У раённым Доме рамёстваў адбыліся вячоркі «Крыніцы народных талентаў»

Вячоркі здаўна ладзіліся доўгімі восеньскімі і зімовымі вечарамі: раней нельга было — шмат работы чакала ў полі-агародзе, у лесе ды ў хаце. Калі ж сціхала напружанасць вяснова-летняга сезона, быў прыбраны агарод, скаціна мірна хрумкала прыгатаваным сенам ў цёплых хлявах, гаспадынькі збіраліся ў адной з хат паселішча, пралі, вязалі, рамантавалі і шылі адзенне, а між справамі дзяліліся сакрэтамі вядзення хатняй гаспадаркі, спявалі, разам шукалі адказы на адвечныя пытанні.

 Але майстрыхі раённага Дома рамёстваў — гаспадыні спраўныя: паспяваюць рабіць вячоркі і жнівенскай напружанай парой. Тым больш, што нагода для іх правядзення вельмі ўражлівая.  Усе добра ведаюць, што адной з каштоўнасцей народнага рамяства на Дубровеншчыне з’яўляюцца гліняныя лялькі: фігуркі жывёл і людзей, птушкі-свістулькі. Гэта хрэстаматыйны факт. Але ж, калі звесткі з падручніка выходзяць у нашу рэчаіснасць, яны ўспрымаюцца зусім па-іншаму.

А Вольга Аляксеева, майстар дубровен­скага Дома рамёстваў, кіраўнік народнага клуба «Дубрава» расказала ўдзельніцам вячорак пра гліняныя фігуркі, якія нядаўна падаравала Дому рамёстваў Алеся Міхальчанка. Жыхарка Дуброўна знайшла  вырабы з гліны на сваім агародзе, палічыла знаходку цікавай і не памылілася.

 Вольга Аляксеева звярнула ўвагу на тое, што гэтыя вобразы — жанчыны і птушкі — выраблены менавіта па канонах дубровен­скага керамічна-глінянага мастацтва.

За размовай і творчасцю прайшлі вячоркі «Крыніцы народных талентаў», ролю вядучых на якіх выканалі майсты Дома рамё­стваў Святлана Крыжевіч і Алена Дудаўцова. Яны нагадалі прысутным пра дубровенскія асаблівасці вышыўкі і ткацтва. Затым кожны мог паспрабаваць вырабіць з гліны марачоўскую ляльку-свістульку. А якія ж вячоркі без добрай песні. Удзель­ніцы фальклорнага гурта «Кудзеліца» з задавальненнем паспрабавалі  рамяство лепкі з гліны і нагадалі песні, якія спявалі дубровенскія жанчыны, збіраючыся на вячорках.

 Алена КАРСАКОВА