Дубровенской село гордится династией Смоленских

Дубровно, Дубровенский район, механизатор, Смоленские, комбайнер, хлебороб, семья, династия, районная доска почета, село, деревня, хлеб

Захоўваць і памнажаць багацце роднай зямлі — справа ў вышэйшай ступені высакародная і адказная.

У ліку лепшых герояў хлебнай нівы ў апошнія дзесяць гадоў рэгулярна аказваюцца ветэран механізатарскай гвардыі ААТ “Герой” Віктар Эдуардавіч Смаленскі і яго старэйшы сын Уладзімір. Прыязджаюць яны на ўрачыстасці ў ранзе пераможцаў ці прызёраў раённага спаборніцтва.

Асабліва плённым для Віктара Эдуардавіча быў мінулы год, на працягу якога ён папрацаваў так старанна, што быў прызнаны пераможцам раённага спаборніцтва ў трох намінацыях: яму прысуджаны два першыя месцы сярод механізатараў, якія былі задзейнічаны на ўзворванні глебы і на сяўбе збожжавых і трэцяе месца — на касьбе траў. За мінулы сезон Віктар Эдуардавіч на трактары МТЗ-1221 узараў 788 гектараў глебы і амаль столькі ж засеяў яравымі і азімымі збожжавымі культурамі, а ў час нарыхтоўкі кармоў скасіў травы амаль на 600 гектарах.

Высокімі працоўнымі дасягненнямі вызначыўся ў мінулым годзе і яго сын Уладзімір: на камбайне КЗС-1218 ён намалаціў 1126 тон збожжа. Гэта адзін з лепшых паказчыкаў сярод маладзёжных экіпажаў раёна.

Працаваць так, каб служыць прыкладам для іншых, Віктару Эдуардавічу не ў навінку. Яго хлебаробскі стаж перавышае тры дзесяткі гадоў. Пасля заканчэння ў 1979 годзе Дубровенскага прафтэхвучылішча Віктар Смаленскі ўладкаваўся на працу механізатарам у калгас “Герой працы” (цяпер ААТ “Герой”). Спачатку маладому трактарысту даручылі працаваць на старым МТЗ-80, а потым доўгі час ён бездакорна шчыраваў на энерганасычаным трактары Т-150.

У апошнія дзесяць гадоў, калі на змену адслужыўшаму свой век Т-150, у гаспадарку пачалі паступаць энерганасычаныя трактары беларускай вытворчасці, Віктар Эдуардавіч перасеў за руль трактара МТЗ-1221 і з таго часу з’яўляецца галоўным сейбітам гаспадаркі, а ў жніво з не меншым поспехам абмалочвае засеяную ім хлебную ніву.

Старэйшы сын Уладзімір з дзяцінства праяўляў цікавасць да тэхнікі і сапраўдную цану хлеба пазнаў яшчэ ў школьныя гады. Калі Уладзіміру споўнілася чатырнаццаць гадоў, бацька ўзяў яго ў свой экіпаж памочнікам камбайнера і на практыцы даваў хлебаробскія ўрокі, якія сын асвойваў належным чынам і імкнуўся працаваць шчыра, не падводзіць бацьку.

У 2001 годзе сямейны экіпаж Смаленскіх быў прызнаны пераможцам раённага спаборніцтва. Чатыры гады сын дапамагаў бацьку ўбіраць збожжавыя на камбайне “Ліда-1300”. І столькі ж гадоў сямейны экіпаж быў у ліку прызёраў раённага і нават абласнога спаборніцтва. У 2005 годзе кіраўніцтва гаспадаркі даручыла Уладзіміру Смаленскаму самастойна працаваць на новым камбайне КЗС-7. Да таго часу Уладзімір скончыў прафтэхліцэй, атрымаў пасведчанні вадзіцеля, трактарыста, зваршчыка.

Памочнікам для работы на камбайне Уладзімір запрасіў свайго малодшага брата Сяргея. У тое жніво маладыя камбайнеры папрацавалі выдатна: за сезон намалацілі 698 тон збожжа, ім было прысуджана трэцяе месца ў рэспубліканскім спаборніцтве сярод маладзёжных экіпажаў, іх запрасілі на рэспубліканскі фестываль-ярмарку “Дажынкі-2005” у г.Слуцк.

Дамоў са Слуцка маладыя героі хлебнай нівы вярталіся з прызамі: тэлевізарамі “Гарызонт”, Ганаровымі граматамі і наручнымі гадзіннікамі з сімволікай “Дажынкі-2005” на цыферблаце.

З той пары Уладзімір Смаленскі кожнае жніво садзіцца за руль збожжаўборачнага камбайна і ўбірае ўраджай. А калі восенню ў раёне падводзяць вынікі працы хлебаробаў, то сярод прызёраў раённага спаборніцтва, як правіла, прозвішча не толькі Віктара Эдуардавіча Смаленскага, але і яго сына Уладзіміра.

Як бачым, дастойную змену вырасціў сабе хлебароб Віктар Эдуардавіч Смаленскі — сына Уладзіміра.

Дзякуючы такім працаўнікам, як Смаленскія, беларуская вёска забяспечвае хлебам і іншымі прадуктамі ўсю краіну і значную колькасць іх пастаўляе на экспарт.

Андрэй КВІР

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *