Cёння у свеце шмат цудоўных моў. Адны з іх вабяць сваёй прыгажосцю і непаўторнасцю, другія — мілагучнасцю. Але ў кожнага чалавека ёсць толькі адна мова, якая завецца роднай. Менавіта на гэтай мове ён размаўляе з роднымі, сябрамі, знаёмымі. І вельмі дрэнна, калі чалавек пачынае забывацца на сваю мову, не шануе яе.
21 лютага кожны народ адзначае Дзень роднай мовы. Першапачаткова з такой ініцыятывай выступіў Бангладэш.
Менавіта ў гэтай краіне ў лютам 1957 года загінулі пяць студэнтаў, якія адстойвалі права навучацца на роднай мове. Зараз у нашым рознакаляровым і рознагалосым свеце налічваецца больш за шэсць тысяч моў. Палова з іх — пад пагрозай знікнення.
У Беларусі Дні роднай мовы пачалі ладзіцца дзяржаўнымі ўстановамі толькі ў 2009 годзе. З таго часу бібліятэкі прысвячаюць гэтаму дню кніжныя выставы беларускамоўных выданняў. Праводзяць мерапрыемствы, прысвечаныя Міжнароднаму дню роднай мовы, ва ўстановах адукацаі.
Музеі ладзяць публічныя чытанні беларускамоўных твораў мастацкай літаратуры пісьменнікамі, акцёрамі, мастакамі і дзяржаўнымі дзеячамі.
З 2009 года Таварыства беларускай мовы праводзіць у гэты дзень агульнабеларускія дыктоўкі паводле беларускамоўных твораў. Таксама праводзяцца прэзентацыі новых кніг, беларускамоўныя канцэрты.
У гэтым годзе інстытут мовазнаўства імя Якуба Коласа Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі з 21 па 28 лютага правядзе Тыдзень роднай мовы.
Сёння беларуская мова больш часта ўжываецца на дзяржаўных тэле- і радыёканалах, у перыядычных выданнях, справаводстве. У апошні час актыўна выкарыстоўвае беларускую мову творчая і навуковая інтэлігенцыя Беларусі. Але ў паўсядзённых зносінах ёй карыстаецца малы працэнт насельніцтва.
Дзень роднай мовы — добрая нагода, каб яшчэ раз задумацца аб нематэрыяльных каштоўнасцях, якімі багаты наш народ. Але мова — гэта не зброя маніпуляцыі, немагчыма прымусіць паважаць і любіць мову з-пад палкі.
Таму, каб беларуская гаворка не ператварылася ў экзотыку, і каб яе не падмянялі «трасянкай», мы можам папулярызаваць мову праз мастацтва, кіно і літаратуру, ствараць цікавыя праекты, у тым ліку для дзяцей. Мова павінна быць сродкам стварэння чагосьці, толькі тады яна жыве.