21 студзеня адзначаецца Міжнародны дзень роднай мовы.
Сення ў нашым рознагалосым свеце налічваецца больш за шэсць тысяч моў. Дзень роднай мовы — цудоўная нагода для нас, носьбітаў беларуская мовы, яшчэ раз задумацца пра яе як адзіную родную, якою мы завём матчынай.

Ангеліна БУДАЁВА,
вучаніца 11 класса сярэдняй школы №1
г.Дуброўна імя Г.Нікандравай:
— Мае бацькі з маленства чыталi мне казкi на роднай мове, потым расказвалi пра яе важнасць для нашай нацыі і дзяржавы, пра тое, як гэта добра, калі ты ёй валодаеш, калі можаш на ёй думаць і разважаць, чытаць і разумець творы беларускіх паэтаў і пісьменнікаў.
Беларуская мова па праве лічыцца адной з самых, я б сказала, незвычайных моў. Узяць нават беларускі алфавіт. Літара «Ў» — гэта літара, якая не сустракаецца больш ні ў адным алфавіце, а ў Полацку ёй пастаўлены помнiк.
Беларуская мова падабаецца мне сваёй унікальнасцю, непаўторнасцю, мiлагучнасцю і выключнасцю.
Для мяне гэтая мова ў разы прасцей для разумення і ўспрымання, чым руская, душа больш ляжыць да «мілагучнай роднай мовы». Таму я і вырашыла здаваць цэнтралізаваны экзамен па гэтым прадмеце.

 

 

Уладзіслава ВАСІЛЕВІЧ,
студэнтка Віцебскага дзяржаўнага
ўніверсітэта імя П.М.Машэрава
па спецыяльнасці «Беларуская філалогія»:
— Родная мова для мяне — не проста сродак камунікацыі. Гэта мова, на якой размаўлялі мае продкі, мова, на якой размаўляю і я.
Беларуская мова — гэта важны элемент маёй самаідэнтыфікацыі. Яна дазваляе мне адчуваць сябе часткай беларускай супольнасці і ганарыцца сваім паходжаннем.
Беларуская мова для мяне быццам ключ да разумення багатай беларускай літаратуры, фальклору, музыкі і нашай спадчыны.
Карацей кажучы, родная беларуская мова для мяне — гэта частка мяне самой, мой гонар і скарб, які я хачу захаваць і перадаць будучым пакаленням.
Я веру ў важнасць захавання і развіцця беларускай мовы і хачу зрабіць свой уклад у гэтую справу.
Я ганаруся тым, што навучаюся на такім цікавым факультэце, дзе я магу з асалодай начытацца беларусімі творамі, нашай мовай на ўсе 100 працэнтаў!
Любіце мову, не саромейцеся гаварыць на ёй, бо калі мы страцім сваю мову — мы страцім і сябе, і народнасць.

 

 

 

Таццяна ВЕРАМ’ЁВА,
настаўніца беларускай мовы
сярэдняй школы №2 г.Дуброўна
імя Ю.Смірнова:
— Наша родная мова прыгожая, мілагучная, мяккая і ў той жа час яскравая, звонкая і моцная. На кожны выпадак знойдзецца ў ёй трапнае слова. Калі вы чуеце яе — ці то сучасную літаратурную, ці змешаную «трасянку», або мясцовую дыялектную — ведайце, што гэта ўсё яна — наша беларуская мова. Не адварочвайцеся, а прыміце яе, бо яе месца ў нашай краіне. Нашы бацькі, дзяды і прадзеды нямала зрабілі, каб беларуская мова была прызнана як роўная сярод іншых моў свету, за яе змагаліся нашы продкі.
Вось як гаварыў вядомы беларускі пісьменнік Дзмітрок Бядуля: «Не саромся, беларус, гаманіць па-свойму, на роднай мове бацькоў і дзядоў сваіх. Шануй сваю мову, свае казкі, звычаі і ўсё роднае — гэта спадчына і вялікі нацыянальны скарб. Толькі тады цябе ўсе будуць шанаваць як чалавека, калі ты сам сябе будзеш шанаваць — калі не адкінеш свайго нацыянальнага багацця. А першы скарб нацыі — гэта родная мова».
А скарбы мовы, скарбы нашага пазнання, скарбы навакольнага свету расчыняцца тым, хто шчыра любіць і глыбока вывучае родную мову, літаратуру, культуру.

 

 

 

Падрыхтавала
Алена ЗАЙЦАВА.