Какие шансы у механизаторов Дубровенщины выиграть битву за урожай-2011?

Дубровно, село, посевная, урожай, весна, поле, крестьянин, зерно, рапс, плакат

Галоўнае пытанне веснавых палявых работ на Дубровеншчыне

Веснавы дзень год корміць. Сёлета гэтая народная прыказка асабліва актуальная. Мала таго, што запазнілася вясна, і яравыя культуры трэба пасеяць у больш сціслыя, чым у мінулыя гады, тэрміны, ды яшчэ па прычыне складаных умоў надвор’я зімой на палове плошчаў загінуў рапс: плошчы, занятыя ім, неабходна засеяць яравымі культурамі. Таму працоўнае напружанне на веснавым полі высокае: трэба спяшацца з падкормкай азімых і кармавых культур, сяўбой яравых збожжавых, рапсу, набліжаюцца аптымальныя тэрміны сяўбы лёну, караняплодаў, кукурузы. Усе палявыя работы трэба выканаць своечасова, інакш на багаты ўраджай разлічваць дарэмна.

Але дасягаючы максімальна магчымай выпрацоўкі тэхнікі, тым не менш, не патрэбна забываць пра якасць правядзення кожнага аграпрыёму на веснавым полі. Такую галоўную задачу райвыканкам ставіць перад земляробамі раёна. Як жа яна выконваецца ў гаспадарках раёна?

Рэпартаж з “поля бітвы” за ўраджай

Днямі аўтар гэтага матэрыялу разам са старшынёй райкама прафсаюза работнікаў АПК Міхаілам Іванавічам Рубанцавым наведалі ААТ “Баброва-Агра”, КУСГП “Арловічы” і “Першамайскае”, дзе цікавіліся ходам веснавых палявых работ.

Яравы клін ААТ “Баброва-Агра” самы вялікі ў раёне — 2220 гектараў, у тым ліку пад яравыя збожжавыя адводзіцца 1610 гектараў. Гэта амаль дзесятая частка яравога поля раёна. Зразумела, што ад тэмпаў і якасці палявых работ у гэтай гаспадарцы залежыць сітуацыя на веснавой сяўбе ў цэлым па раёне.

У мінулыя гады гэтая гаспадарка па тэмпах сяўбы была ў ліку адстаючых. Адна з прычын адставання — недахоп тэхнікі. Таму сёлета на дапамогу земляробам гаспадаркі накіравана пэўная колькасць трактароў і сельгасмашын з іншых арганізацый і прадпрыемстваў раёна.

Як расказала галоўны дыспетчар акцыянернага таварыства Таццяна Раманаўна Канавалава, Днямі ў гаспадарку прыбылі два трактары (МТЗ-1523 і МТЗ-1221) з механізатарамі з торфапрадпрыемства “Асінторф”. Адна з машын задзейнічана на ўнясенні мінеральных угнаенняў пад яравыя культуры, дру-гая — на культывацыі глебы.

Трактар МТЗ-82 і механізатара накіраваў на дапамогу гаспадарцы раённы камбінат бытавога абслугоўвання. У гэтыя дні механізатар задзейнічаны на баранаванні шматгадовых траў.

Мехатрад у складзе пагрузчыка “Амкадор” і трох трактароў з гное-раскідвальнікамі прыбыў у гаспадарку з райаграсэрвісу: механізатары гэтай арганізацыі дапамогуць земляробам заправіць глебу арганічнымі ўгнаеннямі.

Гарачыя абеды двойчы ў дзень механізатарам у поле дастаўляюцца на аўтамабілі, які накіравала ў гаспадарку райбальніца.

Як бачым, шэфская дапамога раённых арганізацый ААТ “Баброва-Агра” аказваецца адчувальная.

А як задзейнічана ўласная тэхніка на палявых работах? У той дзень (19 красавіка), калі мы наведалі гаспадарку, яшчэ не ўсе наяўныя трактары і сельгасмашыны былі ўключаны ў работу. Два энерганасычаныя трактары МТЗ-3022 з пасяўнымі агрэгатамі АПП-6 стаялі на машынным двары, бо ў полі яшчэ ім не было фронту работ. Чатыры “беларусы” стаялі на рамонце ў мехмайстэрні.

Як паведаміла дыспетчар Таццяна Раманаўна Канавалава, у полі на культывацыі глебы працавалі тры трактары з чызелямі і культыватарам, два “беларусы” ўносілі мінеральныя ўгнаенні пад яравую сяўбу, адзін МТЗ-1221 у счэпцы з пасяўным агрэгатам сеяў яравую пшаніцу ля вёскі Бурая.

