Сельские новости: «Нам песня строить и жить помогает!»

Дубровно, деревня, село, Калиновка, Буда, Сватошицы, Еремеевщина, концерт, праздник

У Сваташыцах: З добрым настроем!

Вельмі хочацца падзяліцца цёплымі словамі падзякі ў адрас работнікаў СДК аграгарадка Сваташыцы. Іх праца робіць працоўныя будні сельскіх жыхароў весялей, ярчэй і, без сумнення, лягчэй. Галіна Аляксееўна Мілюціна, дырэктар СДК, яе памочніца Святлана Ворык, якая нядаўна ўладкавалася на працу, стараюцца арганізаваць незвычайныя мерапрыемствы да ўсіх свят беларускага календара, праводзяць вечары адпачынку, дні вёсак, дыскатэкі для моладзі.

Але асабліва нам хочацца расказаць аб Дні пажылых людзей. Перш за ўсё ў сельскай бібліятэцы быў арганізаваны канцэрт-віншаванне для пенсіянераў. У чытальнай зале за сталамі людзі адчувалі сябе як дома. Да гэтага свята бібліятэкар Антаніна Іванаўна Бялоцкая падрыхтавала выставу літаратуры, дапамагла ў напісанні сцэнарыя. Святлана Ворык падарыла жанчынам-пенсіянерам песні, а яе сын Радзівон, вучань 2 класа ўстановы адукацыі “Сваташыцкі дзяржаўны вучэбна-педагагічны комплекс дзіцячы сад-сярэдняя школа Дубровенскага раёна”, прачытаў два вершы пра бабуль. Пасля невялікага канцэрта ўсе разам спявалі, размаўлялі, успаміналі сваю маладосць, адзначалі, што жыццё ў вёсцы мяняецца год ад году ў лепшы бок.

Але на гэтым свята не скончылася. Галіна Аляксееўна вырашыла прадоўжыць яго дома ў тых пенсіянераў, хто не можа па стану здароўя наведаць клуб альбо бібліятэку. Сустрэча з работнікамі СДК стала для пажылых людзей сапраўдным святам, якое ўжо не так часта стукае ў іх дзверы. І тым жаданей і даражэй была такая сустрэча. Усе яны без выключэння са слязамі на вачах дзякавалі за ўвагу. І няхай пакуль такое свята было падорана толькі некалькім пажылым людзям (работнікі СДК наведалі 7 састарэлых людзей), аднак, калі нават аднаму з іх гэта прынесла радасць, дзеля гэтага варта жыць і працаваць. І гэта ў нашых работнікаў СДК атрымліваецца добра, за што ім зямны паклон і вялікае “дзякуй” ад усіх пенсіянераў аграгарадка Сваташыцы.

Алеся ЧАМУРАКА

Дубровно, деревня, село, Калиновка, Буда, Сватошицы, Еремеевщина, концерт, праздник

У Ерамееўшчыне: На вясковай завалінцы…

Восеньскім адвячоркам мы завіталі на агеньчык у Ерамееўшчыну. Месца сустрэчы, кажуць, змяняць нельга. А дзе ж гэты самы пункт прызначэння адшукаць у вёсцы, спытаеце вы? Далёка ісці не трэба: усе самыя важныя сходы і вячоркі адбываюцца ля хаты – на лавачках ці завалінках. Вось і жыхары Ерамееўшчыны расказалі нам пра адну з такіх цудоўных сустрэч на завалінцы.

У гэты дзень на цёплы агеньчык сабраў аднавяскоўцаў Ерамееўскі сельскі Дом культуры. “Дарослыя і дзеці! Глядзіце ўсе хутчэй! Сёння мы вітаем пажылых людзей!” – такімі словамі вядучая Наталля Мікалаеўна Калбасава пачала святочнае мерапрыемства пад мілагучнай назвай “Сустрэча на завалінцы”.

