Награждён лучший коллектив среди дубровенских МТФ
Днямі старшыня райкама прафсаюза работнікаў АПК Міхаіл Рубанцаў шчыра павіншаваў жывёлаводаў фермы з працоўнай перамогай у абласным спаборніцтве і ўручыў брыгадзіру фермы Раісе Сямёнаўне Мухінай дыплом абкама прафсаюза работнікаў АПК і грашовую прэмію для набыцця каштоўнага падарунка.
Шчырыя віншаванні, дыплом і грашовую прэмію ў суме 300 тысяч рублёў атрымала Г.Рабцава. Гэта ўжо трэцяя працоўная перамога ў абласным спаборніцтве гэтай жывёлаводкі.Прыкладна месяц назад наша газета паведамляла, што аператар машыннага даення Галіна Канстанцінаўна Рабцава з мардахоўскай малочнатаварнай фермы СГФ імя Ю.Смірнова прызнана пераможцай абласнога спаборніцтва аператараў па выніках работы за сакавік гэтага года.
За чатыры месяцы надой малака на карову склаў 2215 кілаграмаў. Гэта па-ранейшаму самы высокі паказчык у раёне.
І ў індывідуальным спаборніцтве сярод аператараў машыннага даення раёна вось ужо другі год запар бяспрэчным лідэрам з’яўляюцца жывёлаводкі з Мардахоў. Так, па выніках работы за мінулы год лепшай у раёне была аператар Лілія Уладзіміраўна Барнетава, якая надаіла на карову па 6922 кілаграмы малака. Сёлета ж раённае спаборніцтва ўзначальвае Галіна Рабцава: надой малака на карову ў яе групе за чатыры месяцы склаў 2835 кілаграмаў, у тым ліку ў красавіку — 818 кілаграмаў.
У пачатку мая два дойныя статкі мардахоўскай фермы пераведзены на пашавае ўтрыманне. Валавы надой малака за першыя два тыдні пасьбы жывёлы павялічыўся на 900 кілаграмаў, і сёння сутачны надой малака на карову — 22 кілаграмы.
Андрэй КВІР
На здымку: калектыў мардахоўскай фермы — Г.А.Жукава, К.В.Іасіпенка, Г.К.Рабцава, Р.С.Мухіна, А.У.Дударава, Л.У.Барнетава, А.В.Краўцоў, Ж.П.Клюева.