Какие сюрпризы подготовили «Днепровские голоса-2011»?
На дубровенскай зямлі свята. Міжнародны фестываль песні і музыкі Падняпроўя “Дняпроўскія галасы ў Дуброўне” сёлета дасягнуў свайго паўналецця. Абвясціўшы аб сабе як абласны агляд песні ў 1993 годзе — годзе 600-годдзя нашага горада, “Дняпроўскія галасы” пераступілі межы спачатку Віцебскай вобласці, затым — і межы Рэспублікі Беларусь, уступілі ў новы век і новае тысячагоддзе, набылі статус Міжнароднага фэсту, на які з’язджаюцца аматары песеннай творчасці і народнага фальклору не толькі з трох славянскіх дзяржаў — Беларусі, Расіі і Украіны, межы якіх злучае і аб’ядноўвае магутная рака Днепр, але і прадстаўнікі славянскіх дыяспар за рубяжом, аматары беларускай культуры прыбалтыйскіх і іншых краін свету.
Давайце, сябры, разам прасочым той шлях развіцця — ад пачатку зараджэння фестывалю і да яго сённяшняга паўналецця. І дапаможа нам у гэтым начальнік аддзела культуры райвыканкама Кацярына Пятроўна ЛАБУКА.
ГІСТОРЫЯ ТВОРЧАГА ФЭСТА
ЛЧ—Кацярына Пятроўна, вы ў нашым раёне працуеце з 1993 года, якраз з таго часу, як пачаўся адлік летапісу фестывалю “Дняпроўскія галасы ў Дуброўне”. Давайце ўспомнім, як усё пачыналася.
КЛ—На жаль, удзелу ў першым фестывалі я яшчэ не прымала. Затое ўсе наступныя добра памятаю, бо яны праходзілі з маім удзелам у той або іншай частцы яго арганізацыі і правядзення. Але як усё пачыналася, я добра ведаю.
Спачатку ў кіраўнікоў раёна была задума адзначыць у 1993 годзе 600-годдзе Дуброўна. Былі пераправераны дакументы, на падставе якіх можна было сцвярджаць, што горад на Дняпры паміж Смаленскам і Оршай існуе ўжо 6 стагоддзяў. Юбілей Дуброўна планавалася прыўрочыць да гадавіны вызвалення Беларусі і Дубровеншчыны ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў, гэта значыць, на канец чэрвеня. Але “зверху” далі другую параду і свята прызначылі на 20 дзён раней. Кіраўніцтва вобласці рашыла ўпершыню падарыць Дубровеншчыне абласное свята песні і музыкі “Дняпроўскія галасы”. Абласное свята азначала збор многіх творчых калектываў і гасцей. Быў створаны аргкамітэт фестывалю, многа ўвагі святу ўдзяляў старшыня райвыканкама Міхаіл Аляксандравіч Ляшчынскі і яго намеснікі.
Свята пачалося 5 чэрвеня. У Дуброўна прыехалі дэлегацыі ад Краснінскага раёна Смаленскай вобласці, Горацкага — з Магілёўшчыны, Талачынскага і Лёзненскага раёнаў нашай вобласці, горада Орша, шэфствуючых над нашым раёнам вайсковых падраздзяленняў. Адбылася сустрэча гасцей, работнікаў культуры, мастацтва, прадстаўнікоў творчай інтэлігенцыі з кіраўніцтвам раёна. Былі ўскладанне вянкоў да помнікаў нашага горада, канцэрт калектываў на гарадскім стадыёне, вялікі святочны салют, які ўразіў усіх сваімі відовішчнасцю і непаўторнасцю.
ЛЧ—У наступным, 1994 годзе, як мне вядома, свята не праводзілася?
КЛ—Так, пачынаючы з 1995 года “Дняпроўскія галасы” сталі гучаць у Дуброўне пастаянна.
ЛЧ—Давайце пагаворым, Кацярына Пятроўна, аб самых адметных асаблівасцях праводзімых фэстаў.
КЛ—Гэта толькі абывацелю можа паказацца, што свята штогод праводзіцца па адносна аднаму і таму ж сцэнарыю. На самой жа справе кожны раз у яго ўносяцца новыя элементы, абрысы, якія робяць наш фестываль відовішчным, запамінальным.
