Состоялась презентация электронного справочника «Природное наследие Дубровенщины»
На базе раённай бібліятэкі адбыўся семінар “Міжнародны год лесу”, прысвечаны тэме абароны нашых лясоў ва ўмовах складанай экалагічнай абстаноўкі. У семінары прынялі ўдзел супрацоўнікі Віцебскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя П.М.Машэрава, якія выступілі перад бібліятэкарамі раёна, адказалі на шэраг іх пытанняў. Увазе прысутных быў прадстаўлены электронны і рукапісны варыянты эколага-краязнаўчага дапаможніка “Прыродная спадчына Дубровеншчыны”, з якім удзельнікаў семінара пазнаёміла Алена Юр’еўна Якавенка, намеснік дырэктара Дубровенскай цэнтральнай бібліятэчнай сістэмы.
Пры стварэнні дапаможніка спецыялістамі аддзела маркетынгу ЦРБ была выкарыстана інфармацыя, прадстаўленая інспекцыяй прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя, былым настаўнікам геаграфіі Мікалаем Васільевічам Кляцковым. Бібліятэкары раёна збіралі яе ў час правядзення акцый “Блакітная прыгажосць Дубровеншчыны”, “Гісторыя маёй вёскі”, “Што ні сяльцо, то слоўца”, экскурсій ўдзельнікаў экалагічных клубаў на рэкі, сустрэч са старажыламі вёсак. Усё пачутае і сабранае — фотаздымачны матэрыял, буклеты — паклалі ў аснову электроннага эколага-краязнаўчага дапаможніка “Прыродная спадчына Дубровеншчыны”.
Электронны дапаможнік “Прыродная спадчына Дубровеншчыны” складаецца з 7 раздзелаў: гісторыя раёна; “Чырвоная кніга Дубровеншчыны”; аповеды пра заказнікі Азёры, Асінторфскі, Жукоўскае, Пунішча; звесткі аб лекавых раслінах; легенды роднага краю; аповед аб тым, адкуль пайшлі мясцовыя назвы геаграфічных аб’ектаў і г.д.
Кандыдат біялагічных навук, дацэнт, загадчык кафедры батанікі Леанард Міхайлавіч Мержвінскі пазнаёміў бібліятэкараў раёна з фотавыстаўкай, экспанаты якой адлюстроўваюць прыгажосць беларускага Паазер’я — края блакітных азёр і дрымучых лясоў, у якіх сустрэнеш усе віды жывёл і раслін, што занесены ў Чырвоную Кнігу Рэспублікі Беларусь, расказаў удзельнікам семінара аб рэдкіх і ахоўваемых раслінах лясных згуртаванняў беларускага Паазер’я.
На тэме экалагічных праблем у Віцебскай вобласці засяродзіў увагу прысутных старшы выкладчык кафедры экалогіі і аховы прыроды Віцебскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя П.М.Машэрава Анатоль Аркадзьевіч Лакотка. У якасці асноўных праблем, якія стаяць перад эколагамі, па словах дакладчыка, самыя звычайныя: праблема бытавога смецця, якое людзі, на жаль, не навучыліся збіраць раздзельным спосабам; праблема “аднаразовасці”, якая заключаецца ў выпуску харчовай прадукцыі ў аднаразовых упакоўках і якая з-за непатрэбнасці засмечвае тэрыторыі і пагаршае тым самым экалагічную абстаноўку; і праблема меліярацыі: праводзячы глабальнае асушэнне балот, людзі не задумваліся аб яго наступствах.
Аб экалагічных аспектах засялення жылых памяшканняў кляшчамі дамашняга пылу і відавой разнастайнасці насякомых прысутным расказалі кандыдат біялагічных навук, дацэнт, загадчык кафедры экалогіі і аховы прыроды Віцебскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя П.М.Машэрава Іна Аляксандраўна Літвінкова і магістрант універсітэта Уладзімір Міхайлавіч Косцер.
Удзельнікі семінара “Міжнародны год лесу” пабывалі ў экалагічным музеі сярэдняй школы № 1 г.Дуброўна, наведалі бібліятэку — цэнтр экалагічнай асветы ў аграгарадку Асінторф, пабывалі ў Асінторфскім лясніцтве, сустрэліся з ляснічым Аляксандрам Уладзіміравічам Свішчовым, які арганізаваў наведванне гідралагічнага заказніка “Асінторфскі”. Аб экалагічнай сітуацыі, якая склалася на Дубровеншчыне, гасцям і ўдзельнікам семінара апавядала галоўны спецыяліст Дубровенскай раённай інспекцыі прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя Таццяна Аляксандраўна Вароніна.
На семінары прагучала асноўная тэма — усім нам трэба берагчы нашу прыроду, прымнажаць яе багацці, бо яна наш агульны дом.
Лідзія ЧАПЯЛОВА