С 2012 года в Дубровенском райагросервисе выполняют монтаж и вулканизацию шин
Новую паслугу ў пачатку гэтага года пачаў аказваць Дубровенскі райаграсэрвіс. Аб гэтым нашаму карэспандэнту паведаміў галоўны інжынер абслуговай арганізацыі Андрэй Міхайлавіч СЫЧОЎ.
—У канцы мінулага года наша арганізацыя за ўласныя сродкі набыла спецыяльны станок, на якім можна выконваць мантаж і дэмантаж шын грузавых аўтамабіляў, трактароў, збожжа- і кормаўборачных камбайнаў і сельгасмашын любых марак, — апавядае А.М.Сычоў.
Абслугоўвае станок для мантажу вялікагабарытных шын брыгада, якую ўзначальвае вядучы інжынер Аляксандр Віктаравіч Гудынаў. Аляксандр Віктаравіч і яго брат майстар-наладчык Андрэй Віктаравіч прадэманстравалі работу новага станка.
—Дэмантаж шын грузавых аўтамабіляў, трактароў, камбайнаў вельмі працаёмкая справа, — гаворыць А.В.Гудынаў. — Іншы раз, каб адарваць шыну ад дыска, вадзіцелю ці механізатару даводзіцца махаць кувалдай не адну гадзіну. Наш станок выконвае гэтую аперацыю за лічаныя хвіліны. Магутнасць намагання спецыяльнага прыстасавання станка на шыну дасягае 5 тон, і прыкарэўшая шына за доўгі час эксплуатацыі акуратна адрываецца ад дыска. Гэта вельмі важна для безкамерных шын энерганасычаных трактароў і камбайнаў, бо пры ручной разборцы могуць быць пашко-джаны дыскі.
—Адначасова з шынамантажным станком мы набылі і падкатны электравулканізатар “Эрэбус”, з дапамогай якога можна вулканізаваць скразныя парэзы шын любых дыяметраў. Такую паслугу мы выконвалі і раней, але для гэтага выкарыстоўвалі ручны вулканізатар. Новы апарат выконвае рамонт шыны ці камеры больш хутка і якасна, — гаворыць Андрэй Віктаравіч Гудынаў і дэманструе новы вулканізатар у рабоце.
Вядучы інжынер Аляксандр Віктаравіч Гудынаў расказаў, што шынамантажны станок і падкатны вулканізатар пакуль у асноўным выкарыстоўвалі для мантажу і вулканізацыі шын для тэхнікі райаграсэрвісу. На дзень майго наведвання паслугу шынамантажу вялікагабарытных шын скарысталі толькі інжынерныя работнікі ААТ “Рэдзькі”, якія даставілі для рамонту задняе кола трактара МТЗ-3022.
—Цяпер пры ўмове скразнога парэзу шыны не абавязкова аддзяляць шыну ад дыска, а кола ў зборы можна даставіць у нашу арганізацыю, дзе мы аператыўна правядзем усе работы па мантажу і рамонту шыны, — гаворыць А.В.Гудынаў.
Варта нагадаць, што з пачатку 2011 года райаграсэрвіс аказвае паслугі па мантажу і балансіроўцы шын легкавых аўтамабіляў. Гэтую паслугу актыўна выкарыстоўваюць як прадпрыемствы, так і вадзіцелі-аматары. Цяпер з устаноўкай станка для мантажу шырокагабарытных шын і падкатнага вулканізатара “Эрэбус” райаграсэрвіс мае магчымасць аказваць паслугі па мантажу і вулканізацыі шын любога віда тэхнікі ўсім арганізацыям, незалежна ад формы ўласнасці, і насельніцтву.
Андрэй КВІР