Количество безработных на Дубровенщине стабильно сокращается
Амаль кожную раніцу на пляцоўцы побач з гаражамі райвыканкама можна бачыць вялікую групу людзей з віламі ў руках. Праз пэўны час падыходзіць аўтобус і пляцоўка пусцее.
Большасць дубровенцаў ведаюць, што гэта беспрацоўныя, якія пры садзейнічанні спецыялістаў сектара занятасці ўпраўлення па працы, занятасці і сацыяльнай абароне насельніцтва райвыканкама накіроўваюцца ў адно з сельгаспрадпрыемстваў раёна для выканання так званых аплачваемых грамадскіх работ.
Колькі сёння ў раёне людзей, якія не маюць пастаяннага месца работы? Такое пытанне я задаў галоўнаму спецыялісту сектара занятасці ўпраўлення па працы, занятасці і сацыяльнай абароне насельніцтва райвыканкама Тамары Васільеўне ЦІТАВЕЦ.
—Па стану на 1 студзеня гэтага года ў сектары занятасці стаялі на ўліку 55 чалавек, якія маюць афіцыйны статус беспрацоўных, — гаворыць Т.В.Цітавец. — Узровень беспрацоўя складае 0,7 працэнта ад колькасці эканамічна актыўнага насельніцтва і знізіўся ў параўнанні з адпаведным перыядам мінулага года на 0,1 працэнта. Дзве трэці сярод беспрацоўных — жанчыны, адна трэць — маладыя людзі да 29 гадоў, дзве трэці — людзі, якія не маюць спецыяльнай адукацыі. Спецыялістаў з вышэйшай адукацыяй сярод беспрацоўных было толькі два чалавекі, адзін з якіх ужо працаўладкаваўся.
Як вынікае з інфармацыі Т.В.Цітавец, сёння беспрацоўе ўжо не носіць такі масавы характар, як скажам, восем-дзесяць гадоў назад. Напрыклад, па стану на 1 студзеня 2004 года афіцыйны статус беспрацоўных у нашым раёне мелі 445 чалавек або 5,4 працэнта ад колькасці эканамічна актыўнага насельніцтва. Скарачэнне “арміі” беспрацоўных — гэта вынік паляпшэння эканамічнай сітуацыі ў краіне і стварэнне новых рабочых месцаў. Толькі за апошнія дзевяць гадоў ў цэлым па раёне было створана звыш 1400 новых рабочых месцаў. У гэты перыяд актыўна пачаў развівацца прыватны бізнэс, створаны шэраг новых прыватных малых прадпрыемстваў. Пачалі ажываць і расшыраць вытворчасць дзяржаўныя прадпрыемствы, у прыватнасці, ПМК-53. Усё гэта і дазволіла карэнным чынам палепшыць сітуацыю з занятасцю насельніцтва ў раёне.
Па словах Т.В.Цітавец, у апошнія гады ўзрос спыт на кваліфікаваную рабочую сілу і спецыялістаў з практычным стажам работы ўсіх будаўнічых спецыяльнасцяў, электрыкаў, механізатараў, спецыялістаў сельгасвытворчасці з вышэйшай адукацыяй. І не выпадкова, што ў апошні час на старонках “Дняпроўскай праўды” з’явілася шмат аб’яў аб наяўнасці на прадпрыемствах раёна вакансій на такіх спецыялістаў.
У сваю чаргу ўпраўленне па працы, занятасці і сацыяльнай абароне насельніцтва райвыканкама штогод аказвае садзейнічанне беспрацоўным у набыцці прафесіі ці перападрыхтоўцы. У мінулым годзе, напрыклад, на прафесійную падрыхтоўку ўпраўленне накіравала 30 беспрацоўных, на што было затрачана 41,7 мільёна рублёў дзяржаўных грошай.
Як ужо адзначалася, сектар занятасці арганізоўвае аплачваемыя грамадскія работы для беспрацоўных. Па дадзеных сектара занятасці, у мінулым годзе да часовай занятасці ў выглядзе аплачваемых грамадскіх работ былі прыцягнуты 381 чалавек, у тым ліку 182 беспрацоўныя. Імі адпрацавана 7902 чалавека-дні, у тым ліку беспрацоўнымі — 3700.
Для дастаўкі гэтых людзей да месца работы і назад з фонду сацыяльнай абароны насельніцтва было выдаткавана 52,2 мільёна рублёў. Варта адзначыць, што ў аплачваемых грамадскіх работах прымаюць удзел і людзі, якія не стаяць на ўліку ў сектары занятасці, але нідзе не працуюць, а таксама пенсіянеры і іншыя грамадзяне, якія хочуць мець дадатковы заробак.
Акрамя таго, сектар занятасці накіроўвае людзей, якія маюць афіцыйны статус беспрацоўнага, на выкананне сацыяльна важных грамадскіх работ. У мінулым годзе ў выкананні такіх работ прынялі ўдзел 39 чалавек. Яны ажыццяўлялі рамонт гарадскога стадыёна, добраўпарадкоўвалі тэрыторыю дзіцячага аздараўленчага лагера “Лугаўцы” і сельскія населеныя пункты, прымалі ўдзел у азеляненні г.Дуброўна. На выкананні гэтых відаў работ з фонду сацыяльнай абароны насельніцтва было выдаткавана 117 мільёнаў рублёў.
У мінулым годзе было выдадзена 8 субсідый беспрацоўным для заняцця прадпрымальніцкай дзейнасцю, сума выплат склала 41 мільён рублёў.
На працягу мінулага года 82 беспрацоўныя атрымлівалі даплату па беспрацоўю. На гэта было затрачана з фонду сацыяльнай абароны насельніцтва 41,7 мільёна рублёў. Сярэднямесячная выплата дапамогі склала 96600 рублёў.
Нядаўна пытанне аб стану рынка працы ў раёне абмяркоўвалася на пасяджэнні раённага выканаўчага камітэта.
У прынятым па гэтаму пытанню рашэнні зацверджаны мерапрыемствы па забеспячэнні занятасці насельніцтва раёна ў 2012 годзе. Згодна з імі, у прыватнасці, плануецца накіраваць на прафесіянальную перападрыхтоўку 30 грамадзян, арганізаваць аплачваемыя грамадскія работы для 340 грамадзян.
На перыяд актыўнага пошуку работы беспрацоўным будзе аказвацца матэрыяльная падтрымка ў выглядзе выплаты дапамогі па беспрацоўю. На гэта з фонду сацыяльнай абароны насельніцтва прадугледжана выдзеліць 129 мільёнаў рублёў. Васьмі беспрацоўным для арганізацыі прадпрымальніцкай дзейнасці плануецца выдзяленне субсідый з фонду сацыяльнай абароны насельніцтва на суму 65 мільёнаў рублёў. Рашэннем райвыканкама таксама забраніравана 30 рабочых месцаў для грамадзян, якія не здольны канкурыраваць на рынку працы. Прадугледжана далейшае стварэнне рабочых месцаў і выдзяленне на гэтыя мэты наймальнікам беспрацэнтных пазык.
У цэлым на рэалізацыю мерапрыемстваў па забеспячэнні занятасці насельніцтва раёна ў 2012 годзе плануецца накіраваць 580 мільёнаў рублёў.
Андрэй КВІР