В Дубровенском лицее прошел день открытых дверей

Дубровно, дубровенский, лицей, сельское хозяйство

Сельская гаспадарка займае важнае месца ў сучаснай Беларусі, вось чаму так важна яе мадэрнізаваць і развіваць. Адным з крокаў для гэтага з’яўляецца прыцягненне моладзі ў аграрную галіну. Але куды лепш ісці вучыцца? Да якіх іспытаў варта рыхтавацца? Ці ёсць ільготы? На гэтыя і іншыя пытанні можна было атрымаць адказ на традыцыйным злёце выпускнікоў, які прайшоў 4 красавіка ў Дубровенскім дзяржаўным прафесійным ліцэі сельскагаспадарчай вытворчасці.
Удзел у злёце прынялі вучні 9 класаў з 11 школ Дубровенскага і Горацкага раёнаў. Навучэнцы ліцэя і педагагічны калектыў падрыхтавалі для іх экскурсію па навучальнай установе з дэманстрацыяй сельскагаспадарчай тэхнікі, навучальных мадэляў і тэхнічнага абсталявання аўдыторый. У школьнікаў з’явілася магчымасць не толькі пазнаёміцца з гісторыяй ліцэя, але і на практыцы пераканацца ў перавазе прафесій і якасці адукацыі. Закранулі таксама тэму інтэрната і вольнага часу навучэнцаў.
Падчас афіцыйнай часткі сустрэчы перад выпускнікамі выступілі намеснік старшыні Дубровенскага райвыканкама Святлана Рыжанская і начальнік аддзела па адукацыі Ірына Кантроўская. Яны звярнулі ўвагу, што выбар прафесіі — адзін з галоўных жыццёвых выбараў, які трэба зрабіць. А сельская гаспадарка ў гэтых адносінах не толькі перспектыўна, але і прэстыжная.

Дубровно, дубровенский, лицей, сельское хозяйство

Таксама яны адзначылі, што Дубровенскі раён славіцца працоўнымі традыцыямі. У пацверджанне сваіх слоў Святлана Рыжанская назвала імёны маладых кіраўнікоў, якія сталі лідарамі ў сваёй галіне. Сярод іх, дырэктар ААТ «Баброва-Агра» Аляксандр Мурашкін і сельскагаспадарчага філіяла імя Ю. Смірнова ААТ «Аршанскі камбінат хлебапрадуктаў» Артур Сыса, галоўны ўрач Дубровенскага раённага цэнтра гігіены і эпідэміялогіі Уладзіслаў Сырамолатаў.

Дубровно, дубровенский, лицей, сельское хозяйство

Дырэктар ліцэя Аляксандр Азаранка і намеснік дырэктара па вучэбна-выхаваўчай працы Алена Навумава распавялі аб правілах прыёму, арганізацыі адукацыйнага працэсу і наступным размеркаванні на працу.
—25 працэнтаў нашых выпускнікоў працягваюць навучанне пасля выпуску, — падкрэсліла Алена Навумава. — У нас дзейнічае дагавор аб супрацоўніцтве з шэрагам навучальных устаноў другой ступені, у якіх нашы выпускнікі маюць права паступаць па выніках сумоўя і сярэднім бале дыплома. Пасля заканчэння ліцэя з’яўляецца магчымасць паступіць на 3 курс профільнага ўніверсітэта.

Дубровно, дубровенский, лицей, сельское хозяйство

Як падкрэсліла Ірына Кантроўская, сельскагаспадарчыя прафесіі запатрабаваныя сёння, і будуць запатрабаваныя заўтра. Дыплом ліцэя гарантуе далейшае працаўладкаванне:
—Гэта спецыяльнасці якія дапамогуць вам стаць самастойнымі нашмат раней, — падкрэсліла яна. — Акрамя таго, не ў кожным раёне ёсць магчымасць навучацца па месцы жыхарства: а гэта эканомія часу і грашовых сродкаў, вы можаце заставацца дома і дапамагаць сваім сем’ям, — дадала Ірына Кантроўская.
Перад выпускнікамі адкрыты ўсе дарогі. Хтосьці з іх вырашыць звязаць сваё жыццё з сельскай гаспадаркай. Сёння гэта адна з вядучых галін, якая гарантуе працаўладкаванне з наступным перспектыўным кар’ерным ростам. Гэта сфера, дзе праца ёсць заўсёды, але працаваць трэба шмат, з ведамі і жаданнем падыходзячы да сваіх абавязкаў. Тут трэба быць гатовым да цяжкасцяў, мець характар. Але яно таго варта. Засталося толькі зрабіць выбар, і хай ён будзе правільным!
Яна ГУРСКАЯ.