Мы узнали: почему Ольга Радевич стала работать помощником комбайнера на Дубровенщине

Дубровно,жатва, комбайнер

Жніво — справа агульная. Мы ўжо паведамлялі чытачам, што на гэты гарачы і адказны час прадстаўнікі розных прафесій і ўзростаў становяцца хлебаробамі. Вось Вольга Радзевіч вырашыла паспрабаваць сябе ў незвычайнай дзейнасці — памочнік камбайнера.
Яна працуе на камбайне ў КУСГП «Прыдняпроўскі», старшы камбайнёр у экіпажы — Аляксандр Команаў. Калі мы прыехалі на поле, дзе шпарка працавалі камбайны, надыходзіла вялікая шэрая хмара. Ці будзе дождж, ці не — не ведаў ніхто. Таму на доўгія размовы, зразумела, часу не было — трэба спяшацца, каб непагадзь не сапсавала рытм працы.
З кароткай гутаркі мы даведаліся, што Вольга нарадзілася, і вырасла ў Лядах, і, хоць даўно ўжо стала гарадскім жыхаром, кожнае лета прыязджае да сястры. Ветурач па прафесіі, яна з дзяцінства марыла папрацаваць на камбайне ў час жніва.
— Вось зараз усе пытаюцца, на што мне гэта. А я не магу дакладна расказаць, як мне гэта падабаецца, якія пачуцці выклікае і гэтая спякота, і грукат машын, і буслы навокал. Захапленне выклікае, як працуе камбайн, як забірае каласы, а потым як высыпаецца ў кузаў МАЗа зерне, — гаварыла Вольга, шырока і шчыра ўсміхаючыся.
Але за гэтай лірыкай, яна адзначыла, што ўсе абавязкі памочніка камбайнера яна выконвае дакладна: падрыхтоўвае камбайн да новага працоўнага дня, увечары чысціць машыну ад пылу і ад рэшткаў раслін. Днём сочыць за полем, каб не паймаць каменне, калі патрэбна, дапамагае камбайнеру праводзіць наладачныя работы.
Мы спыталі: няўжо не шкада траціць час водпуску на такую нялёгкую працу? Яна адказала станоўча. Нягледзячы на тое, што зараз праца пачынаецца з першымі промнямі сонца, а завяршаецца, калі зроблена максімальна шмат, жанчына сцвярджае, што адчувае не стомленасць, а задавальненне ад таго, што яе дзеянні прыносяць карысць, што змагла здзейсніць сваю мару.

Алена КАРСАКОВА.