ОАО «Дубровенский райагросервис» помогает сельхозпредприятиям района
Сёлета ў райаграсэрвісе стварылі поўнакамплектны механізаваны атрад па нарыхтоўцы сенажу і сіласу, у склад якога ўваходзяць кормаўборачны камбайн КВК-800, два трактары з навяснымі касілкамі, — адзін — з граблямі-валкаўтваральнікамі і тры “беларусы” з прычэпамі ПІМ-6 для перавозкі кармоў.
З пачатку гэтага корманарыхтоўчага сезону корманарыхтоўшчыкі з райаграсэрвісу па просьбе кіраўніцтва прадпрыемства “Прыдняпроўскі” пабывалі на сенажацях гаспадаркі ўжо двойчы: у чэрвені і ў першай дэкадзе ліпеня. Па стану на 10 ліпеня яны тут назапасілі 4956 тон сянажнай масы або дзве трэці ад усёй колькасці гэтага віду корму, нарыхтаванага на гэты дзень у гаспадарцы.
Узначальвае мехатрад Уладзімір Лявонцьевіч Гаеўскі, які адпрацаваў у гэтай раённай абслуговай арганізацыі на розных пасадах каля чатырох дзесяткаў гадоў. З ім і іншымі членамі мехатрада мне давялося сустрэцца на сенажаці непадалёку ад вёскі Кроцікі, што ў КУСГП “Прыдняпроўскі”. У той дзень мехатрад райаграсэрвісу пераехаў сюды з КУСГП “Арловічы”.
Уладзімір Гаеўскі расказаў, што рабочы дзень корманарыхтоўшчыкаў з райаграсэрвісу пачынаецца, як і ў сельскіх працаўнікоў, раннім ранкам і працягваецца да позняга вечара. Увесь сезон яны працуюць практычна без выхадных.
У тым, што члены мехатрада своечасова штодзень дабіраюцца да месца работы, немалая заслуга, па словах У.Гаеўскага, вадзіцеля “уазіка” Міхаіла Дашкевіча, які ўжо ў палавіне шостай гадзіны раніцы за рулём аўтамабіля едзе за механізатарамі, якія жывуць за межамі горада, а потым з райаграсэрвісу бярэ кірунак у гаспадарку, дзе працуе мехатрад, а вечарам дастаўляе членаў атрада ў горад.
Усе арганізацыйныя пытанні работы мехатрада вырашае Уладзімір Гаеўскі, які трымае цесную сувязь з кіраўнікамі і спецыялістамі гаспадарак.
—У тым, што наш атрад аказвае актыўную дапамогу ў нарыхтоўцы кармоў гаспадаркам раёна, у першую чаргу заслуга дырэктара нашай арганізацыі Дзмітрыя Уладзіміравіча Цімошчанкі і яго намесніка па вытворчасці Андрэя Міхайлавіча Сычова, якія аператыўна вырашаюць усе ўзнікшыя тэхнічныя і арганізацыйныя праблемы, — гаворыць У.Гаеўскі.
Першы этап нарыхтоўкі кармоў у гаспадарках раёна практычна завершаны. Але члены мехатрада райаграсэрвісу без работы не застануцца. Ім прадстаіць убіраць травы другога укосу, а потым дапамагаць гаспадаркам раёна нарыхтоўваць кукурузу на сілас. Работы хопіць як мінімум да кастрычніка.
Андрэй КВІР.
На здымку: механізатары Уладзімір Лялікаў, Аляксандр Бугаёў, Аляксандр Чарнаморцаў і начальнік мехатрада Уладзімір Гаеўскі (другі справа)