У 1995 годзе дата правядзення фэсту супала са святкаваннем гадавіны вызвалення Дубровеншчыны ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў. У той год свята сабрала 250 гасцей. Упершыню ў ім прымаў удзел фальклорны ансамбль “Кудзеліца” арганізацыйна-метадычнага цэнтра аддзела культуры. На флагштоку фестывалю развіваліся тры дзяржаўныя сцягі — Расіі, Украіны і Беларусі. З гэтых краін завіталі ў Дуброўна аматары народнага фальклору.
Год 1996. Свята праходзіць ужо як аднайменны фестываль, таму што на ім прадстаўлены цэлыя рэгіёны 3 братніх славянскіх краін і СНД — Беларусі, Расіі, Украіны. Пашырылася геаграфія прадстаўніцтва на фестывалі Расійскай Федэрацыі. Свята ахоплівае ўжо не толькі Падняпроўе. З прыбалтыйскай Калінінградскай вобласці Расіі выступіў на фестывалі народны ансамбль “Чабор”, які выканаў песні на цудоўнай беларускай мове. Упершыню ў Дуброўна выступаў Дзяржаўны акадэмічны хор Рэспублікі Беларусь імя Г.І.Цітовіча. Адбыліся паездка гасцей і гаспадароў свята на мемарыяльны комплекс “Рыленкі”, урачысты сход, у якім прынялі ўдзел старшыня выканаўчага камітэта абласнога Савета народных дэпутатаў У.П.Кулакоў, удзельнік вызвалення Дубровеншчыны М.К.Глазуноў, ураджэнец нашага раёна, драматург Аляксей Дудараў. У свяце прынялі ўдзел каля 30 самадзейных калектываў Талачынскага, Аршанскага, Сенненскага, Віцебскага раёнаў, гарадоў Віцебск і Орша, а таксама народны хор Краснінскага раёна, якія пабывалі ў раёне, выступілі перад сельскімі працаўнікамі, прынялі ўдзел у канцэрце на гарадскім стадыёне.
Галоўны рэжысёр свята, ён жа начальнік абласнога ўпраўлення культуры Мікалай Пятровіч Пашынскі і галоўны хормайстар вобласці Юрый Рыгоравіч Казлоў далі высокую ацэнку і выканаўчаму майстэрству творчых калектываў, і ўзроўню арганізацыі такога маштабнага мерапрыемства. Было выказана нават меркаван-не — зрабіць Дуброўна пастаянным месцам правядзення такога свята па ўзору “Славянскага базара” ў Віцебску. Але Дуброўна — не Віцебск, мы знаходзімся ў розных умовах. Вельмі няпроста такому невялікаму гарадку, як наш, прымаць і забяспечваць такую колькасць гасцей.
Упрыгожыў свята сваім выступленнем калектыў фальклорнай музыкі “Крыніца”, які быў створаны незадоўга да яго адкрыцця і які з’яўляецца пастаянным удзельнікам нашых фэстаў, заслугоўвае права называцца яго брэндам.
Год 1997. На фестываль “Дняпроўскія галасы ў Дуброўне” прыехалі больш за 20 калектываў. У выкананні хору Г.Цітовіча ўпершыню прагучала песня пра Дняпро, якая цяпер гучыць на фестывалі заўсёды і сімвалізуе еднасць славянскіх народаў.
Год 1998. У фестывалі прынялі удзел Беларускі Дзяржаўны аркестр сімфанічнай і эстраднай музыкі пад кіраўніцтвам Міхаіла Фінберга, дзяржаўны Нацыянальны хор Г.Цітовіча пад кіраўніцтвам Міхаіла Дрынеўскага, народныя ансамблі “Граймо” і “Світанак” з Украіны, “Талан” са Смаленска і яшчэ больш за 10 калектываў з братніх краін, розных абласцей і раёнаў Беларусі. Вось так з году ў год пашыралася кола ўдзельнікаў “Дняпроўскіх галасоў у Дуброўне”…
У 2004 годзе ў фестывалі прынялі ўдзел творчыя калектывы з Латвіі, а яшчэ праз год да іх далучыліся аматары беларускай песеннай творчасці з Літвы, Эстоніі. Так фестывалю “Дняпроўскія галасы ў Дуброўне” быў прысвоены статус Міжнароднага, паколькі ў ім прымалі ўдзел прадстаўнікі 5 і больш краін.
