У ААТ “Дубровенскі льнозавод” адбыўся справаздачны сход
Нядаўна справаздачны сход адбыўся ў ААТ “Дубровенскі льнозавод”, на якім прысутнічаў старшыня раённага выканаўчага камітэта Анатоль Лукашоў.
Выступаючы са справаздачным дакладам, дырэктар завода Анатоль Басянкоў адзначыў, што ў мінулым годзе па большасці паказчыкаў назіралася станоўчая дынаміка развіцця прадпрыемства. Так, сума выручкі ад рэалізацыі прадукцыі ў параўнанні з папярэднім годам павялічылася на 36 працэнтаў. Прадукцыйнасць працы павысілася на 24 працэнты, а ўзровень зарплаты вырас на 26 працэнтаў і ў сярэднім яна склала 6 мільёнаў рублёў.
У мінулым годзе на завадскім канвееры выраблена 2782 тоны валакна, у тым ліку доўгага — 745, што адпаведна на 7 і 2 працэнты больш, чым у папярэднім годзе. Значна больш, чым у 2014 годзе, прададзена прыдукцыі на экспарт: за мяжу яе рэалізавана на суму 1 мільён 655 тысяч долараў, што на 46 працэнтаў больш, чым у папярэднім годзе.
Аднак нягледзячы на павелічэнне вытворчасці льновалакна і яго паставак на экспарт, эканамічныя вынікі года не радуюць. Чысты прыбытак у цэлым па заводзе склаў усяго 40 мільёнаў рублёў, а ад рэалізацыі прадукцыі атрымана 931 мільён рублёў страт.
Галоўнымі прычынамі нізкай эфектыўнасці вытворчасці і рэалізацыі прадукцыі перш за ўсё з’яўляюцца нізкія закупачныя цэны на валакно, пераважную большасць якога завод пастаўляе на Аршанскі льнокамбінат, яны не пакрываюць затраты на яго вытворчасць, а таксама няўхільны рост цэн на спажываемыя энергарэсурсы, мінеральныя ўгнаенні і сродкі абароны раслін. Сярэдні нумар доўгага валакна, рэалізаванага ў мінулым годзе, склаў 10,62 і некалькі ніжэйшы,чым у папярэднім годзе.
Калі на першыя два вышэйназваныя фактары,якія зніжаюць эфектыўнасць вытворчасці, калектыў завода не мае магчымасці ўздзейнічаць, дык на трэці — якасць прадукцыі, можа. Многае, па словах дырэктара, залежыць ад арганізацыі работы ў полі пры вырошчванні і ўборцы лёну і на завадскім канвееры пры яго перапрацоўцы, захаванасці тэхналагічных працэсаў на ўсіх этапах вырошчвання, уборкі і перапрацоўкі льносыравіны, ад эканоміі і беражлівасці матэрыяльных і энергетычных рэсурсаў на кожным рабочым месцы.
У мінулым годзе з-за шэрагу аб’ектыўных і суб’ектыўных прычын не ўдалося нарыхтаваць неабходную колькасць трасты для максімальнай загрузкі завадскога канвеера: яе было ўкладзена пад завадскія шохі 8583 тоны, або на 1200 тон менш, чым у папярэднім годзе. Для поўнай загрузкі канвеера ў гэтым годзе, па словах А.Басянкова, неабходна нарыхтаваць не менш 11 тысяч тон трасты. Для выканання гэтай задачы плануецца пашырэнне пасяўной плошчы пад лён на 200 гектараў.
На сходзе выступілі кантрольны майстар па валакну, старшыня прафкама Вольга Крывава, галоўны інжынер-механік Андрэй Марачоў, галоўны аграном Уладзімір Якуцёнак, галоўны інжынер Сяргей Крапочын, начальнік вытворчасці Валянціна Рыжанкова, якія ўказалі на недахопы і ўпушчэнні, якія маюцца ў рабоце, назвалі рэзервы павелічэння вытворчасці і якасці вырабляемага льновалакна.
Станоўча ацаніў работу калектыва льнозавода старшыня райвыканкама Анатоль Лукашоў. Ён звярнуў увагу рабочых завода на неабходнасць задзейнічання ўсіх рэзерваў для павелічэння аб’ёмаў вытворчасці лёну і перапрацоўкі сыравіны, што дазволіць павысіць эфектыўнасць вытворчасці і павысіць зарплату рабочых.
Андрэй КВІР.