История Федора Кулакова: «С Дубровно встретился в декабре 1977 года»
Уступнае слова
Пражыта семдзесят гадоў. Пройдзена, можна лічыць, усё жыццё, бо колькі яго застаецца мне, ды нікому іншаму — невядома. Сілы і здароўя яшчэ трохі ёсць, хоць і не столькі, як у маладосці. Затое больш жыццёвага вопыту, накапілася нямала ўбачанага і перажытага. Сядзець, склаўшы рукі ў чаканні састарэласці, не хочацца.
Вось і з’явілася задумка коратка расказаць аб пражытым і перажытым, паклаўшы ў гэты раз у аснову адрэзак часу больш за тры дзесяткі гадоў — перыяд, які звязваў мяне з дубровенскай раённай газетай “Дняпроўская праўда”, з Дубровеншчынай. Безумоўна, магчымы адступленні і ў больш далёкае мінулае.
Сустрэча з Дуброўна
Мне суджана было нарадзіцца ў самым пачатку мая 1941 года — напярэдадні Вялікай Айчыннай вайны. Само сабой зразумела, што вайны я не памятаю, а вось пасляваеннае дзяцінства і сёння помніцца да драбнічак. Было яно басаногае і галаднаватае, бо засталіся мы — маці і трое дзяцей — без бацькі, даваеннага калгаснага брыгадзіра, які загінуў на фронце ў званні сяржанта. І без хаты, якую немцы разабралі на бліндаж. Новую хату дапамог пабудаваць калгас. Гэта трэба мець на ўвазе, калі гаварыць пра наш савецкі лад.
Я рос, паспяхова скончыў сямігодку, затым — з вялікім перапынкам — школу рабочай моладзі. На гэты час працаваў ужо ў раённай газеце “За камунізм” нашага Калінкавіцкага раёна, адкуль адразу паступіў на аддзяленне (затым факультэт) журналістыкі Белдзяржуніверсітэта. У 1968 годзе па разверкаванню прыехаў працаваць у Оршу, дзе жыву і цяпер. Са снежня 1977 года стаў супрацоўнікам “Дняпроўскай праўды”, спачатку загадчыкам аддзела сельскай гаспадаркі, затым — на цэлыя дзесяцігоддзі — намеснікам рэдактара, нярэдка выконваючы абавязкі рэдактара. Аднойчы — больш за паўгода.
Яшчэ задоўга да гэтага рэдактар Дубровенскай райгазеты А.Ф.Агурцоў і загадчык сектара друку абкама партыі А.П.Савіцкі прапаноўвалі мне перайсці працаваць у “ДП” на пасаду намесніка рэдактара, але я тады адмовіўся…
…Нічым мяне Дуброўна не здзівіла, прыгожы, утульны гарадок на тым жа Дняпры, што і Орша. Праўда, быў тады толькі адзін мікрараён (пасёлак) Міжкалгасбуда. Многія ўстановы (бальніца, ашчадная каса, райкамунгас і г.д.) размяшчаліся ў прыстасаваных памяшканнях, але з задачамі сваімі спраўляліся. На вуліцах і ў скверы на плошчы раслі высачэзныя таполі, што, прызнацца, гораду прыгажосці не надавала.
Забягаючы наперад, скажу, што на цяперашні выгляд Дуброўны станоўча, на маю думку, у многім паўплываў фестываль “Дняпроўскія галасы”: каб дастойна сустракаць гасцей, адных песень малавата…
Рэдакцыя мяне таксама нічым не здзівіла. З рэдактарам мы ўжо былі знаёмы, з аршанцам Ісакам Коганам — таксама, з іншымі членамі калектыву (тады яшчэ была і свая друкарня) таксама ўсё было лёгка і проста.
І ўжо назаўтра ці паслязаўтра пасля залічэння ў штат мы — намеснік рэдактара Леанід Саратокін, фотакарэспандэнт Аляксей Кісялёў і я — паехалі ў першую на Дубровеншчыне маю камандзіроўку. На цэлы дзень. Пабывалі ў калгасе “Прагрэс”, саўгасах імя Чарняхоўскага і “Прыдняпроўскі”.
Адтуль я прывёз два матэрыялы: “Справе вянец” — пра стан жывёлагадоўлі ў “Прыдняпроўскім” і “На комплексе не ў комплексе”. Пра апошні скажу некалькі слоў асобна.
Тады разгортвалася будаўніцтва жывёлагадоўчых комплексаў з шырокай механізацыяй, высотнымі сіласнымі вежамі, Домам жывёлавода.