У 2008 годзе ў магутны хор фестывалю ўліўся голас прадстаўнікоў Польшчы. У 2009 годзе ў ім прымалі ўдзел госці са Славакіі.
У “Дняпроўскіх галасах” 2010 года галоўная сцэна фестывалю сабрала пад сваёй ракушкай больш за 20 калектываў з 8 краін свету — Беларусі і Расіі, Украіны і Славакіі, Літвы і Латвіі, Эстоніі і Польшчы.
На сёлетні ўдзел у фестывалі падалі заяўкі больш за 20 калектываў. Чакаецца прыезд, акрамя названых вышэй краін, творчага калектыву з Малдовы, пацвердзілі свой прыезд на наша свята госці са Славакіі, прыбалтыйскіх дзяржаў, Расіі, Украіны, прадстаўнікі беларускіх дыяспар за мяжой.
УСЕ НА ФЕСТЫВАЛЬ-2011!
ЛЧ—Чым, на ваш погляд, павінен запомніцца ўсім нам сёлетні фестываль?
КЛ—Сваёй відовішчнасцю, насычанасцю канцэртнымі мера-прыемствамі. Сёлета свята пачалося 17 чэрвеня. Паколькі першы фестываль праходзіў як свята горада, цяпер мы ніколі не адступаем ад гэтай традыцыі. Кожны раз першы дзень фестывалю прысвячаем святу горада, дзе падводзім вынікі работы па яго азеляненню, добраўпарадкаванню, называем імёны лепшых людзей горада, ушаноўваем калектывы і асобных уладальнікаў падвор’яў.
У пятніцу свята пачалося з абеду. Была арганізавана тэатралізаваная выстава “Старонкі гісторыі Дубровеншчыны”. Свята горада “Мой родны горад, табой я ганаруся!” праходзіла ў цэнтры горада, а надвячоркам у раённым Доме культуры гасцей і жыхароў райцэнтра сабраў канцэрт “Галасы памяці”, прысвечаны 70-годдзю пачатку Вялікай Айчыннай вайны. Пасля яго заканчэння ўсіх запрасіла адкрытая танцавальная пляцоўка з караоке “Горад, які танцуе”.
У суботу, як заўсёды, усіх гасцей добразычліва сустракаюць члены народнага клуба нацыянальнай кухні “Дубровенскія прысмакі”, якія частуюць іх нашымі беларускімі стравамі.
Набыць памятны сувенір гасцям прапаноўваюць майстры народных рамёстваў Віцебшчыны, што на працягу ўсяго дня ў суботу знаходзяцца са сваімі вырабамі на цэнтральнай плошчы горада. А ў школе мастацтваў у гэты час праходзіць канцэрт юных пераможцаў раённага агляду-конкурсу народнай песні і музыкі “Дняпроўскі салавей”, праводзяцца для дзяцей гульні і конкурсы, падво-дзяцца вынікі агляду-конкурсу лялек у нацыянальных касцюмах “Дубравушка”.
Для прадстаўнікоў дэлегацый наладжаны афіцыйны прыём у раённым выканаўчым камітэце.
Урачыстае адкрыццё фестывалю пройдзе, як заўжды, ля помніка Герою Савецкага Саюза Ганне Нікандравай. Асаблівасці сёлетняга адкрыцця ў тым, што будзе арганізаваны вынас пашпарта фестывалю, паколькі ён адзначае паўналецце. Над стварэннем гэтага дакумента працавалі работнікі раённага Дома рамёстваў.
Па традыцыі, усе госці і ўдзельнікі фестывальных мерапрыемстваў пабываюць на мемарыяльным комплексе “Рыленкі”, прымуць удзел у тэат-ралізаваным мітынгу-рэквіеме, службе ў капліцы ў гонар іконы Аўгустоўскай Божай Маці, а вечарам калектывы гасцей будуць прэзентаваць гледачам асобныя нумары сваіх канцэртных праграм, а поўны рэпертуар прадэманструюць у сельскіх установах культуры.
Суботнім вечарам будзе наладжана “Вечарына ў Дуброўне”, сваім песенным майстэрствам нас парадуюць удзельнікі студыі эстраднай песні “Ліра”.
ЛЧ—Напэўна, не менш насычаным, Кацярына Пятроўна, будзе і заключны дзень фестывальнай праграмы?
КЛ—Вядома. Тут гледачоў і гасцей чакае шмат сюрпрызаў. Спынюся на асобных. Будзе тэатралізаванае шэсце ўдзельнікаў фестывалю па гораду, гала-канцэрт мастацкіх калектываў і выканаўцаў з Расіі, Беларусі, Украіны і іншых краін.
Будзе працягваць сваю работу кірмаш рамёстваў, асобныя народныя майстры дадуць майстар-класы для ўсіх жадаючых.
Відовішчную праграму прадставяць сёлета ўдзельнікі гала-канцэрта, а мы ў сваю чаргу нікога не пакінем без апладысментаў, прызоў, дыпломаў і падарункаў, сярод якіх статуэтка дняпроўскага салаўя, вырабленая віцебскімі мастакамі-керамістамі Кавальчукамі.
“Планета сяброў” — так называецца заключнае мерапрыемст-ва, якое адбудзецца ў Кіраёўскім гаі для гасцей і ўдзельнікаў фестывалю. Там яны пазнаёмяцца бліжэй, абмяняюцца адрасамі для далейшага супрацоўніцтва і кантактаў. На фестывалі, па водгуках яго былых удзельнікаў, прадастаўляецца магчымасць у час сустрэчы, дзе няма канкурэнтаў, а ёсць толькі ўдзельнікі, прадэманст-раваць сваю творчасць і нешта пераняць у іншых, аздобіць свой рэпертуар новымі элементамі творчасці, унесці ў яго жывы струмень мастацтва.
КЛ—Наш фестываль, — падкрэслівае Кацярына Пятроўна Лабука, — развіваецца па класічнаму канону, у ім з году ў год праходзіць фальклорная песенная канва. Магчыма, таму з кожным годам павялічваецца колькасць жадаючых прыняць у ім удзел. Мы, як правіла, кожны раз запрашаем на фестываль усё новыя калектывы, каб як мага шырэй прадставіць іх геаграфічны ўдзел у мерапрыемстве такога рангу.
ЛЧ—Якая яшчэ асаблівасць сёлетняга фестывалю, Кацярына Пятроўна?
КЛ—Тое, што ён будзе мець не толькі культурную “афарбоўку”. Упершыню ў гісторыі на фестываль прыедуць інвестары Віцебскай вобласці і іншых рэгіёнаў краіны. Яны пабываюць разам з удзельнікамі калектываў у сельгаспрадпрыемствах, пазнаёмяцца з кіраўнікамі, і, хто ведае, можа лагічным завяршэннем такога эканамічна-культурнага дыялогу стане новая інвестыцыйная праграма, якая будзе выгадная для абодвух бакоў…
На нашу Дубровеншчыну прыйшоў ХVІІІ Міжнародны фестываль песні і музыкі Падняпроўя “Дняпроўскія галасы ў Дуброўне”, які спраўляе сваё паўналецце.
Лідзія ЧАПЯЛОВА
P.S. Дорогие друзья!
Как вы знаете, для многих дубровенцев фестиваль — долгожданный и любимый праздник. Лучшим подтверждением этих слов служит искреннее и лучистое стихотворение нашей землячки Ирины Молчановой.
Расправляй, фестиваль, свои крылья
Вновь июнь широко улыбается.
Вновь поет над Днепром соловей.
Флаги празднично развеваются,
Фестиваль собирает друзей.
От гостей стали улицы узкими,
От мелодий народных светлей,
Белорусы, украинцы, русские…
Всех в Дубровно созвал соловей.
Молдаване, поляки приехали.
Из Прибалтики много гостей.
И звучит поднепровское эхо —
Голосистый поет соловей.
Разноцветной радугой летнею
Зазвучал фестиваль, засверкал.
Он достиг совершеннолетия,
Повзрослел и солиднее стал.
Восемнадцатый Международный
Прописался в Дубровно родном,
И течет он рекой полноводной,
И поет в унисон соловьем.
Дружбы, братства, сердец единение…
Перекресток славянских дорог.
Здесь культур и традиций сплетение
В яркий творчества чудо-венок.
Расправляй, фестиваль, свои крылья!
Столько новых вершин впереди!
Ты такой молодой и красивый,
Легкокрылою песней лети!