Хатынь — помнік народнага смутку
Мы дзякуем тым, хто рызыкаваў сваім жыццём, каб падарыць нам вольнае жыццё пад мірным небам. Памятаем пра тых, хто праявіў мужнасць і нязломную сілу духу, стаўшы ахвярамі бесчалавечнага нацысцкага рэжыму.Сімвалам такіх ахвяр і пакут беларусаў стала трагедыя знішчанай фашыстамі вёскі Хатынь.
Пачатак 1943 года. «Бліцкрыг» праваліўся. Шырылася і мацнела партызанская барацьба на тэрыторыі Беларусі. Да гэтага часу 60 працэнтаў тэрыторыі Беларусі, якая першай прыняла на сябе ўдары фашысцкіх полчышчаў, кантралявалася партызанамі.
Раніцай 22 сакавіка 1943 года нямецкі паліцэйскі батальён атрымаў указанне адрамантаваць пашкоджаную лінію сувязі паміж Лагойскам і вёскай Плешчаніцы. На шляху да месца працы фашысты сустрэлі жанчын, якія сказалі, што паблізу не бачылі партызан.ачатак 1943 года. «Бліцкрыг» праваліўся. Шырылася і мацнела партызанская барацьба на тэрыторыі Беларусі. Да гэтага часу 60 працэнтаў тэрыторыі Беларусі, якая першай прыняла на сябе ўдары фашысцкіх полчышчаў, кантралявалася партызанамі.
Калона прасунулася метраў на 300 і патрапіла ў засаду. Пасля жорсткага бою карнікі выклікалі падмацаванне, прыехалі на месца, дзе беларускі валілі лес і расстралялі на месцы 26 жанчын. Хутка высветлілася, што партызаны, якія напалі на атрад, начавалі ў Хатыні.
23 сакавіка 1943 года немцы акружылі вёску, каб паказаць усім, што бывае з тымі, хто дапамагае народным мсціўцам.
Жыхароў Хатыні сагналі ў калгасную адрыну і замкнулі ўнутры яе. Тых, хто спрабаваў змагацца за сваё жыццё і ўцячы, расстрэльвалі на месцы.
Карнікі не шкадавалі нікога. У драўлянай пабудове аказаліся жанчыны і мужчыны, старыя і дзеці.
Сцены адрыны былі абкладзены саломай, абліты бензінам і падпалены. Крыкі людзей, якія гарэлі і задыхаліся ад дыму, былі жудасныя. Людзі кідаліся па хляве, спрабуючы знайсці выйсце. Напору чалавечых целаў не вытрымалі дзверы. Людзей, якія кінуліся з вогненнай пасткі, карнікі сустрэлі аўтаматным агнём…
Калі дах палаючага будынка паваліўся на зямлю, наступіла злавесная цішыня. Усяго загінулі 149 чалавек, з якіх 75 былі дзецьмі, якім не споўнілася 16 гадоў.
Выратавацца ад зверства акупантаў тады ўдалося дзвюм дзяўчатам — Марыі Федаровіч і Юліі Клімовіч, якія цудам змаглі выбрацца з хлява і адпаўзці да лесу, дзе іх падабралі жыхары вёскі Хварасцені. 7-гадовага хлопчыка Віктара Жалабковіча выратавала ад смерці маці, засланіўшы сваім целам. 12-гадовага Антона Бараноўскага фашысты палічылі забітым і пакінулі на месцы расстрэлу жыхароў.
З дарослых жыхароў вёскі выжыў толькі 56-гадовы вясковы каваль Іосіф Камінскі. Абпалены і паранены, ён апрытомнеў толькі позна ноччу, калі карныя атрады пакінулі вёску. Яму прыйшлося перажыць яшчэ адзін цяжкі ўдар: сярод загінуўшых аднавяскоўцаў ён знайшоў свайго сына Адама. Хлопчык быў смяротна паранены ў жывот, атрымаў моцныя апёкі. Ён памёр на руках у бацькі…
У 1969 годзе на месцы спаленай разам з жыхарамі вёскі Хатынь у памяць аб загінуўшых жыхарах Беларусі ўзведзены мемарыяльны комплекс «Хатынь», у якім увасоблена ідэя мужнасці і непакорнасці беларускага народа, які прынёс незлічоныя ахвяры ў імя Перамогі. Дарожка з жалезабетонных пліт вядзе да былой вясковай вуліцы. На месцы кожнага з 26 былых дамоў ляжыць першы вянок зруба з шэрага, колеру попелу, бетону. Унутры абеліск у выглядзе коміна — усё, што заставалася ад спаленага дома. На мемарыяльных плітах — імёны і прозвішчы загінуўшых жыхароў вёскі, з указаннем узросту дзяцей да 16 гадоў. Перад кожным домам адкрытая брамка — сімвал гасціннасці хатынцаў.
Абеліскі ўвянчаны званамі, якія самотна звіняць кожныя 30 секунд — у памяць аб тых, хто аддаў сваё жыццё, але не скарыўся ворагу. Чатыры мармуровыя калодзежы стаяць на тым месцы, дзе раней былі сапраўдныя.
Пасля трагедыі ў Хатыні прайшло ўжо амаль 80 год. Але забывацца на яе нельга: тым больш, што лёс Хатыні падчас Вялікай Айчыннай вайны паўтарылі больш за 600 беларускіх вёсак. А колькі з разбураных і знішчаных вайной населеных пунктаў так і засталіся папялішчамі, не адрадзіўшыся да жыцця? Пра гэта таксама трэба памятаць. Вывучаючы трагічныя старонкі гісторыі, захоўваючы памяць аб вайне, мы будзем памятаць, якой цаной аплаціў наш народ мірную будучыню сваім нашчадкам.