Як распавялі нам прысутныя, было адчуванне, што сабраліся ўсе добрыя знаёмыя ў звыклай абстаноўцы. Утульнасць і цеплыню актавай зале надавалі прыродныя ўпрыгожанні з чырвоных гронак рабіны, каліны і галін залатога кучаравага клёну, над якімі папрацавалі работнікі СДК.
У гэты дзень на вячорках сабраліся людзі розных прафесій: жывёлаводы, паляводы, кухары, малаказборшчыкі, культработнікі, настаўнікі і работнікі пошты. На гэтым свяце яны па-сапраўднаму змаглі адпачыць ад хатніх клопатаў, успомніць дні сваёй маладосці, абмеркаваць адзін з адным апошнія навіны.

Вельмі прыемна было заўважаць, што, нягледзячы на ўзрост гэтых людзей, запас іх жыццёвай энергіі не вычарпаўся і яшчэ шмат чаму можна павучыцца ў іх. Вось, напрыклад, Валянціна Віктараўна Верам’ёва падзялілася сакрэтам сваёй бадзёрасці і расказала, як змагаецца з дрэнным настроем. У добрыя былыя часы вярнулі гледачоў душэўныя песні ў выкананні Ніны Пятроўны Праўлоцкай, Таццяны Аляксееўны Емельянавай, Таццяны Фёдараўны Дралавай, Людмілы Ільінічны Кучарэнка, Валянціны Архіпаўны Камаровай і Лідзіі Ваільеўны Старавойтавай. Не далі нікому засумаваць вясёлыя прыпеўкі Розы Іванаўны Верам’ёвай.

Артысты сельскага Дома культуры разам з прадстаўнікамі маладога пакалення таксама падрыхтавалі героям свята творчыя падарункі. Даспадобы прыйшлося ўсім гасцям гумарыстычнае віншаванне Паліны і Крысціны Крэс:

Мы желаем всем, кто в зале,
Чтоб вам десять пенсий дали,
Чтоб подарки вам дарили,
Чтобы вас боготворили,
Чтобы жизнь была чудесней,
Чтоб вы шли по ней все с песней!

А дзеткі дарагім гасцям уручылі прыгожыя восеньскія букеты, якія зрабілі “Сустрэчу на завалінцы” яшчэ больш утульнай, добрай і вясёлай, нібы сапраўдны доўгачаканы прыезд унукаў у госці да бабулі і дзядулі.
—Мне хочацца падзякаваць кіраўніцтву ААТ “Прыдубровенскае” за матэрыяльную падтрымку, а таксама ўсім артыстам і выступоўцам за іх яскравыя нумары мастацкай самадзейнасці, а прысутным — за добры настрой і шчырыя апладысменты. Усе яны дапамаглі стварыць сапраўднае свята, — адзначае дырэктар Ерамееўскага сельскага Дома культуры Анжэла Глушакова.

І з яе словамі нельга не пагадзіцца, бо прагучалі яны ад самага сэрца, а “Сустрэча на завалінцы” стала незабыўным святам для ўсіх яе ўдзельнікаў.

Ганна КАЦІКАВА

Дубровно, деревня, село, Калиновка, Буда, Сватошицы, Еремеевщина, концерт, праздник

У Будзе: Скарбы матчынай мовы

Шчаслівы той чалавек, хто любіць чытаць. Шчаслівы ўдвайне, калі любіць чытаць на сваёй роднай мове. А з гэтым у апошні час сярод падлеткаў сапраўдная праблема. Вельмі мала чытаюць нашы дзеці кніг на беларускай мове. А кожны чалавек павінен з дзяцінства любіць свой край, сваю зямлю, ведаць гісторыю жыцця нашых продкаў, паважаць і любіць родную мову і літаратуру. Тады ён робіцца мудрым і моцным.

У апошні час па ўсёй краіне праходзілі акцыі “Жыву ў Беларусі і тым ганаруся”, “Чытаем па-беларуску”. Бібліятэка аграгарадка Буда шмат працуе над развіццём інтарэса чытачоў да беларускай мовы і літаратуры. Давесці беларускую кнігу да чытача, зацікавіць ёю — мэта тэматычных полак “Мова — скарб народа” і “У спадчыну добрае роднае слова”, дзе былі прадстаўлены лепшыя творы айчынных аўтараў, якія сваім літаратурным талентам дапамагалі далучыцца да прыгажосці роднай мовы.

