23 кастрычніка спаўняецца 100 год з дня нараджэння Івана Лепешава
23 кастрычніка спаўняецца 100 год з дня нараджэння беларускага мовазнаўцы, доктара філалагічных навук, ураджэнца вёскі Іскозы Дубровенскага раёна Івана Якаўлевіча Лепешава.
Бацькі будучага навукоўцы, якога нават ў ЗША прызналі чалавекам дзесяцігоддзя, працавалі ў калгасе «Ударнік пяцігодкі». Калі хлопчык навучаўся ў 5 класе, яго вельмі ўразіў малады настаўнік беларускай мовы Рыгор Сцяпанавіч Макаёў. Іван цвёрда вырашыў стаць настаўнікам.
Дырэктар Ліцвінаўскай школы Іван Васільевіч Бабіцкі ўбачыў прагу да адукацыі вучня і параіў у восьмым класе здаць экстэрнам экзамены за дзевяты. Так ў 1940 годзе юнак стаў навучэнцам Аршанскага настаўніцкага інстытута.
З 1944 года Іван Лепешаў удзельнічаў у Вялікай Айчыннай вайне, мае баявыя ўзнагароды. Дэмабілізаваўся ў 1947 годзе і пачаў працаваць выкладчыкам беларускай мовы ў Свіслацкай школе Гродзенскай вобласці. Але ў 1949 годзе быў безпадстаўна арыштаваны. Шэсць гадоў правёў у працоўных лагерах на Далёкім Усходзе. У 1963 годзе рэабілітаваны.
З 1956 года ён вяртаецца працаваць ў школу. Завочна паступае на філфак ў Гродзенскі педінстытут, затым ў аспірантуру Мінскага педінстытута. Паколькі ў вялікую навуку ён прыйшоў з 17-гадовым настаўніцкім стажам, яго метадычкі па выкладанні мовы былі вельмі карыснымі для настаўнікаў школ. Яго цытаваў нават акадэмік А.В.Цекучоў у кнізе «Методыка выкладання рускай мовы ў сярэдняй школе».
З 1971 года Іван Якаўлевіч Лепешаў пачынае навуковую і выкладчыцкую дзейнасць у Гродзенскім педінстытуце (з 1973 — дацэнт, з 1986 — прафесар, доктар філалагічных навук —1985 год).
За тры дзесяцігоддзі адным чалавекам створаны такі аб’ём навуковай прадукцыі, якім мог бы ганарыцца нават цэлы творчы калектыў. Гэта і манаграфіі, і слоўнікі, і навучальныя дапаможнікі, і метадычныя распрацоўкі, і шматлікія навуковыя і публіцыстычныя артыкулы ў зборніках і перыядычных выданнях.
Увогуле навуковец стаў аўтарам 47 кніг, у тым ліку і двухтомнага «Слоўніка фразеалагізмаў». Ён прадаставіў нам магчымасць карыстацца вялікім скарбам па захаванні і вывучэнні роднай мовы.
У адным з інтэрв’ю ён сказаў:
— За славай я ніколі не гнаўся. Каму трэба, той убачыць мае лінгвістычныя дасягненні. Мяне больш хвалюе лёс нашай нацыі, лёс нашай мовы ў гэты трывожны час…
Іван Якаўлевіч Лепешаў памёр у кастрычніку 2014 года, не дажыўшы да 90-годдзя ўсяго некалькі дзён.
Творчыя дасягненні І.Я.Лепешава можна назваць навуковым подзвігам. Галоўны дэвіз яго жыцця — тварыць, тварыць. Тварыць для таго, каб жыла і ўмацоўвалася родная мова, каб зберагчы яе для нашчадкаў у сваёй роднай краіне.