Акрамя таго, чатыры трактары былі задзейнічаны на падкормцы азотнымі ўгнаеннямі травяных угоддзяў і азімых культур. Уключыць усю тэхніку на поўную магутнасць на той дзень, па словах дыспетчара, не было магчымасці, бо на пераважнай большасці палеткаў яшчэ было вільготна. Таму падрыхтоўка глебы і сяўба вяліся выбарачна, там, дзе падсохла.

На 35-гектарнае поле за вёскай Бурая, дзе ў той дзень вялася сяўба яравой пшаніцы, мы прыбылі ў той час, калі механізатар Васіль Іванавіч Прышчэпаў на трактары МТЗ-1221 у счэпцы з пасяўным агрэгатам “Лемкен” зрабіў толькі некалькі рабочых кругоў і засеяў пшаніцай невялікую палоску. Тут жа непадалёку на полі працаваў адзін трактар з культыватарам і яшчэ два “беларусы” ўносілі мінеральныя ўгнаенні.

Міхаіл Іванавіч Рубанцаў праверыў якасць унясення тукаў: шырыня паміж праходамі агрэгатаў не перавышала, як і належыць, 10 метраў і ўгнаенні, на наш погляд, уносіліся раўнамерна на полі.

Увага! А у нас пытанне ;)!

Здаецца, усё на першы погляд добра. Але вось якасць перадпасяўной апрацоўкі глебы, мякка кажучы, жадала быць лепшай. Восенню на гэтым полі ўзаралі шматгадовыя травы. Цяпер жа перад сяўбой па полі прайшлі ў адзін след чызелем і, непасрэдна, перад сяўбой у адзін след — культыватарам. У выніку сяўба вялася па не выраўненай, як патрабуецца, глебе, да таго ж участак моцна засмечаны пырнікам. Натуральна, што аб высокай якасці сяўбы тут гаварыць дарэмна. Для таго, каб на гэтым полі, як належыць разбіць неперагніўшую за восень і зіму дзярніну і выраўнаваць поле пасля чызельнай апрацоўкі глебы, неабходна было ў два сляды апрацаваць палетак дыскатарам. На жаль, такога агрэгата ў гаспадарцы пакуль няма, хаця грошы за яго пастаўшчыкам гаспадарка пералічыла. Тым не менш, гэта не прычына засяваць няякасна апрацаванае поле.

Новы паварот рэпартажу

Іншы малюнак у той дзень мы назіралі на полі ля вёскі Чырвоная Слабада, дзе ў мінулым годзе льнозавод вырошчваў лён. Хоць і тут палетак апрацоўвалі такім жа чынам, як і ля вёскі Бурая, у адзін след чызелем і культыватарам, але яно практычна было гатовае да сяўбы — належным чынам выраўненае. Гэта вынік таго, што былое льняное поле якасна ўзарана восенню.

Як па тэхналогіі неабходна апрацоўваць палетак, дзе раней раслі шматгадовыя травы, мы ў той дзень назіралі на 80-гектарным полі КУСГП “Першамайскае”, што раскінулася адразу за горадам уздоўж ляднянскай аўтадарогі. Тут перш, чым пусціць пасяўны агрэгат, палетак у два сляды апрацавалі дыскатарам. Мы назіралі за работай МТЗ-3022 у счэпцы з дыскатарам АД-7м. Пасля другога следа гэтага агрэгата поле, дзе яшчэ ў мінулым годзе раслі травы, было выраўнена, належным чынам разбіта дзярніна, а там, дзе прайшоў пасяўны агрэгат, палетак быў роўны як стол — люба-дорага паглядзець. Гэта заяўка на добры ўраджай.

На другім баку дарогі, дзе першамайцы сеялі ячмень, працавалі два “кіраўцы” з чызелямі. Праз дзень разлічвалі засеяць і гэтае поле. Па словах дырэктара прадпрыемства Мікалая Ільіча Селіханава, у гаспадарцы ў бліжэйшыя дні пачнецца масавая сяўба.

І нарэшце…

Пабывалі мы ў той дзень ў КУСГП “Арловічы”. Да поля, дзе сеялі ячмень, на рэдакцыйнай легкавушцы мы не даехалі, бо месцамі была разбіта дарога. Дырэктар прадпрыемства Аляксандр Анатольевіч Кандрашоў расказаў, што работы на яравым полі пакуль вядуцца выбарачна, бо яшчэ вільготна. Вымушаны засяваць палеткі часткова, дзе падсохла, а потым зноў давядзецца вяртацца на гэтае поле, калі стане суха, каб засеяць яго цалкам. Такая тактыка ў пачатку сяўбы апраўдвае сябе, бо калі чакаць высыхання вільгаці на ўсім полі, то не паспеюць пасеяць яравыя культуры ў тэрмін і на высокім агратэхнічным узроўні.

Як сведчыць аператыўная інфармацыя райсельгасупраўлення, у большасці гаспадарак раёна пачалася масавая сяўба.

Андрэй КВІР

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *