Жніво — маладое,а справы — сталыя


На гэтым тыдні ўзровень намалоту тысячы тон зерня дасягнуў маладзёжны экіпаж камбайна КЗС-10К: Аляксандр Федарцоў і Юрый Глушакоў, якія шчыруюць на палях КУСГП «Зарубы». Іх камбайн менш магутны, чым КЗС-1218, які за секунду намалочвае 12 кілаграмаў зерня. А «дзясятка», як ласкава называюць механізатары сваю машыну, на два кілаграмы менш. Таму і тысяча, атрыманая на гэтым камбайне, больш важкая. З віншаваннямі да працаўнікоў завіталі старшыня раённай арганізацыі РГА «Белая Русь» Святлана Рыжанская і кіраўнік сельгаспрадпрыемства Андрэй Сычоў.

Святлана Рыжанская адзначыла, што вельмі прыемна віншаваць з працоўнымі перамогамі прадстаўнікоў менавіта маладога пакалення, якія разумеюць, што праца — гэта «не пакаранне; гэта ўзнагарода і сіла, слава і асалода».

Гэта сапраўды так, таму што, напрыклад, для Аляксандра Федарцова, гэтае жніво ўжо дзясятае па ліку, тры з якіх ён працуе з памочнікам Юрыем Глушаковым. Хлопцы задаволены ўмовамі працы, камбайнам. Аляксандр плануе замацаваць за сабой гэты камбайн, каб даглядаць і працаваць на ім і далей. Задаволены маладымі механізатарамі і Андрэй Сычоў, які ад кіраўніцтва КУСГП «Зарубы» ўручыў працаўнікам грашовую прэмію.

А тым часам на палетках ААТ «Баброва-Агра» віншаванні атрымліваў камбайнер Юрый Кураедаў, які першым сярод маладых удзельнікаў жніва намалаціў паўтары тысячы тон зерня. Другой працоўнай перамогі на жніве дабіўся і Аляксандр Варанкоў, вадзіцель з ААТ «Прыдубровенскае», які першым сярод маладых кіроўцаў на адвозцы перавез две тысячы тон зерня. Працаўнікоў віншавалі першы сакратар райкама БРСМ Вікторыя Храмцова, старшыня райкама прафсаюза працаўнікоў АПК Аляксандр Малянкоў і галоўны спецыяліст аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі Дубровенскага райвыканкама Аксана Петрыкава.

Дубровенскім аграрыям засталося ўбраць 21,3% плошчаў. Па стане на 20 жніўня, намалочана 57745 тон зерневых і зернебабовых (у мінулым годзе на гэты дзень было сабрана 53577 тон) ураджайнасць па раёне складае 36,2 ц/га.

Выцераблена 97,9% лёну, запрасавана льнотраста на 524 га, намалочана да плана 59,6% льносемя.

Вядуць дубровенцы і падрыхтоўку да азімага сева. Так, пад азімыя культуры падрыхтавана 5 310 га, пасеяна 45% ад запланаванага крыжакветных.

Алена КАРСАКОВА.