В Дубровно работают на будущее государственной статистики
23 жніўня 1920 года Ваенна-рэвалюцыйны камітэт Беларусі прыняў рашэнне аб стварэнні Цэнтральнага статыстычнага бюро. У 1994 годзе бюро было пераўтворана ў Міністэрства статыстыкі і аналізу Беларусі. У 2008 годзе перайменавана ў Нацыянальны статыстычны камітэт Рэспублікі Беларусь.
Зараз сістэму органаў статыстыкі нашай краіны мае разгалінаваную структуру. Тут працуюць сотні спецыялістаў. З мэтай больш даведацца аб асаблівасцях гэтай няпростай прафесіі мы сустрэліся з начальнікам аддзела статыстыкі Дубровенскага раёна Галоўнага статыстычнага ўпраўлення Віцебскай вобласці Наталляй Міхайлаўнай ДАШКЕВІЧ.
НД —Штогод 23 жніўня адзначаецца наша прафесійнае свята, — гаворыць Наталля Міхайлаўна Дашкевіч. — Сёлета органам дзяржаўнай статыстыкі споўніўся 91 год.
Яны неаднаразова пераўтвараліся, мяняліся іх назвы, аднак нязменнымі заставаліся задачы і функцыі — збор, абагульненне і аналіз статыстычнай інфармацыі аб эканамічным і сацыяльным развіцці краіны, давядзенне яе да органаў дзяржаўнага кіравання і шырокіх колаў грамадскасці.
Акрамя гэтага, мы фіксуем усю інфармацыю, якая адлюстроўвае дэмаграфічнае, сацыяльнае і экалагічнае становішча ў краіне.
ЛЧ—Наталля Міхайлаўна, я так разумею, што сёння афіцыйная статыстыка дазваляе адэкватна ацэньваць сацыяльна-эканамічную сітуацыю, якая складваецца ў Рэспубліцы Беларусь, аналізаваць усе працэсы, якія ў ёй адбываюцца, і выпрацоўваць упраўленчыя рашэнні?
НД—Больш таго, інфармацыйны працэс дзяржаўнай статыстыкі на 2011 год пастаўлены такім чынам, каб забяспечыць фарміраванне сістэмы нацыянальных рахункаў, адследжванне ходу выканання праграмы сацыяльна-эканамічнага развіцця Рэспублікі Беларусь на 2011-2015 гады, выкананне нарматыўных прававых актаў кіраўніка дзяржавы, законаў Рэспублікі Беларусь, пастаноў урада, а таксама інфармацыйных патрабаванняў у статыстычнай інфармацыі міжнародных арганізацый.
ЛЧ—Значэнне слова “статыстыка” не мяняецца. Гэта збор, апрацоўка, абагульненне пярвічных статыстычных дадзеных. Аднак на сучасным этапе ўдзяляецца вялікая ўвага рэалізацыі якасна новых падыходаў па аўтаматызацыі працэсаў арганізацыі і вядзення дзяржаўнай статыстыкі…
НД—Сапраўды так. Важным рашэннем для беларускай статыстыкі было прыняцце 13 лістапада 2006 года Указа Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь аб зацвярджэнні Дзяржаўнай праграмы Адзінай інфармацыйнай сістэмы дзяржаўнай статыстыкі Рэспублікі Беларусь, рэалізацыя якой пачата з 2007 года.
Гэта праграма забяспечвае ўкараненне ў статыстычную практыку электроннага фармата прадстаўлення рэспандэнтамі дзяржаўнай статыстычнай справаздачнасці, скарачэння працаёмкасці па ўводу і апрацоўцы статыстычнай інфармацыі і г.д.
Адзіная інфармацыйная сістэма дзяржаўнай статыстыкі Рэспублікі Беларусь павінна запрацаваць ужо ў 2013 годзе. На даным этапе ў нашым аддзеле кожнае рабочае месца аснашчана сучаснай вылічальнай тэхнікай.
ЛЧ—Наталля Міхайлаўна, на ваш погляд, у чым заключаецца асобая значнасць працы работнікаў органаў дзяржаўнай статыстыкі?
НД—У тым, што прыняцце ўпраўленчых рашэнняў па эканамічных, сацыяльных і экалагічных пытаннях на аснове афіцыйных статыстычных дадзеных закранае інтарэсы кожнага грама-дзяніна нашай краіны. Таму статыстам памыляцца нельга.
ЛЧ—Якія спецыялісты працуюць у аддзеле статыстыкі Дубровенскага раёна, якую ацэнку іх рабоце вы, Наталля Міхайлаўна, маглі бы ім выставіць?
НД—Работнікі статыстыкі — гэта людзі з асобым станам душы. Іх вызначаюць такія якасці, як вялікая адказнасць за даручаны ўчастак работы, уважлівасць і дакладнасць у выкананні сваіх службовых абавязкаў. Яны рэдка бываюць на віду, аднак вынікі іх працы выкарыстоўваюць і ведаюць усе.
У аддзеле статыстыкі Дубровенскага раёна працуюць 5 чалавек. Усе з высокай адказнасцю адносяцца да работы, заўсёды своечасова збіраюць і прадстаўляюць інфармацыю ў Галоўнае статыстычнае ўпраўленне Віцебскай вобласці.
Вядома, у гэтым ім дапамагаюць нашы выканаўчыя рэспандэнты. Нават калі нехта з іх і спазняецца з прадастаўленнем інфармацыі, эканамісты аддзела растлумачаць рэспандэнтам, якімі санкцыямі можа абярнуцца несвоечасовае прадстаўленне статыстычнай інфармацыі.
Розныя жыццёвыя шляхі прывялі маіх калег у статыстыку, аднак ва ўсіх ёсць тое, што іх аб’ядноўвае: яны працуюць адной згуртаванай камандай.
Больш за 20 гадоў працуюць у аддзеле статыстыкі намеснік начальніка аддзела Ніна Пятроўна Новікава і эканаміст першай катэгорыі Таццяна Уладзіміраўна Хамко. Гэтыя супрацоўніцы аддзела неаднаразова за добрую работу атрымлівалі Ганаровыя граматы Галоўнага статыстычнага ўпраўлення Віцебскай вобласці і раённага выканаўчага камітэта, былі названы лепшымі па прафесіі і ўдзельнічалі ў раённым злёце перадавікоў бюджэтнай сферы.
Яны прыклалі максімум сіл і старання, ведаў і вопыту, каб навучыць нас, хто пазней прыйшоў у статыстыку, усяму таму, што ведаюць самі, і зрабілі з нас першакласных спецыялістаў, сярод якіх Алена Анатольеўна Яўменава — галоўны эканаміст аддзела і Наталля Валер’еўна Гутарава — эканаміст 1 катэгорыі.
ЛЧ—Якім быў ваш шлях, Наталля Міхайлаўна, у статыстыку?
НД—Я ў аддзеле статыстыкі працую 8 гадоў. Да прыходу ў аддзел працавала галоўным бухгалтарам у кормапрадпрыемстве (была раней такая арганізацыя ў нашым раёне). У аддзеле статыстыкі прайшла шлях ад эканаміста да галоўнага эканаміста. Тры гады назад была прызначана на пасаду начальніка аддзела статыстыкі Дубровенскага раёна.
ЛЧ—Напярэдадні прафесійнага свята прынята віншаваць свой калектыў праз газету. Калі ласка, Наталля Міхайлаўна…
НД—Упэўнена, што калектыў аддзела статыстыкі будзе працаваць так, што яму ніколі не будзе сорамна за сваю работу. Сардэчна віншую і сённяшніх супрацоўнікаў аддзела статыстыкі, і ветэранаў, і, вядома ж, усіх рэспандэнтаў — грамадзян і суб’ектаў гаспадарання і дзякую за актыўнае супрацоўніцтва з органамі дзяржаўнай статыстыкі. Разам з вамі, сябры, мы робім адну вялікую справу — забяспечваем органы ўлады і кіравання дакладнай афіцыйнай статыстычнай інфармацыяй.
Ад усёй душы жадаю ўсім супрацоўнікам жыццёвых поспехаў, удачы ва ўсіх пачынаннях, здароўя, шчасця, дабрабыту.
Лідзія ЧАПЯЛОВА