У “Прагрэсе”, непадалёку ад Баброва, такі комплекс узводзіў “Міжкалгасбуд”. Прарабам там быў кавалер ордэнаў Леніна, Працоўнага Чырвонага Сцяга і іншых узнагарод Мікалай Сафонавіч Садоўнікаў, які ў лютым 1976 года і пачынаў гэты аб’ект. І вось цяпер работы на важнейшым аб’екце раёна ішлі з адставаннем. Не па яго віне, пра што я і расказаў у газеце. З гэтага і пайшло, тады можна было смела кідацца “ў крытыку”, але вытрымліваючы меру і такт.
…Неўзабаве мы з фотакарэспандэнтам пабывалі на тарфяных палях Асінторфа, адтуль прывезлі фотарэпартаж “Для хлебнай нівы”. Там уражвалі агромістыя бурты нарыхтаванай летам тарфакрошкі. А зімой на калгасныя і саўгасныя палі ў грузавіках і трактарных прычэпах яе вывазілі столькі, што асноўныя вуліцы райцэнтра нават пасля снегападу заставаліся чорнымі ад пылу. Патокі грузавога транспарту ў абодва бакі былі амаль такія, як цяпер легкавушак, вось толькі «спящих (лежащих) милиционеров» не было.
З тарфакрошкі і гною рыхтавалі кампосты — дзесяткі тысяч тон, гэта быў “эліксір ураджаю”… Цяпер і без тарфакрошкі растуць высокія ўраджаі.
Для справы і для душы
Вясковы хлопец, я з задавальненнем пісаў пра сельскую гаспадарку. Любіў бываць на фермах, у полі, майстэрні, бо там усё было знаёма і блізка: у маладыя гады давялося ў калгасе працаваць і пастухом, і на сеялках, і памочнікам камбайнера.
Але моцна цягнула штосьці рабіць і для душы. У аршанскай газеце “Ленінскі прызыў” я вёў літстаронку і кіраваў літаб’яднаннем “Дняпроўскія галасы”, аб чым былі публікацыі і ў газетах «Советская Белоруссия», “Чырвоная змена”, перадача на абласным тэлебачанні.
Як кіраўнік аднаго з лепшых літаб’яднанняў нізавога перыядычнага друку я быў запрошаны на пленум Саюза пісьменнікаў Беларусі. І там глядзеў і слухаў жывых класікаў беларускай літаратуры: Міхася Лынькова, Івана Шамякіна, Івана Мележа, Васіля Быкава…
Дарэчы, Васіля Быкава я бачыў і раней, калі вучыўся на журфаку. Тады ў Мінску быў Канстанцін Сіманаў, і наш дэкан, у час вайны ваенны лётчык, Рыгор Васільевіч Булацкі папрасіў двух знакамітых пісьменнікаў-франтавікоў сустрэцца са студэнтамі-журналістамі. Сустрэча прайшла вельмі цікава. Запомнілася адно пытанне, зададзенае Канстанціну Сіманаву:
—Цяпер ёсць горад Валгаград. Чаму ў вашых творах ён застаецца Сталінградам?
—У час вайны я быў у Сталінградзе. Са Сталінам тады звязвалася вера ў нашу перамогу. Таму для мяне на ўсё жыццё застаўся горад Сталінград.
З аўтарам трылогіі “Жывыя і мёртвыя” нельга было не пагадзіцца.
Пашчасціла мне бачыць і Міхаіла Шолахава. Гэта адбылося, калі наш студэнцкі цалінны будаўнічы атрад “Зубрёнок” працаваў у Чапаеўскім раёне Уральскай вобласці, дзе загінуў Чапаеў, а сусветна вядомы пісьменнік, лаўрэат Нобелеўскай прэміі адпачываў там на сваёй дачы (відаць, не адзінай у яго) непадалёку ад Урала. Наш камандзір атрада, мой сябра Алег Слука запрасіў яго на сустрэчу са студэнтамі з Беларусі.
Міхаіл Шолахаў прыехаў на чорнай “Волзе”, у саўгасным клубе мы доўга мучылі яго пытаннямі. Але ён быў вясёлы, а на выхадзе з клуба спытаўся ў мяне, чаго гэта я адпусціў бараду? Я адказаў паўжартам, але гэтая сустрэча і гэты момант запомніліся назаўсёды…
Але вернемся ў Дуброўна, у рэдакцыю “ДП”.
Карцела, як рабіў у Оршы, штосьці падобнае стварыць і тут. І ўжо ў лютым 1978 года (“ДП” № 15 (5000) з’явілася літстаронка “Ручайкі” — выпуск першы, як было сказана ва ўступе да яе. Я змясціў на гэтай старонцы адзін свой верш “Хлеб” і скарыстаў вершы сваіх аршанскіх аўтараў — Алеся Махнача родам з вёскі Асінаўка і Цімафея Зямцова родам з вёскі Бяскі Дубровенскага раёна.