Афармляюцца персанальныя кніжныя паліцы, прысвечаныя юбілеям знакамітых беларускіх пісьменнікаў. З творчасцю нашага вялікага майстра беларускага слова І.Шамякіна чытачы бібліятэкі пазнаёміліся ў аглядзе літаратуры “Без права на адпачынак”.

Для тых, хто любіць паэзію, цікавым стаў агляд “Вялікія майстры паэтычнага слова”, дзе былі прадстаўлены творы беларускіх паэтаў Л.Рублеўскай, Л.Дранько-Майсюка, Т.Красновай-Гусачэнка, Н.Стаховіч.

Вельмі цікавым было поле цудаў “Вандроўка з У.Ягоўдзікам”, прысвечанае 55-годдзю з дня нараджэння дзіцячага пісьменніка У.Ягоўдзіка.

Творчасці нашага айчыннага байкапісца К.Крапівы была прысвечана віктарына “Смехаачышчальная сіла”. Каб стаць пераможцам, удзельнікам гэтых мерапрыемстваў трэба было вельмі добра пазнаёміцца не толькі з біяграфіяй пісьменніка, але і ўважліва прачытаць іх творы.

У час летніх канікул бібліятэка працавала па праграме летняга чытання “Фальклор ад А да Я”. У рамках гэтай праграмы была праведзена гутарка “Што мы ведаем аб фальклоры”, гульнёвая праграма “Давайце ў гульні пагуляем і загадкі адгадаем, на якой дзеці спачатку адгадвалі беларускія загадкі, затым узгадалі гульні продкаў: “Плётачка”, “Пеўні”, “Арол”, “У ката” і інш.

А ў адзін з дзён юных наведвальнікаў бібліятэкі паклікаў ветрык вандраванняў па традыцыйных святах беларусаў. Амаль кожны чуў пра такія святы, як Каляды, Масленка, Купалле, Спас… Адкуль яны бяруць свой пачатак? Чаму іх беражліва захоўваюць і святкуюць з незапамятных часоў? Што азначалі шматлікія звычаі і вераванні, забабоны ў жыцці нашых продкаў і якое дачыненне яны маюць да нас — пра ўсё гэта гаварылася на гістарычнай вандроўцы “З мінулага ў будучыню”. На веданні казак была пабудавана і гульня “Хто шмат чытае, той шмат ведае”.

Шмат зацікаўленых хлопчыкаў і дзяўчынак сабрала дзіцячае свята “Беларускія забаўкі”, якое бібліятэка правяла сумесна з Будскім СДК. Там былі прадстаўлены ўсе жанры беларускага фальклору. А пачалося ўсё з казак. Трэба было бачыць, з якім захапленнем сачылі дзеці за прыгодамі лялечных герояў у казцы “Як кот звяроў напалохаў”. Як смяяліся з тоўстага пана і захапляліся хітрым мужыком у казцы “Як мужык гусей дзяліў” у выкананні вучня 6 класа Арцёма Журава і вучня 7 класа Аляксандра Чаплёва. Вельмі шкадавалі старэнькую бабульку з беларускай народнай казкі “Шаптуха” ў выкананні вучаніцы 7 класа Карыны Кезік, а затым пацяшаліся з пана, якога гэта бабулька і лячыла ягонымі ж парадамі. Ролю пана вельмі яскрава выканала вучаніца 7 каласа Віка Малалетняя. Адразу было бачна, ўсё гэта ім даспадобы. Затым дзеці з задавальненнем адгадвалі беларускія загадкі, састаўлялі на хуткасць са слоў беларускія прыказкі і прымаўкі, гаварылі скарагаворкі, гулялі ў беларускія народныя гульні: “У мядзведзя на бару”, “У ката”, “Каціся яблычка”, “Кветачкі”. Так праз малыя формы фальклору да дзяцей найлепш даходзіла прыгажосць беларускага трапнага слова. У самым канцы свята быў падведзены вынік конкурсу “Чытаем па-беларуску”. Больш за ўсіх кніг і часопісаў на беларускай мове за лета прачытала вучаніца 6 класа Салмаз Гасымава.

