Захаваем памяць разам

 

Дубровно, дубровенский, память

2019 год знамянальны для Беларусі. Мы рыхтуемся адзначыць 75-годдзе з дня вызвалення ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў. Памятныя мерапрыемствы пачалі праводзіцца ўжо з восені 2018 года ў залежнасці ад часу вызвалення таго ці іншага населенага пункта. А працягнуцца яны да канца ліпеня. Адзін населены пункт будзе змяняцца іншым, як і 75 год таму, калі савецкія войскі з жорсткімі баямі адваёўвалі кіламетры беларускай зямлі. Ад вызвалення першага населенага пункта Камарына да апошняга — Брэста — прайшоў амаль год. А гэта сотні тысяч загінуўшых, дзясяткі знішчаных населеных пунктаў і пакуты акупацыйнага рэжыму.
У Дубровенскім раёне першым населеным пунктам, які быў вызвалены ад немцаў 1 кастрычніка 1943 года, стала вёска Баева. Менавіта тут у 2018 годзе быў дадзены старт патрыятычнай акцыі “Дарогамі вызваліцеляў”.
У Беларусі створаны Рэспубліканскі аргкамітэт па святкаванні 75-й гадавіны вызвалення ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў. Аргкамітэт узначальвае прэм’ер-міністр краіны Сяргей Румас. Адпаведныя аргкамітэты створаны ў кожнай вобласці і раённым цэнтры Беларусі.
На гэтым тыдні адбылося пасяджэнне абласнога аргкамітэта, якое правёў старшыня Віцебскага абласнога Савета дэпутатаў Уладзімір Цярэнцьеў. Ён адзначыў, што на Віцебшчыне шмат робіцца па захаванні памяці, патрыятычным выхаванні моладзі, ушанаванні ветэранаў вайны і воінаў-інтэрнацыяналістаў.
А ў гэтым годзе ўсім службам і ведамствам неабходна аб’яднаць свае намаганні і на належным узроўні адсвяткаваць юбілейную дату. Прадстаўнікі сацыяльнай і медыцынскай сферы, адукацыі, культуры, ідэалогіі і грамадскіх аб’яднанняў расказалі аб той рабоце, якая праводзіцца з ветэранамі, і паведалі, што запланавана зрабіць да юбілейнай даты.

Дубровно, дубровенский, память

У гэтым годзе асаблівая ўвага — паляпшэнню ўмоў жыцця ветэранаў, рамонту і добраўпарадкаванню помнікаў і воінскіх захаванняў. А іх на тэрыторыі нашай краніны — сотні. Напэўна, няма населенага пункта, дзе б ні было манумента, стэлы, абеліска ці помніка загінуўшым. Бо наступальная аперацыя па вызваленні Беларусі была адной з самых масавых за ўсю сусветную гісторыю. З абодвух бакоў у ёй прымалі ўдзел больш 4 мільёнаў чалавек.
Памяць аб тых, хто цаной свайго жыцця заплаціў за Перамогу, у беларусаў закладзена на генным узроўні. Тады, у 40-ых, супрацьстаянне ворагу аб’яднала народ. І сёння, праз 75 гадоў, кожны з нас, ад малодшага школьніка да сівога ветэрана аддае даніну памяці вызваліцелям, рыхтуецца да святкавання значнай для кожнага беларуса даты і абяцае, што заўжды будзе памятаць тыя гістарычныя падзеі.

Дубровно, дубровенский, память

У Дубровенскім раёне аргкамітэт па падрыхтоўцы да святкавання 75-годдзя вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў узначальвае старшыня райвыканкама Алег Лындзін. На першым пасяджэнні аргкамітэта быў абмеркаваны і зацверджаны план падрыхтоўкі і правядзення юбілейнай даты.
Асаблівая ўвага была звернута на работу з ветэранамі, колькасць якіх з кожным годам памяншаецца. Алег Лындзін даручыў аказаць неабходную дапамогу ветэранам.
Абмеркавалі на пасяджэнні запланаваныя ў раёне работы па рамонце помнікаў і абеліскаў. Усе яны да чэрвеня павінны быць адрамантаваны. Увага старшынь сельвыканкамаў была акцэнтавана на неабходнасць эфектыўнага і поўнага засваення выдзеленых на гэтыя мэты сродкаў. Рэкамендавана таксама пашырыць пратыку замацавання шэфскіх прадпрыемстваў і арганізацый за месцамі памяці. Найбольш маштабнай у 2019 годзе будзе рэканструкцыя мемарыяльнага комплекса “Рыленкі”, адкрыццё якога запланавана на 3 ліпеня.

Святлана ШУРПАКОВА.