля, якое пачалося ў папярэднім годзе. У выніку ў цэлым за 2011 год на сельскіх вуліцах раёна работнікі ПМК-53 здалі ў эксплуатацыю толькі 9 дамоў.
Каб будаўнікі не сядзелі без справы, кіраўніцтва арганізацыі вымушана было шукаць новыя аб’ёмы работ не толькі ў нашым раёне, але і за яго межамі. Напрыклад, брыгады электрыкаў і сантэхнікаў працяглы час працавалі ў Шклоўскім і Віцебскім раёнах, дзе займаліся мантажом абсталявання ў новых дамах.
Пэўны аб’ём работ работнікі арганізацыі выканалі на ўзвядзенні новай фермы ля аграгарадка Ляды. Заклалі падмуркі пад новыя збожжасушылкі ў аграгарадках Ляды і Баброва.
І ўсё ж прывычны рытм работы ПМК-53, які быў характэрны ў 2009 і 2010 гадах, у мінулым годзе быў парушаны. Няўпэўненасць у тым, чым калектыў арганізацыі будзе займацца ў перспектыве, з’яўляецца галоўнай прычынай звальнення многіх работнікаў.
Раённы выканаўчы камітэт не задаволены работай ПМК-53 у мінулым годзе.
На раённай нарадзе на мінулым тыдні, на якой абмяркоўваліся перспектывы развіцця будаўнічай галіны раёна ў 2012 годзе, ад дырэктара ПМК-53 Юрыя Здзіслававіча Крывашонка запатрабавана прыняць неадкладныя меры па аднаўленню ў калектыве ранейшай колькасці працуючых і выкананню праграмы будаўніцтва і рамонту аб’ектаў даведзенай арганізацыі на 2012 год.
Што чакае ПМК-53?
Нядаўна наш карэспандэнт сустрэўся з дырэктарам ПМК-53 Юрыем Здзіслававічам Крывашонкам і папрасіў расказаць, які аб’ём будаўнічых работ плануе калектыў арганізацыі выканаць у гэтым годзе.
—Звыш 3 мільёнаў рублёў наш калектыў павінен асвоіць на закладцы падмуркаў пад 6 збожжасушыльных комплексаў у сельгаспрадпрыемствах раёна. Прычым ставіцца задача выканаць гэты аб’ём работ у сціслыя тэрміны — да 1 красавіка, гаворыць Ю.З.Крывашонак.
У другім квартале наша арганізацыя павінна будзе правесці бягучы рамонт адміністрацыйнага будынка Асінторфскага сельсавета і рэканструкцыю асінторфскага Дома культуры. На гэтых двух аб’ектах мы павінны будзем асвоіць каля 1 мільярда рублёў.
Нашаму калектыву прапанавана таксама правесці капітальны рамонт дахаў кулінарнага камбіната, дзіцячага садка № 4.
—А якія планы вашай арганізацыі па будаўніцтву жылля на сяле?
—На гэты год на будаўніцтве жылых дамоў у сельскай мясцовасці нашага раёна пакуль выдзелена ўсяго 1 мільярд рублёў. Гэтай сумы грошай хопіць толькі для таго, каб закончыць будаўніцтва аднаго дома ў вёсцы Валяўкі і двух дамоў у аграгарадку Чырына, будаўніцтва якіх пачалося ў мінулым годзе. Магчыма пачнецца будаўніцтва двух аднакватэрных дамоў у аграгарадку Дабрынь. Але гэтыя планы пакуль не падмацаваны фінансамі. Словам, дзяржаўныя інвестыцыі прадугледжаны толькі на завяршэнне будаўніцтва жылля, узвядзенне якога пачалося ў мінулым годзе.
—Падчас прэс-канферэнцыі прадстаўнікам сродкаў масавай інфармацыі Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што з 1 студзеня гэтага года будзе больш жорсткая палітыка ў адносінах да кіраўніцтва будаўнічых арганізацый: кожны кіраўнік павінен шукаць падрадныя работы для свайго калектыву.
—Гэтай справай мы займаліся ў мінулым годзе, гэта робім і сёлета. Сёння (10 студзеня, заўв. аўт.) ў 15 гадзін я буду весці перамовы з галоўным інжынерам БУ-40 аб прадастаўленні пэўнага аб’ёму работ для брыгады тынкоўшчыкаў на будаўніцтве 40-кватэрнага дома на вуліцы Аршанскай.
У гэтым годзе ў раёне плануецца рэканструкцыя 13 старых малочнатаварных ферм. У нас ёсць магчымасць выканаць значны аб’ём будаўнічых работ і на перабудове жывёлагадоўчых памяшканняў. Таму я буду весці перамовы з кіраўнікамі сельгаспрадпрыемстваў і прапаноўваць паслугі нашай арганізацыі. Магчыма нам давядзецца прыняць удзел у рэканструкцыі ферм…
Пабываўшы на тэрыторыі ПМК-53, я пераканаўся, што ў гэтыя зімовыя дні работнікі арганізацыі не сядзяць без справы. На тэрыторыі гэтай арганізацыі 10 студзеня ў разгар рабочага дня я не ўбачыў ні адной адзінкі тэхнікі і работнікаў, якія бы бадзяліся без справы. У той дзень, па словах Юрыя Здзіслававіча Крывашонка, будаўнікі ПМК-53 былі задзейнічаны на будаўніцтве аднакватэрнага жылога дома ў вёсцы Валяўкі, на выкананні работ па закладцы падмуркаў пад збожжасушылкі ў аграгарадках Зарубы і Ерамееўшчына, на рамонце даха раённага Дома культуры.
На наступны дзень пасля наведвання ПМК-53, мне стала вядома, што Ю.З.Крывашонку ўдалося дамовіцца з галоўным інжынерам БУ-40 аб прадастаўленні тынкоўшчыкам ПМК-53 пэўнага аб’ёму работ на будаўніцтве 40-кватэрнага дома па вуліцы Аршанская. Зразумела, што ў планы будаўнікоў ПМК-53 на працягу года будуць уносіцца карэктывы. Гэта жыццё.
Як паведаміла галоўны эканаміст арганізацыі Таццяна Мікалаеўна Балбатоўская, у 2012 годзе калектыў арганізацыі павінен выканаць аб’ём будаўнічых работ на суму 5,1 мільярда рублёў або на 1,4 мільярда рублёў больш, чым у 2011 годзе. Відавочна, што выкананне пастаўленых задач будзе ў многім залежыць ад таго, наколькі кіраўніцтву арганізацыі ўдасца вырашыць наспеўшыя кадравыя праблемы.
Андрэй КВІР