У планах бібліятэкі арганізаваць дзіцячы куток беларускай кнігі “Хатка з матчынай душою”, стварыць калектыўнае “Чытацкае зорнае неба”. Такім чынам, мы робім усё, каб словы Ф.Багушэвіча “Не пакідайце ж мовы нашай беларускай, каб не ўмерлі”, — сталі блізкімі і зразумелымі для ўсіх нашых чытачоў.

Ірына ІВАНОВА,
бібліятэкар Будскай сельскай бібліятэкі

Дубровно, деревня, село, Калиновка, Буда, Сватошицы, Еремеевщина, концерт, праздник

У Калінаўцы: Век жыві — век душой будзь малады!

У першы дзень кастрычніка ў сталовай КУСГП імя Чарняхоўскага было цёпла, утульна і незвычайна весела. Работнікі Калінаўскага сельскага Дома культуры, адміністрацыя і прафсаюзны камітэт КУСГП імя Чарняхоўскага шчыра запрасілі ўсіх жыхароў вёскі пенсіённага ўзросту на агеньчык, прысвечаны Дню пажылых людзей “Нам года — не беда!”

Пажылыя людзі Калінаўкі — энергічныя, добрыя, шчырыя і заўсёды з душой і цеплынёй адклікаюцца на просьбы культработнікаў. Рыхтуючы мерапрыемства, нам трэба было абавязкова запрасіць кожнага чалавека сталага ўзросту на свята.

Культработнікі пагутарылі з кожным чалавекам, бо ў такім узросце людзі вельмі адчуваюць патрэбу ва ўвазе. Мы гэта разумеем, бо кожны год ладзім мерапрыемствы менавіта для людзей пажылога ўзросту. Адразу хачу сказаць, што працаваць з гэтай катэгорыяй насельніцтва проста, цікава, лёгка, заўсёды адчуваеш нейкую незвычайную асалоду ад размовы.
Іншы раз мы і не ведаем, колькі добрых, незвычайных і цудоўных людзей жывуць побач з намі. Кожны з іх — часцінка гісторыі роднага краю, і самае галоўнае, жывы прыклад для моладзі, падлеткаў, школьнікаў.

Прайдзіцеся каля падвор’яў Алены Аляксееўны Івановай, Раісы Мікалаеўны Калачовай, Алы Паўлаўны Новікавай, Фаіны Дзмітрыеўны Маслянковай, Ніны Паўлаўны Шалаевай, Любові Якаўлеўны Макаёвай, Валянціны Леанідаўны Макаёвай, Мікалая Міхайлавіча Халецкага, Вольгі Уладзіміраўны Рымашэўскай і многіх іншых нашых жыхароў. Прайдзіцеся і палюбуйцеся багаццем колераў і непаўторнасцю кветнікаў каля іх дамоў. Прыгажосць і сапраўдны парадак дасягнуты дзякуючы працавітасці рук сялянскіх, тонкаму адчуванню гармоніі жывой прыроды, якія ўласцівы сялянскай душы.

Разуменне прыгажосці асабліва высока развіта ў нашай вясковай рука- дзельніцы Юліі Фёдараўны Лук’янавай. Усё сваё жыццё гэта цудоўная жанчына займаецца вышыўкай. Яе вырабы займаюць пачэснае месца на выставах не толькі нашай мясцовай культустановы, але і ўдзельнічаюць у раённых мерапрыемствах.

Нам, культработнікам, было вельмі прыемна пра ўсё гэта гаварыць на нашым сельскім свяце.

На свята прыйшлі людзі, якіх да пажылых можна аднесці толькі па колькасці пражытых гадоў, бо ў душы яны яшчэ маладыя і заўсёды працуюць на сваіх падвор’ях, дапамагаюць сваім дзецям, унукам, суседзям, а некаторыя не забываюць сваіх сяброў, але самае галоўнае — яны заўсёды знаходзяць сабе цікавы і карысны занятак. Для іх гучалі песні, вершы, віншаванні.

