Дубровенскія гаспадынькі прапануюць рэцэпты страў на Масленіцу.

Масленіца — гэта гарэзлівае і вясёлае развітанне з зімой і сустрэча вясны, якая нясе ажыўленне прыродзе і сонечнае цяпло. Людзі спрадвеку ўспрымалі вясну
як пачатак новага жыцця і шанавалі Сонца, якое дае жыццё і сілы ўсяму жывому.
Галоўная страва свята — бліны, якія пяклі ўвесь тыдзень. Бліны былі рознага гатунку: бульбяныя, яечныя, грэцкія, пшанічныя, аўсяныя. Начынка іх можа быць самай рознай, галоўнае — смачнай і багатай.
Сваімі рэцэптамі дзеляцца ўдзельнікі народнага калектыву беларускай кухні, гульні і фальклору «Дубровенскія прысмакі» раённага Дома культуры.

Рэцэптад Антаніны Марозавай
агр. Калінаўка.
Страва «Чачоха».
Чачоха — гэта просты сялянскі блін, які гатавалі як у святы, так і ў паўсядзённыя дні. Бралі 2 -3 шт. яйкі, 2 сталовыя лыжкі смятаны, 250-300 мл. сыроваткі,100 г. мукі, 0,5 чайнай лыжкі соды, соль і цукар па смаку.
Яйкі трэба добра ўзбіць, дабавіць смятану, сыроватку, соль і цукар. Добра ўсё перамяшаць, дадаць соды. Калі смятана і сыроватка не кіслыя, то соду трэба пагасіць. Прасеяную муку дабаўляць часткамі, каб не было камочкаў. Патэльню змазаць алеем, выліць цеста ў патэльню і выпякаць да залацістай скарыначкі. Гатовы блін змазаць сметанкавым маслам.

Каб прыгатаваць «Бліны тоўстыя» па рэцэпту Тамары Сіняковай з аг. Ляды, трэба ўзяць 300 г. мукі, 1,5 шклянкі малака або вады, 1 яйка, 1 чайную лыжку цукру, 20 г. дражджэй, 2 шт. бульбы, 2 сталовыя лыжкі сметанковага масла для цеста, соль, алей для змазвання патэльні.
Для рошчыны падагрэць 2/3 малака, развесці дрожджы, усыпаць палавіну мукі, размяшаць і, накрыўшы ручніком, паставіць у цёплае месца на 1-1,5 гадзіны.
Калі рошчына паднімецца, дабавіць цукар, соль, яйка, растопленае сметанковае масла, астатнюю муку і малако. Добра вымешаць і даць цесту падысці, праз час яшчэ раз перамяшаць і пакінуць у цяпле.
Як толькі цеста падыйдзе, дабавіць дробна нацёртую сырую бульбу, перамяшаць і адразу выпякаць бліны. Падаваць іх трэба з мачанкай.

А вось Валянціна Бязносенка з Расасна прапануе прыгатаваць да Масленіцы сыр «Смакацень».
Тры літра малака падсаліць і давесці да кіпення на пліце. Варыць на сярэднім агні. Дадаць два свежых яйкі, змяшаць і дабавіць 50 мл.воцату. Калі закіпела — сабраць гатовую масу на друшляк, працадзіць, дадаць тмін, мак, зеляніну па густу. Зрабіць сыр у форме бруска і пакласці пад гнёт.

А калі сыр даходзіць да ладу, можна прыгатаваць і «Ладкі з макам».
400 гр мукі прасеяць у міску, дадаць 2 шклянкі сыраквашы, 1 чайную лыжку соды, дзве чайныя лыжкі цукру, соль. Усё добра змяшаць і даць пастаяць 15 хвілін. Выпякаць на патэльні на маленькім агні. Ладкам даць астыць 5 хвілін.
Пакуль ладкі стынуць, робім макалку. 400 гр смятаны добра змяшаць з 4 сталовымі лыжкамі цукру і 2-3 лыжкамі маку. Дадаць трошкі сухога чабору для паху.
Кожную ладку абмакаць з абедзьвух старон і скласці ў гліняны посуд. Даць ладкам настаяцца.
Смачнай вам Масленіцы, землякі!

Наталля ЕСЛІКАВА,кіраўнік калектыву «Дубровенскія прысмакі».