История Дубровенщины и Смоленщины тесно связана
З даўніх часоў зносіны паміж жыхарамі рэгіёна пралягалі па рацэ Днепр і старой смаленскай дарозе.
У 882 годзе Дубровеншчына ўвайшла ў склад Кіеўскай Русі, але ўжо з ХІ стагоддзя ўся левабярэжная і ўсходняя правабярэжная часткі нашай мясцовасці — у складзе Смаленскага княства. З ХІV стагоддзя разам знаходзіліся ў Вялікім княстве Літоўскім, а потым у Расійскай дзяржаве і СССР.
Аднолькава нялёгкі лёс выпаў на долю дубровенцаў і жыхароў Смаленшчыны. Войны і іншыя выпрабаванні нанеслі незагойныя раны зямлі і яе пасяленцам.
Але ж заўсёды паміж людзьмі, што жылі і жывуць па абодва берагі Мярэі, былі добразычлівыя і сяброўскія адносіны.
Пацвярджэннем таму з’явілася экскурсійная паездка 15 кастрычніка ветэранаў працы, членаў клубаў “Сардэчныя сустрэчы” і “Залаты ўзрост” з Дуброўны, “Залатыя россыпы” з аграгарадка Станіславова, “Добры настрой” з аграгарадка Асінторф (усяго 27 чалавек) у горад-герой Смаленск. Ветэраны пабывалі ў Кафедральным саборы, у якім да выбрання Патрыярхам Маскоўскім і усея Русі нёс пастарскую службу Мітрапаліт Смаленскі і Калінінградскі Кірыл.
Затым экскурсанты наведалі музей адмірала Паўла Сцяпанавіча Нахімава, ураджэнца Смаленшчыны.
Навуковы супрацоўнік музея расказала аб жыццёвым і баявым шляху знакамітага флатаводца, пазнаёміла з экспанатамі музея, у тым ліку з макетамі баявых сродкаў флоту (надводнымі і падводнымі, марской авіяцыі), асабістымі рэчамі адміралаў (Смаленшчына дала флоту каля 200 адміралаў), афіцэраў флоту і радавых, іх узнагародамі і іншымі матэрыяламі. Наведвальнікі музея паслухалі гукавыя карабельныя сігналы.
Задаволеныя паездкай і ўбачаным на суседняй брацкай Смаленшчыне ветэраны-актывісты на зваротным шляху спявалі беларускія і рускія песні, удзельнічалі ў конкурсе на лепшую прыпеўку і байку.
Падобную экскурсію можа арганізаваць кожная ветэранская ці іншая арганізацыя. Было б жаданне.
Аляксей ГАЎРУЦІКАЎ, адказны сакратар райсавета ветэранаў.
Фота Галіны МАРОЗАВАЙ.