Асаблівыя віншаванні гучалі ў адрас юбіляраў гэтага года. На тэрыторыі КУСГП імя Чарняхоўскага іх было больш за дваццаць чалавек. І ўсе вартыя таго, каб быць названымі, пачуць у свой адрас цёплае слова.
85 гадоў пражыла на свеце Вольга Андрэеўна Цяцёркіна, па 80 налічвае жыццёвы стаж Таццяны Ягораўны Ефіменка і Аляксандра Ягоравіча Халобіс, па 75 — Леаніда Мікітавіча Марыскіна, Алены Ягораўны Шыцікавай, Андрэя Еразімавіча Селяптыцкага, Тамары Ягораўны Цынгалёвай, Васіля Емяльянавіча Шаргаёва, Раісы Сяргееўны Казловай, Веры Сямёнаўны Кураедавай, па 70 гадоў — Галіны Якаўлеўны Петрачэнка, Надзеі Арсенцьеўны Мазговай, Віктара Герасімавіча Апішава, па 60 — Раісы Мікалаеўны Калачовай, Тамары Васільеўны Голікавай. Асобныя словы віншаванняў былі сказаны ў адрас пенсіянераў-навічкоў, якія ў гэтым годзе пайшлі на пенсію. Гэта важная падзея ў жыцці адбылася ў Любові Мікітаўны Маталыгінай, Валянціны Дзмітрыеўны Балабосавай, Валянціны Іванаўны Наумавай, Валянціны Леанідаўны Макаёвай, Міхаіла Сяргеевіча Белкіна, Івана Сцяпанавіча Шаргаёва.

Усяго было ў жыцці кожнага з іх, а мы ўсім жадалі, каб надалей было толькі добрае і прыемнае.

У зале не было проста гледачоў, усе актыўна прымалі ўдзел у святочнай праграме. Найбольш цікава было, калі ўсе разам сталі ўспамі- наць і спяваць песні сваёй маладосці, а іх было — не злічыць. І тут таксама праявілася хараство сялянскай душы. Не так ужо і светла жылося, а вось спявалі заўсёды з незвычайнай прасветленасцю, нібы песняй сабе шлях азаралі. Ды так суладна, ды так складна атрымлівалася, што моладзі цяпер толькі ў старэйшых і павучыцца трэба. Дух захватваў, калі спявалі самыя старэйшыя ўдзельнікі мерапрыемства Надзея Патапаўна Кальянава і Ніна Якаўлеўна Макаёва. Нягледзячы на сталы ўзрост, галасы іх звінелі, як крынічка з чыстай вадой. Такое не забываецца.

Заслухацца можна было не толькі песнямі, але і цудоўнымі выступленнямі нашых паважаных жыхароў: Любові Якаўлеўны Макаёвай, Галіны Іванаўны Марчанка, Тамары Васільеўны Голікавай, Вольгі Уладзіміраўны Рымашэўскай. Гэтыя цудоўныя людзі — сапраўдныя аратары, якія заўсёды ў страі, вядуць за сабой іншых, паказваюць сваім прыкладам, як трэба працаваць і жыць.

Правесці мерапрыемства дапамаглі з матэрыяльнага боку прафсаюзны камітэт і адміністрацыя КУСГП імя Чарняхоўскага на чале з дырэктарам Мікалаем Антонавічам Салдаценкам. Вялікі дзякуй бухгалтару Наталлі Максімаўне Мілюцінай за дапамогу ў правядзенні свята.

Глыбокая павага да старэйшых — добры прыклад для моладзі, бо такую павагу заслужыць трэба.

Антаніна МАРОЗАВА,
Ала КАПЦЕРАВА,
работнікі Калінаўскага сельскага Дома культуры

Картины к материалам югославского художника Миле Давидовича (Mile Davidovic)

3 thoughts on “Сельские новости: «Нам песня строить и жить помогает!»

  • 30.10.2011 в 10:36 пп
    Permalink

    Thank you for my paintings….
    Спасибо!!!
    Mile

    Рейтинг комментария:Vote +10Vote -10

  • 31.10.2011 в 7:04 дп
    Permalink

    Спасибо Вам за чудесные позитивные картины. Оказалось, они так легко объединяют белорусов и югославов :)Наверное, благодаря особой тёплой атмосфере и любви художника к тому, что он рисует!

    Рейтинг комментария:Vote +10Vote -10

  • 24.01.2012 в 10:23 пп
    Permalink

    Kisses from Belgrade, Serbia…

    Рейтинг комментария:Vote +10Vote -10

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *