12 августа в Дубровенском районе определился первый тысячник на уборке урожая
Першыя «тысячнікі» прымалі віншаванні
“Дняпроўская праўда” паведамляла ўжо, што ў нядзелю, 12 жніўня, вызначыўся першы ў раёне экіпаж-тысячнік: у гэты дзень камбайнеры Віталь Карманаў і Андрэй Іваноў з ААТ “Якубава-Агра” дасягнулі рубяжа па намалоту збожжа 1000 тон. А на наступны дзень такога ж намалоту дасягнуў яшчэ адзін экіпаж з гэтай гаспадаркі ў складзе Аляксандра Бацяна і Дзмітрыя Амоненкі.
У аўторак, 14 жніўня, павіншаваць герояў жніва з працоўнай перамогай у гаспадарку прыехалі старшыня раённага выканаўчага камітэта Анатоль Іванавіч Лукашоў і самадзейныя артысты аўтаклуба РАМЦ.
Сустрэча з камбайнерамі-тысячнікамі адбылася на ўскрайку ячменнага поля непадалёку ад аграгарадка Якубава. Анатоль Іванавіч Лукашоў цёпла павіншаваў камбайнераў з важнай хлебаробскай перамогай, пажадаў ім новых працоўных поспехаў і ўручыў падзякі ад раённага выканаўчага камітэта.
На наступны дзень ў ААТ “Якубава-Агра” пабываў старшыня райкама прафсаюза работнікаў АПК Міхаіл Іванавіч Рубанцаў. Ён уручыў экіпажу-тысячніку ў складзе Аляксандра Бацяна і Дзмітрыя Амоненкі грашовую прэмію ў суме 500 тысяч рублёў і павіншаваў з працоўнай перамогай.
Віталь Карманаў і Аляксандр Бацян — камбайнеры з вялікім стажам работы, неаднойчы станавіліся пераможцамі і прызёрамі раённага спаборніцтва камбайнераў. Дарэчы, у жніво 2010 і 2011 менавіта камбайнаваму экіпажу, які ўзначальвае Аляксандр Бацян таксама, як і сёлета, была прысуджана прэмія за дасягненне рубяжа па намалоту 1000 тон збожжа. Так што сёлетняя працоўная перамога ўжо трэцяя за апошнія гады.
Андрэй КВІР.
Фота аўтара.