У вершы “Землякам” Ц.Зямцоў так і гаворыць:
Я от вас в небольшом отдалении.
Жизнь течет без тревог и тоски.
Но в дубровенском крае селение
Не забыть под названьем Бески…
Всякий раз, когда там я бываю,
В знак того, что безмерно влюблен,
Отдаю незабвенному краю
Свой сердечный и низкий поклон.
А при встрече давнишнего друга
Иль любого с тех мест земляка
Невтерпеж поздороваться туго,
Чтоб в руке захрустела рука…
Хороши там сады со смородиной,
Небольшой вдоль деревни ручей…
А ведь все это — крошечка Родины,
С каждым днем к ней любовь горячей.
Цікавым чалавекам быў Цімафей Емяльянавіч. У іх з жонкай Марынай не было сваіх дзяцей. Яны ўзялі на выхаванне пляменніка (не памятаю, з чыйго боку) і далі яму ўсё, што маглі даць толькі добрыя бацькі. Эканаміст па прафесіі Цімафей Зямцоў пісаў лірычныя і патрыятычныя вершы. Хворы на сэрца (аперацыю рабілі ў Маскве і назіралі яго маскоўскія свяцілы), ён быў поўны аптымізму, энергіі і… дабрыні.
У Бясках, пэўна, яшчэ памятаюць яго.
“Ручайкі” сталі добрым пачаткам невялікай дубровенскай паэтычнай рэчкі. Тут шмат гадоў друкаваў свае вершы ўраджэнец вёскі Міхееўка, выкладчык Аршанскага чыгуначнага тэхнікума Фёдар Пасіевіч, параўнальна не так даўно знайшоў туды сцяжынку былы марак, жыхар Оршы родам з вёскі Дзяцель Сяргей Залатарскі.
А літстаронка, якая ў насіла розныя назвы, адкрывала ўсё новыя імёны мясцовых талентаў. Тут у розны час пачыналі сваю паэтычную пуцявіну (ці працягвалі яе) Святлана Шупаёва (вёска Ганчарова), Наталля Шупілава (Буда), Васіль Забайловіч (Дуброўна), Мікалай Халецкі (Калінаўка), Ірына Малчанава (Дуброўна), Таццяна Прышчэпава (Зарубы), Вячаслаў Глебаў (Калінаўка), Міхаіл Рыбакоў (Дуброўна), Аксана Хмялёва (Баброва) і многія іншыя, усіх мне прыпомніць цяжка.
Літстаронкі з’яўляліся рэгулярна. Мы некалькі разоў выступалі ў сярэдніх школах, прафтэхвучылішчы (цяпер ліцэй) райцэнтра. Але стварыць такое літаб’яднанне, як у Оршы, мне не ўдалося — паэтычныя сілы і ўзаемасувязі паэтаў былі не тыя.
Не так даўно, 16 красавіка гэтага года, у “ДП” яшчэ была змешчана літстаронка “Аксамітная дубрава”, самае віднае месца ў ёй занялі вершы студэнткі ВНУ Таццяны Прышчэпавай. Хочацца, каб літстаронка не знікала ніколі, каб было дзе спрабаваць свае паэтычныя здольнасці школьнікам, каб і людзі сталага веку маглі ў сваіх вершах дзяліцца сваімі пачуццямі, поглядамі, перажываннямі.
А мяне на пачатку маёй працы ў “Дняпроўскай праўдзе” хвалявалі і іншыя тэмы, якімі я, як мне здаецца, не без поспеху займаўся і раней. Перш за ўсё, тэма ваенна-патрыятычнага выхавання школьнікаў і моладзі, для чаго на Дубровеншчыне былі добрыя перадумовы і шырокія магчымасці.
Хацелася сустракацца з цікавымі людзьмі і пісаць аб іх, што таксама знаходзіла падтрымку рэдактара. Аб гэтым я раскажу крыху ніжэй, зараз жа крануся будняў і святаў таго часу.
Шаноўныя сябры!
Працяг багатых успамінаў Фёдара Сяргеевіча будзе зусім хутка.
А пакуль у нас ёсць для вас цікавая інфармацыя…
Па-першае, паэтычныя, музычныя і іншыя таленты Дубровеншчыны вы можаце проста знайсці на нашым сайце (глядзім наверх 🙂 ) на старонцы “Суботняе сузор’е”, ці прайсці па наступнай спасылцы…
Па-другое, гісторыю газеты “Дняпроўская праўда” вы можаце прачытаць на нашым сайце (таксама глядзім наверх 🙂 ) на старонцы “О газете” альбо ў яе раздзеле “История «Днепровки»”. Ці ізноў вам патрэбна прайсці па наступных спасылках…
Поспехаў, даражэнькія!